Футбольная команда Ушачского РФСК выиграла золото на турнире «Рождественская звезда» в Полоцке

Cпорт

Выдатна згуляла на полацкім турніры “Калядная зорка” футбольная каманда Ушацкага фізкультурна-спартыўнага клуба, якая складаецца з юнакоў 2009-2010 гадоў нараджэння.

У спаборніцтвах бралі ўдзел 10 клубаў. На групавой стадыі нашы хлопцы лёгка разабраліся з сапернікамі з Чашнікаў, другой полацкай каманды і мінскага “Чэмпіёна 2”, забілі 24, а прапусцілі ўсяго 1 мяч. Але на шляху ў фінал нашых землякоў чакаў самы сур’ёзны апанент – сталічная каманда “Фрунзенец”, з якой ва ўшачан заўсёды вельмі напружаныя паядынкі. Вось і гэтым разам нашы хлопцы забілі першымі, але мінчане з дапамогай фалоў змянілі ход гульні і перад фінальным свістком вялі 3:1. І тут ушачане здзейснілі маленькі футбольны цуд: у дададзеныя арбітрам дзве хвіліны зраўнялі лік і па лепшай розніцы мячоў прайшлі ў фінал! Сталічная каманда не магла змірыцца з такой крыўднай стратай і ледзь не справакавала бойку, так што суддзі давялося супакойваць футбалістаў і іх трэнераў. Абыграныя сапернікі нават запатрабавалі праверку – не верылі, што тэхнічным і фактурным ушацкім хлопцам па 12-13 год – але пашпарты пацвердзілі поўную легітымнасць каманды.

У фінале ўшачане лёгка адолелі “Полацк 1” і атрымалі заслужанае золата! Лепшым іграком нашай каманды стаў Мікіта Бадзякін, а самым карысным – Мікіта Жалейка. “Ганаруся хлопцамі! Ну а матч з “Фрунзенцам”, мабыць, быў самым лепшым за ўсю маю трэнерскую кар’еру! – такі каментарый даў нам настаўнік ушачан Раман Фядосенка. – Добрых слоў заслугоўвае кожны. Праявілі характар і даказалі ў першую чаргу самім сабе, што мы – сіла!”

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *