Бывшие воспитанники Ушачской СДЮШОР Илья Коваленко и Дмитрий Адамович стали чемпионами области по самбо

Cпорт

Мы заўсёды з цікавасцю сочым за новымі дасягненнямі былых выхаванцаў нашай спартыўнай школы. У гэты раз нагоду прыгадаць пра сябе далі Дзмітрый Адамовіч і Ілья Каваленка (на здымку), якія летась скончылі навучанне ў Наваполацкім вучылішчы алімпійскага рэзерву, а зараз з’яўляюцца першакурснікамі ПДУ імя Еўфрасінні Полацкай – атрымліваюць на гуманітарным факультэце спецыяльнасць выкладчыкаў фізічнай культуры.

Вядома ж, удасканальваюць хлопцы і сваё спартыўнае майстэрства, пра што сведчыць выдатнае выступленне на чэмпіянаце Віцебскай вобласці па самба, які днямі праходзіў у Оршы. “У спаборніцтвах па гэтым відзе барацьбы ўдзельнічалі ўпершыню – адгукнуліся на прапанову свайго першага трэнера Валерыі Мікалаеўны Джураевай, якая займалася з намі ва Ушацкай спартшколе, а зараз працуе ў абласным цэнтры алімпійскага рэзерву па адзінаборствах, – расказваюць спартсмены. – Выступленню папярэднічалі некалькі тыдняў напружаных трэніровак, падчас якіх адточвалі нюансы самба. Рыхтавацца дуэтам, канечне, вельмі зручна – не трэба шукаць спарынг-партнёраў. Не пагражаюць нашаму сяброўству і спаборніцтвы, бо выступаем у рознай вазе”.

У катэгорыі да 88 кг, у якую заявіўся Ілья, ён быў адным з самых лёгкіх, аднак перамог усіх сапернікаў, як кажуць, за яўнай перавагай. А вось Дзіму, каб “упісацца” ў вагу 79, давялося перад турнірам скідваць некалькі кілаграмаў. З задачай амаль справіўся, аднак перад стартам на вагах высвецілася лічба, літаральна на некалькі грамаў большая за патрэбную. Хлопец не разгубіўся – пасля 40-хвіліннай прабежкі датчык зафіксаваў норму. Праўда, дадатковая нагрузка адбілася стомленасцю ў час паядынкаў. Асабліва складана было ў фінале, калі на апошніх секундах сапернік, які адставаў толькі на бал, пайшоў у атаку і нават правёў прыём, аднак наш зямляк вельмі граматна ўхіліўся і суддзі не залічылі дзеянне – Дзмітрый утрымаў перавагу і выйграў “золата”!

Нашы барцы не толькі сталі чэмпіёнамі вобласці, а і выканалі нарматыўныя патрабаванні кандыдатаў у майстры спорту па самба Рэспублікі Беларусь і ўвайшлі ў склад зборнай каманды, якая прадставіць Прыдзвінне на рэспубліканскім першынстве. “Хочам адзначыць, што ўклад у поспех унесла і трэнер Ушацкай СДЮШАР Святлана Мікалаеўна Фядосенка, якая ў свой час нямала сіл уклала ў нашу падрыхтоўку”, – зазначылі спартсмены.

Ну а зусім хутка Ілья і Дзмітрый будуць абараняць гонар сваёй навучальнай установы на турніры па дзюдо ў рамках рэспубліканскай універсіяды, якая пройдзе ў алімпійскім спарткомплексе “Стайкі”. Пажадаем ушачанам поспеху!

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *