На усадьбе семьи Спиридович гармонично всё — от цветов до бани

Калейдоскоп

Дом па вуліцы Школьнай, 9 у вёсцы Старое Сяло раздзелены на дзве кватэры і адпаведна на два двары. І калі адзін не вылучаецца нічым адметным, то другі адразу звяртае на сябе ўвагу яркімі фарбамі кветак і ідэальным парадкам. Імкнуцца ж трымаць сядзібу ў дастойным выглядзе старанныя гаспадары – сям’я Спірыдовічаў.

Добраўпарадкаванне – справа не аднаго дня, клапаціцца пра парадак Ірына і Міхаіл сталі адразу, як толькі пасяліліся ў гэтым доме, і з кожным годам сядзіба паступова пераўвасаблялася. “Нічога звышнатуральнага ў нас няма, проста любім парадак, чысціню і каб усё было на сваіх месцах”, – зазначае гаспадыня, якую ўдалося застаць якраз за справамі агароднымі. Зрэшты, як на градках, у цяпліцы, так і ў палісадніку тут на працягу сезона не ўбачыш ніводнай лішняй травінкі. Заўсёды выкашана тэрыторыя сядзібы. Глядзяць гаспадары і далей сваёй агароджы: суседні ўчастак ужо не адзін год пустуе, і каб пустазелле не распаўсюджвалася і не псавала выгляд, пастаянна падкошваюць і яго. І калі гэтая місія ляжыць на плячах Міхаіла, то зразумела, што справамі кветкавымі загадвае Ірына. “Ужо шмат чаго адцвіло, зараз іх нямнога”, – зазначае яна, пры тым што ў цяперашні час на клумбах цвітуць аксаміткі, сальвіі, гладыёлусы, петуніі, цыніі, хрызантэмы розных сартоў. Выбар і месца размяшчэння кветак жанчына плануе загадзя так, каб яны сваім цвіценнем змянялі адна адну і гарманічна глядзеліся ў палісадніку. Прадумана гаспадары падыходзяць і да пасадкі новых пладовых дрэў, сёлета пад некаторымі з іх выраслі прыгожыя грыбочкі, праўда, не сапраўдныя, а вырабленыя з дрэва сынам Дзянісам. Хлопец таксама прымае ўдзел у навядзенні парадку і заўсёды дапамагае бацькам.

Сёлета сядзібу Спірыдовічаў прыкметна ўпрыгожыла і новая лазня ў выглядзе бочкі. Вырашылі не будаваць з нуля, а набыць гатовую “пад ключ”. “Такі варыянт зараз даволі папулярны і зручны – не трэба заліваць падмурак, паасобку набываць усе матэрыялы і траціць час на будаўніцтва. “Бочка” кампактная, цёплая, утульная. Падабаецца не толькі знешні яе выгляд, а і тое, што патрабуе мінімальную колькасць дроў і хутка награваецца”, – падзяліліся разважаннямі гаспадары.

Хоць і здаецца, што ўсё на гэтай сядзібе ўжо зроблена, завіхацца ў шматлікіх клопатах Ірына і Міхаіл яшчэ будуць да самых халадоў, а зімой ужо думаць пра чарговыя элементы добраўпарадкавання і новыя яркія фарбы.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *