В тире Ушачской школы прошли районные соревнования по пулевой стрельбе среди 13 команд организаций

Cпорт

“Відаць, засумавалі ўшачане па спартыўных эмоцыях за час эпідэмічных праблем ды агароднага сезона”, – так тлумачыў прыемную масавасць на раённых спаборніцтвах па кулявой стральбе іх галоўны суддзя Пётр Варатынскі. І сапраўды, заяўкі для ўдзелу ў першынстве падалі 13 каманд ушацкіх прадпрыемстваў і арганізацый, а інтрыга, як і мае быць, трымалася да апошняга стрэлу.

Выключна фаварыты сфарміравалі прызавую тройку ў асабістым мужчынскім заліку. Набраўшы па 45 балаў, “срэбра” і “бронзу” заваявалі адпаведна выкладчыкі фізкультуры з Арэхаўскай і Ільюшынскай школ Уладзімір Магілін і Віктар Акулёнак – размеркавалі іх па прыступках п’едэстала толькі дадатковыя паказчыкі. Лепшым жа з 46 ачкамі стаў Уладзімір Аўдошка з УП ЖКГ.

Каманда УП ЖКГ.

А вось у жанчын адбылася сенсацыя. “Літаральна напярэдадні спаборніцтваў мяне папрасілі закрыць “вакансію” ў нашай камандзе, – расказвае прадстаўніца раёна электрасетак Людміла Андзіна. (на здымку) – Высокіх мэт не ставілі: я ж ніколі не займалася стральбой. Але, відаць, спрацавала правіла, што навічкам шанцуе, і мае кулі паляцелі “ў яблычак”. З 45-ю ачкамі Людміла стала лепшай, на два балы адсталі ад яе Ірына Шчукіна з райвыканкама (ІІ месца) і Анжаліка Хахлова з камунальнага прадпрыемства (ІІІ). “Вельмі цікавыя спаборніцтвы! Рада, што не падвяла калег, – падзялілася эмоцыямі ўладальніца “бронзы”. – Трэба сказаць, што мы спецыяльна рыхтаваліся да спаборніцтваў, правялі тры трэніроўкі ў ціры, а ў каманду адабраліся тыя, хто паказаў лепшыя вынікі”.

Такі грунтоўны падыход даў плён: камунгасаўцы, за якіх выступаў таксама малады зваршчык Яраслаў Свідзінскі, першынствавалі ў агульнакамандным заліку. Толькі два ачкі саступіла ім зборная Арэхаўскай школы, гонар якой апроч У.Магіліна адстойвалі Уладзімір Захарэнка і Крысціна Голубева. Трэцяе месца ў каманды сектара спорту і турызму райвыканкама ў складзе Андрэя Жыткова, Рамана Фядосенкі і Наталлі Раманоўскай. Толькі двух балаў не хапіла да прызавой тройкі энергетыкам, пятымі сталі стралкі з Ушацкай СШ. Не ўсё атрымалася ў гэты раз у моцных і амбіцыйных каманд “Лясных азёр”, РАУС, РАНС, Дэпартамента аховы, медыкаў, культработнікаў, але яны абавязкова праявяць сябе ў наступных спаборніцтвах.



1 комментарий по теме “В тире Ушачской школы прошли районные соревнования по пулевой стрельбе среди 13 команд организаций

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *