Імправізаваная пасека разгарнулася ў пятніцу – акурат на Мядовы Спас – у скверы па вуліцы Ленінскай у райцэнтры. На любімае многімі ўшачанамі, гасцямі нашага краю Свята мёду традыцыйна сабралася нямала пчаляроў.

“Гандаль сёння ідзе на славу, давялося тройчы за “дабаўкай” дадому бегаць”, – прызнаўся Пётр Цвяцінскі, на пасецы якога ў Старынцы зараз без малога два дзясяткі вулляў. Пчалярствам ушачанін займаецца ўжо больш дзесяці гадоў, не так даўно пародзістых матак завёў. Стабільную ж рэалізацыю салодкай прадукцыі яму дапамагалі забяспечваць на свяце ўнучкі Соня і Ліза. “Ніякія цукеркі не патрэбны, калі ёсць мёд. А які ён карысны!” – рэкламавалі дзяўчаты залацістае змесціва слоічкаў. Дарэчы, кошт паўлітровых практычна ва ўсіх пчаляроў быў у гэты дзень ніжэйшы за рыначны – 10 рублёў.
“У кожнага – свой густ, а таму прывезлі некалькі відаў мёду – майскі з разнатраўя, ліпавы, малінавы, – казала Таіса Бурак. – Пчол у нас не так многа (разам з мужам Мікалаем такім няпростым рамяством выключна для ўласных мэт пачыналі займацца), аднак сёлета яны пастараліся на славу – атрыманага “залатога” ласунку і самім, і на продаж хапае. У высокай яго якасці сумненняў не ўзнікае, бо побач з нашай пасекай у Шнітках ні вытворчых аб’ектаў, ні аўтадарог – толькі лугі з мноствам меданосаў”.

Радаваўся сёлетняму мёду і пчаляр з 29-гадовым стажам Мікалай Глінскі з Пяскоў. Калі добра працаваць, іншага выніку быць проста не можа – упэўнены ён. Першы ўраджай разам з жонкай Валянцінай, якая адказвае за рэалізацыю, сабраў даволі рана – яшчэ ў маі. “Асабіста я ем мядок і раніцай, і ў абед, і вечарам – лепшых лекаў ад хвароб не ведаю!” – прызнаўся мужчына.
Пра карысць мёду расказваў і Віктар Стукан. Вопытны пчаляр, веды якога па адзначанай тэме можна назваць энцыклапедычнымі, асабліва раіў ласункі з разнатраўя, а не аднакампанентныя – у іх і карысці больш, і смак зусім іншы. Ну а каб атрымліваць такі на сваёй пасецы ў Дарошкавічах, ён штогод падсявае маркоўнік, фацэлію, доннік. “Не так даўно распачаў вытворчасць сотавага мёду ў слоіках – наколькі мне вядома, такім на Ушаччыне больш ніхто не займаецца”, – інтрыгаваў мужчына.

Бойка ішоў гандаль на кропцы Вольгі Жураўлёвай і Соф’і Гара. У гэтым сезоне яны здымалі мядовы “ўраджай” на пасецы ва Увалоках ужо тройчы: у маі – з першацветаў, чэрвені – з маліны і каліны, ліпені – з кветак. Нямала знайшлося жадаючых паласавацца і грушамі з сада жанчын.
Не толькі мёд, але і саджанцы іглічных раслін, іншую прадукцыю прапаноўваў Ушацкі лясгас. Значным попытам карысталіся тут венікі для лазні – былі пакупнікі, якія адразу за 15-цю прыходзілі.
Шчыра дзякаваў кіраўніцтву раёна, культработнікам за прыгожае “мядовае” мерапрыемства штогадовы яго ўдзельнік Васіль Конан з вялікадолецкага Стараселля. У яго адна з самых вялікіх у раёне пасек, крылатыя працаўніцы якой сёлета прынеслі як мінімум у 1,5 раза больш мядку, чым звычайна.

Магчымасці сабрацца разам, абмеркаваць асаблівасці года радаваліся таксама Галіна і Анатоль Марковічы. “Сёння прыйшлі і даўнія аматары нашай прадукцыі, якую вырабляем у Арцюшках, а рэалізуем на рынку, і шмат новых стасункаў наладзілі”, – падкрэсліла жанчына.
“Я сёння не за пакупкамі, а за карыснымі падказкамі да пчаляроў прыйшоў, – падзяліўся ўшачанін Мікалай Фядосенка. – Сам нядаўна заняўся такім рамяством, тэорыі і практыкі пакуль малавата – вось і запаўняю “прабелы”.
Усім пчалярам арганізатары мерапрыемства падзякавалі за развіццё промыслу. Настаяцель храма святой велікамучаніцы Параскевы Пятніцы протаіерэй Вячаслаў Лобец па традыцыі асвяціў пчалярскі прадукт і ўдзельнікаў свята. Аўтарскі хлеб на заквасцы рэалізоўвала Людміла Дунец. Унікальныя вырабы прапаноўвалі супрацоўнікі Дома рамёстваў, народнага клуба “Адраджэнне”. І канечне, усё дзейства суправаджалася прыгожымі вакальнымі, харэаграфічнымі нумарамі ад культработнікаў і самадзейных артыстаў Ушаччыны.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.
