На открытом осеннем турнире по дзюдо мерились силами воспитанники Ушачской и Лепельской детско-юношеских спортивных школ

Cпорт Наши дети

Сёлетні адкрыты восеньскі турнір сабраў на татамі хлопчыкаў 2004-2005 гадоў нараджэння з Лепельскай і Ушацкай ДЮСШ. «З задавальненнем прынялі запрашэнне прыехаць на спаборніцтвы ў ваш райцэнтр. Усім вядомы высокі ўзровень падрыхтоўкі ўшацкіх дзюдаістаў, і нам было цікава праверыць сваіх выхаванцаў у складаных паядынках», — адзначыла трэнер лепяльчан Галіна Мікалаеўна Папова. Яна таксама падкрэсліла, што паміж нашымі школамі адзінаборстваў існуюць даўнія і плённыя сяброўскія сувязі. Дарэчы, былыя выхаванцы Лепельскай і Ушацкай ДЮСШ Сцяпан Папоў і Анастасія Архіпава (Ляшкова) заваёўваюць залатыя медалі для беларускай зборнай па самба: летась Сцяпан (сын і выхаванец Галіны Мікалаеўны) стаў чэмпіёнам свету, а Насця — пераможцам Універсіяды і сёлетняга сусветнага кубка. Ну а закладваюцца будучыя поспехі менавіта на такіх вось маленькіх турнірах — гэта аптымальны фармат для 10-гадовых дзяцей, бо падчас буйных і працяглых яны стамляюцца.

Выказаў свае ўражанні і бацька аднаго з удзельнікаў лепельскай каманды Вадзім Лаўрыеў, які ў свой час атрымліваў ва Ушачах узнагароды за спартыўныя перамогі, а зараз суправаджае сына Івана. Ён асабліва адзначыў добрую арганізацыю спаборніцтваў, тую непадробную зацікаўленасць, якую праяўляе да гэтага віду спорту дырэктар Ушацкай ДЮСШ І.У.Клімашэўскі. «Здавалася б, невялікая дэталь — спецыяльна заказаныя Ігарам Уладзіміравічам для турніру медалі з адпаведнай гравіроўкай, а якую каштоўнасць яны маюць для хлопчыкаў, асабліва тых, хто атрымаў такі трафей упершыню. Гэта ж будзе памяць на ўсё жыццё! Да слова, на апошнім больш буйным гарадскім турніры, дзе давялося ўдзельнічаць, пераможцаў адзначылі толькі дыпломамі», — падзяліўся сваімі меркаваннямі лепяльчанін. Дарэчы, Іван Лаўрыеў бацьку і трэнера не падвёў — атрымаў упэўненую перамогу ў вазе 32 кілаграмы. Астатняе ж «золота» трапіла ў скарбонку ўшачан: мацнейшым у самай лёгкай катэгорыі (26 кг) стаў Аляксандр Кузьмін, Ягор Курбака перамог сапернікаў у катэгорыі 29, Максім Малак — 35, Іван Броўка — 38, а Ілья Каваленка — у катэгорыі 42 кілаграмы. На другую прыступку п’едэсталу ўзняліся Дзмітрый Федарэнка, Ілья Вяр’ясаў, Павел Качан і Дзмітрый Адамовіч, на трэцюю — Данііл Кузняцоў, Вадзім Хвошч, Антон Кісель і Данііл Сцежкін.

Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *