Рассказываем, как прошёл 6-й фестиваль экстремальных видов спорта «ЭкстримПрорыв» в Ушачах

Cпорт Главное

Ва Ушачах адгрымеў шосты па ліку «ЭкстрымПрарыў». З кожным годам наш брэндавы фестываль экстрэмальных відаў спорту набірае ўсё большы размах і папулярнасць, што і нядзіўна, бо абсалютна выйгрышнай была сама ідэя сабраць разам у маляўнічых ушацкіх мясцінах аматараў вострых адчуванняў і драйвовай музыкі. “Усё будзе яшчэ больш ярка, маштабна і ўражліва: рыхтуйцеся да сюрпрызаў!”, – інтрыгавалі арганізатары напярэдадні фэсту. А тут яшчэ і нябесная канцылярыя прыбрала свае свінцовыя хмары: напэўна, чуткі пра тое, што ва Ушачах плануецца нешта вельмі цікавае, дайшлі да самых вышынь – і сапсаваць такую падзею было б недаравальна!

Ахапіць неабсяжнае – менавіта так можна ахарактарызаваць насычаную спаборніцка-паказальную праграму. Віды спартыўнага экстрыму праходзілі адначасова на 6 лакацыях, спартсмены з розных гарадоў Беларусі і Расіі высвятлялі мацнейшых у 11 дысцыплінах, прычым у шэрагу з іх разыгрывалася па некалькі камплектаў узнагарод. Не тое што арганізаваць, а нават расказаць пра ўсё гэта праблематычна – але мы паспрабуем.

Гул матораў і танцы на матацыкле

На цэнтральнай плошчы гарпасёлка па традыцыі размясціліся картынгісты. Сёлета спаборніцтвы прайшлі ў новым фармаце, замест асабістых заездаў быў аб’яўлены камандны Кубак Беларусі, на які заявіліся 15 зборных. Гледачы на цэнтральнай плошчы назіралі, як спартсмены лоўка кіруюць картамі і абмінаюць фішкі. Лепш за ўсё гэта атрымалася ў мінчан. На прыгаданай лакацыі ў другі раз у рамках фестывалю прайшлі спаборніцтвы па мотаджымхане. Гэта выпрабаванне на час, у якім удзельнікі на матацыклах спаборнічаюць у манеўраванні на асфальтавай пляцоўцы сярод перашкод-конусаў. А вось у такой цяжкай для вымаўлення дысцыпліне, як стантрайдынг, прыйшлося абмежавацца паказальным выступленнем. Гэты від спорту пакараецца не кожнаму. Чаго ўжо дакладна не скажаш пра гамяльчаніна Уладзіміра Пятрова – на яго “танцы з матацыклам” можна глядзець бясконца. Практычна кожны дастаў тэлефон, каб засведчыць выступленне.

“Праехаць стоячы, спіной наперад, на адным коле, у час руху зрабіць кувырок, пастаяць на галаве – вядома ж, такія трукі навічок не зробіць, і мне давялося не адзін год трэніравацца, каб здзіўляць публіку. Але гэта таго варта!”, – прызнаўся стантрайдар.

А ў наваколлі Віцебскай ля спарткомплексу ўвесь суботні дзень праходзіў Адкрыты Кубак Рэспублікі Беларусь па эндура-кросе. “Смелыя і адчайныя!” – казалі гледачы пра ўдзельнікаў гэтай дысцыпліны мотаспорту, якая прадугледжвае агрэсіўны стыль язды па бездаражы і спецыяльных трасах – менавіта такую абсталявалі арганізатары ля “Юнацтва-Ушачы”. Праехаць праз бярвёны і калодкі, пераскочыць праз канаву, пераадолець гразь, прызямліцца з трампліна – такія складанасці ў гэтых смельчакоў, здаецца, выклікалі толькі задавальненне. У заездах удзельнічалі як юныя, так і вопытныя спартсмены. Не абыходзілася без паломак, дробных траўм і сходаў з дыстанцыі, але ж гэта не гульня ў шашкі, а экстрым!

Да перамог – па бездарожжы

Самым папулярным экстрэмальным відам на фестывалі можна лічыць пазадарожнае мнагабор’е. Менавіта ў гэтай дысцыпліне аказалася лічы што самая вялікая колькасць удзельнікаў. Бліжэй з імі пазнаёміцца ўшачане і госці раёна маглі на спецыяльнай выставе тэхнікі. Традыцыйна выйшлі на старт квадрацыклы, пазадарожнікі. І калі ў адных гэта былі спецыяльна аснашчаныя для такіх мэт аўто, іншыя не пашкадавалі і вырашылі выпрабаваць звычайныя “Таёты” і “Нісаны”.

Стартавалі спартсмены ад комплексу і рушылі на лакацыю ля былога льнозавода. Выпрабаванні іх чакалі з першых хвілін: некаторым не адразу ўдалося лёгка пераадолець роў ля вадаёмаў на Віцебскай.

Сімвалічна, што ў Год беларускай жанчыны ў складзе экіпажаў былі і прадстаўніцы прыгожай паловы. Вольга Новікава і Святлана Байдакова заявіліся на гонку фармату RFC – адно з самых складаных выпрабаванняў, якое аб’ядноўвае ўсе дысцыпліны пазадарожнага спорту. А вось правілы простыя: на кожны ўчастак адводзіцца 15 хвілін, толькі ўкласціся ў ліміт атрымліваецца не ў кожнага.

Вольга Новікава: “На фестывалі ўсё выдатна арганізавана і прадумана, бачна, што з душой! Прыехалі ва Ушачы на два дні, але хочацца тут затрымацца даўжэй. Незалежна ад выніку заездаў мы ў захапленні, тут асаблівая атмасфера сяброўства і саперніцтва!”

Упершыню на “ЭкстрымПрарыве” з’явіўся трэк-трыял. Від, якога ў Беларусі не было больш за 20 гадоў. Прадстаўнікі каманды “URAL MOTORSPORT”, якія пераадолелі да Ушач немалую адлегласць, спадзяюцца, што іх удзел паспрыяе развіццю гэтага віду ў нашай краіне. Выглядалі ярка-аранжавыя грузавікі велічна і магутна, а члены іх экіпажаў аказаліся вельмі дружалюбнымі.

Супер-хуткасць на каварных віражах

Ну а які ж “ЭкстрымПрарыў” без нашага любімага ралі-спрынту? На гравійках, дзе дрэвы стаяць у сантыметрах ад дарогі, пілоты гэтай дысцыпліны развіваюць хуткасць звыш 180 кіламетраў у гадзіну, ліха праходзячы небяспечныя павароты. Прынамсі, траса трэцяга этапу Кубка Беларусі, якая пралягала паміж Рагуцкімі і Замошшам, аказалася каварнай: баявыя экіпажы з’язджалі ў кувет і нават пераварочваліся. Пачуўшы, як па рацыі абмяркоўваюць такі эпізод, медыкі “хуткай дапамогі”, якія ўпершыню абслугоўвалі падобныя спаборніцтвы, сабраліся імчаць на выручку, але арганізатары іх спынілі: “Не трэба: хлопцы паказалі знак “Ок”. А ўвогуле ў нас гэта штатная сітуацыя”.

Гонка сапраўды аказалася экстрэмальнай, затое гледачам з навакольных вёсак было што абмеркаваць. Нам жа пасля гэтай лакацыі прыйшлося пераапранаць белыя футболкі і праціраць ад пылу аб’ектывы фотакамер. Што да вынікаў, то сенсацый тут не адбылося: у абсалютным заліку на п’едэстал узняліся аж тры прадстаўнікі самай вядомай беларускай гоншчыцкай сям’і. Кіраўнік каманды “МАЗ-СПОРТаўта”, прызёр “Дакара” Сяргей Вязовіч на ўшацкім этапе ў якасці штурмана выпрабаваў свайго сына Кірыла: дэбютант зорнага бацьку не падвёў! А вось у кабіне “Mitsubishi Lancer” Андрэя Галабародзькі штурманскае крэсла раптоўна аказалася вакантным: штатны напарнік гоншчыка Аляксей Крэктун атрымаў траўму і не змог выйсці на старт, але сітуацыю выратавала Марыя Вязовіч, якая яго дастойна замяніла і разам з пілотам узяла “срэбра” ў “абсалюце”. Прадказальнай стала і “бронза” экіпажа Дзмітрыя Мезіта і Паўла Кулуева, якія таксама выйгралі “золата” ў заліку монапрывадных аўтамабіляў.

Сяргей Вязовіч: “У рэгіёнах пабобныя мерапрыемствы праходзяць больш душэўна, чым у вялікіх гарадах, людзі прымаюць нас вельмі цёпла. Хочацца адзначыць адміністрацыю Ушацкага раёна, якая заўсёды моцна дапамагае ў арганізацыі гонак, лагістыцы, пражыванні, заўжды адкрыта для супрацоўніцтва”.

На разборцы рукаборцаў

Калі назіралі за тым, якую глядацкую цікавасць выклікалі спаборніцтвы па армрэстлінгу, міжволі задаваліся пытаннем: чаму гэты “ўшацкі” від толькі зараз дэбютаваў у праграме фестывалю? Не надта складаны ў арганізацыі, ён пры гэтым вельмі відовішчны.

Да таго ж, ушачанам тут было за каго перажываць. “Калі даведаўся, што будзе такі турнір, вельмі захацелася выйсці на пляцоўку – як у далёкія школьныя часы, калі займаўся ў Ігара Уладзіміравіча Клімашэўскага і атрымаў званне кандыдата ў майстры спорту”, – падзяліўся з намі ўдзельнік паядынкаў Уладзімір Корабаў. А вось майстра спорту Валерыя Сматрова мы заўважылі сярод гледачоў. “Да апошняга не ведаў, ці змагу трапіць на фестываль, таму на турнір не заявіўся – але абавязкова пастараюся зрабіць гэта ў наступны раз!” – паабяцаў наш зямляк. Сёлета ж ярка блістаў на пляцоўцы яшчэ адзін ушацкі выхаванец Васіль Харак, які быў удзельнікам армфайтаў – паядынкаў паміж лепшымі беларускімі рукаборцамі і зоркамі праекта “Арматура” (гэты расійскі прамоўшн стаў арганізатарам спаборніцтваў). Вася ў выдатным стылі перамог свайго апанента.

Упартай была барацьба ў галоўным паядынку армфайтаў, дзе сышліся беларус Вячаслаў Шараговіч і расіянін Сяргей Токараў – крыху мацнейшым аказаўся госць нашай краіны. Аднак і сям’я Шараговічаў святкавала ў гэты дзень перамогу: у спаборніцтвах 18-гадовых спартсменаў “золата” заваяваў сын Вячаслава Назар. Дарэчы, на турніры ў юнака былі персанальныя балельшчыкі з вёскі Садкі: за ўнука перажывалі Лілія Нішчык і Аляксандр Пасканенкаў.

“Вельмі рад пабываць у вашым пасёлку! Здзівіўся яго прыгажосці, чысціні, а яшчэ тут вельмі прыемныя людзі!”, – не шкадаваў кампліментаў зорны армрэстлер Дзяніс Цыплянкоў і выказваў жаданне прыехаць да нас яшчэ.

 

Волаты супраць машын

У многіх ушачан фестываль асацыіруецца ў першую чаргу з сілавым турнірам, і яны з нецярпеннем чакаюць новай сустрэчы з асілкамі, загадзя займаюць зручныя месцы ў глядацкай зоне. У гэтым годзе турнір у рамках “ЭкстрымПрарыва” праводзіўся ў пяты раз, а таму арганізатары хацелі здзівіць, парадаваць публіку чымсьці новым – і ім гэта ўдалося! Сёлета від яшчэ больш умацаваў свой міжнародны статус – ва Ушачы прыехала нямала расійскіх атлетаў, а перад пачаткам аднаго з цэнтральных відаў праграмы прагучалі гімны дзвюх братэрскіх краін, прычым, з-за невялікай тэхнічнай замінкі спявалі іх прысутныя акапэльна! Але гэта нікога не засмуціла, а наадварот – аб’яднала!

Сваю сілу і моц паказвалі 11 спартсменаў. Гэта на памосце каларытныя волаты з неахопнымі біцэпсамі становяцца сапернікамі, а ў жыцці яны – добрыя сябры. Турнір праходзіў пад дэвізам “Людзі супраць машын”, і амаль усе практыкаванні былі звязаны з аўто. Атлеты цягнулі пазадарожнік, зрушвалі з месца 10-тонны МАЗ, пераносілі розныя дэталі ад машын. Магчыма, на фота здаецца, што яны невялікія, а насамрэч мост, балка, блок цыліндраў і шына ад трактара – зусім нялёгкая ноша! Няпростым выпрабаваннем стала “Фермерская прагулка”: асілкам у дзвюх руках трэба было перанесці снарады вагой 130 кілаграмаў кожны. Дарэчы, менавіта ў названым практыкаванні спартсменам было прапанавана ўстанавіць рэкорд, павялічыўшы вагу да 170 кг. Паспрабаваць згадзіліся трое. І вось ёсць рэкорд: сілач з Віцебска Яўген Шаўчанка пранёс 340 кілаграмаў 20 метраў за 15 секунд! Самы моцны настаўнік гісторыі запомніўся ўшацкай публіцы сваім бліскучым выступленнем на папярэднім фестывалі. Ну а абсалютным пераможцам сілавога турніру стаў Сяргей Апрышка з Кубані, які дэбютаваў на нашым фэсце летась і з вялікім задавальненнем зноў прыехаў ва Ушачы.

Захапляльнымі аказаліся і конкурсы для гледачоў: мужчыны спрабавалі пранесці цяжкія “чамаданы”, а прыгожай палове было прапанавана штурхаць квадрацыкл. І адны, і другія справіліся, атрымаўшы ў падарунак брэндавую прадукцыю фестывалю.

Яўген Шаўчанка: “У мінулы раз быў вельмі ўражаны ўшацкай публікай, цёплай падтрымкай, а таму захацелася выступіць тут зноў. Лічу, каб атрымаць дозу адрэналіну, драйва, эмоцый, не трэба ўжываць спіртныя напіткі, а лепш заняцца сапраўднымі мужчынскімі відамі спорту кшталту сілавога экстрыму ці гонак”.
Асобна хацелася б адзначыць арганізатара сілавых відаў нашага земляка Аляксандра Лабаня, які выйграў спаборніцтвы трох першых “экстрымаў”, і ўжо ў другі раз пакінуў такую магчымасць для іншых, а сам выдатна справіўся з роляй вядучага.

Знайшліся прыхільнікі і ў турніра па змешаных баявых адзінаборствах, які складаўся з 12 паядынкаў. У ім спрабавалі свае сілы спартсмены з розных гарадоў Беларусі. А самым відовішчным стаў бой сярод дзяўчат. Чэмпіёнкі па кікбоксінгу і грэмплінгу Наталля Бурдзільная і Аміна Драбянкова з першых секунд паказалі настрой на бескампрамісны паядынак. “Такія сябе не дадуць пакрыўдзіць”, – каменціравалі балельшчыкі і выказвалі сімпатыю ў адрас рашучых дзяўчат. У выніку напружанай барацьбы перамогу ў сваю скарбонку паклала 15-гадовая Аміна.

Палёты над хвалямі

Званне ж самай рамантычнай лакацыі фэсту традыцыйна пакінула за сабой Вечалле. Сёлета на яго берегах разгарнуўся як ніколі вялікі палатачны гарадок, і ў другой палове суботняга дня жыццё тут ішло ў звыклым турыстычным рытме: гучалі летнія шлягеры, струменіўся смачны пах шашлыкоў, а пляж устанаўліваў сезонны рэкорд запаўняльнасці. Калі ж пачаліся фінальныя заезды прадстаўнікоў водна-маторнага спорту, гледачы рушылі на бераг. Вышэй мы прыгадвалі хуткасныя рэкорды ралійшчыкаў, але ім практычна не саступаюць гоначныя глісеры і скуцеры, асаблівая канструкцыя якіх дазваляе суднам літаральна ляцець над паверхняй вады.

“Лодкі – захапленне не аднаго пакалення маёй сям’і: калісьці ў зборную СССР уваходзіў бацька, а зараз лётаюць па хвалях і мае дзеці”, – прызнаўся нам пераможца спаборніцтваў – старшыня Беларускай федэрацыі водна-маторнага спорту Сяргей Вітвіцкі.

Не менш відовішчнымі былі і заезды вейкбардзістаў, у якіх канкурэнцыю беларусам склалі пскоўскія спартсмены, прычым расіянін Стас Ягораў нечакана адабраў “золата” ў фаварытаў. Ну а лепшы трук над хвалямі прадэманстраваў беларус Ігнат Седанаў.

Сяргей ФАМІН, арганізатар спаборніцтваў: “Старт атрымаўся даволі масавым: свае праграмы ў розных намінацыях паказалі каля трох дзясяткаў вейкбардзістаў. Стараемся апраўдваць званне аднаго з базавых відаў фэсту!”.

Шоу пад аблокамі і любімыя хіты

Запомніцца фестываль не толькі спаборніцтвамі, а і многім іншым. Кожны адразу прыгадае неверагодныя паказальныя выступленні флайбардыстаў “Лётаючыя людзі”, якія прыехалі ва Ушачы ажно з Ніжняга Ноўгарада. На невялікім вадаёме ля спарткомплексу яны двойчы – увечары і днём – паказалі воднае шоу, якое, напэўна, стала самым рэзанансным момантам насычанай праграмы.

Шмат цікавага падрыхтавалі арганізатары і для меламанаў. На вялікай сцэне выступілі маладзёжныя гурты “O’scale” і “VARZAN ROOMEE KAPSHUL”, усе дружна падпявалі любімыя хіты, калі на сцэну выйшаў кавер-гурт “Мята” і, канечне, цёпла сустрэла публіка хэдлайнера – расійскую групу “Горад 312”.

Аніматары, атракцыёны, вялізная зона фуд-кортаў, гандлёвыя рады, незлічоная колькасць забаўляльных пляцовак – для кожнага тут знайшоўся занятак. Яркім фіналам шостага фестывалю экстрэмальных відаў спорту сталі салют і вогненнае шоу.

Марыя і Віктар Аніськовічы, г.Наваполацк: “Былі на трох апошніх фестывалях і зазначым, як моцна вырас яго ўзровень. Не заўважылі ніякіх недахопаў. Дзякуй арганізатарам за маштаб, добры настрой і выдатны уік-энд!”.

  • Сяргей ЦІХАНЁНАК, начальнік сектара спорту Ушацкага райвыканкама: “Шосты “ЭкстрымПрарыў” стаў гісторыяй. Лічу, што нам удалося яшчэ вышэй узняць планку мерапрыемства, і хачу прыгадаць тых, хто дапамог ператварыць гэты праект у рэчаіснасць. Cёлета ў фестываля з’явіліся генеральныя спонсары – Прэзідэнцкі спартыўны клуб і РУП “Беларускія латарэі”. Сваю лепту ўнеслі таксама партнёры і афіцыйныя спонсары: ТАА “Гранд-Аўтахаўс”, “САІР-АЎТА”, “Мірамет”, “ФораАп”, будаўнічая кампанія “Вектар А”, рэгіянальная дырэкцыя па Віцебскай вобласці ААТ “Белаграпрамбанк”, Водна-аднаўленчы цэнтр, Ушацкая СДЮШАР. Шчыра дзякуем усім арганізацыям раёна, якія дапамагалі ў правядзенні мерапрыемства, і канечне, ушачанам, гасцям Ушаччыны за цікаўнасць і цёплыя водгукі, якія натхняюць нас на новыя ідэі і здзяйсненні”.

Вольга КАМАРКОВА,
Наталля БАГДАНОВІЧ,
Анастасія ПОЛАЗАВА.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *