Сітуацыя “першы раз у першы клас” у іх жыцці адбывалася двойчы: шмат гадоў таму, калі прыйшлі ў школу яшчэ вучнямі, а таксама на бягучым тыдні, калі атрымалі статус маладых спецыялістаў і прыступілі да працы ва ўстановах адукацыі Ушаччыны. Ну а перад гэтым прынялі ўдзел ва ўрачыстасці, на якой парадамі, падказкамі іх сустракалі раённае кіраўніцтва і будучыя калегі.
Сёлета ў наш раён размеркавана 14 выпускнікоў устаноў вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі педагагічнага профілю. Праўда, новы навучальны ў калектывах сустрэнуць не ўсе: двое зараз знаходзяцца ў дэкрэтным адпачынку.
Кадраваму папаўненню радуюцца ва Ушацкай СШ. Настаўніцай пачатковых класаў тут стала Паліна Курпіс, а выкладаць англійскую мову рыхтуецца Паліна Мацюшэнка.
– Ці хвалююся я на старце кар’еры? Напэўна, не: падчас вучобы ў ВНУ была неабходная педагагічная практыка, ды і ў гэтай школе мне ўсё знаёма, паколькі сама яе заканчвала, – прызнаецца апошняя.
Гэтак жа вярнулася на малую радзіму і ў родную ўстанову Ганна Рубіс – яна цяпер настаўніца пачатковых класаў Глыбачанскай СШ. Дзяўчына ўпэўнена: павесці па краіне ведаў самых маленькіх – надзвычай няпроста і адказна. Але ж праблем з гэтым не павінна ўзнікнуць – разам будуць прывыкаць адзін да аднаго: яна – да сваіх першакласнікаў, якіх усяго двое, а яны – да яе.
Чакаюць сустрэчы з малодшакласнікамі таксама Дар’я Дзям’янава, Аляксандра Князева, Караліна Трач, якія папоўнілі калектывы Арэхаўскай і Ільюшынскай школ. У раённым цэнтры дзяцей і моладзі знаёмяцца з выхаванцамі Мікіта Шуман і Анастасія Карпушэнка. У педагагічную сям’ю дзіцячага сада №3 г.п.Ушачы ўлілася Дзіяна Казакевіч, №4 – Дар’я Пачкаева і Дзіяна Якімава, а ў Вялікадолецкай школе выхавацелем дашкольнай адукацыі стала Юлія Савіцкая.
Падтрымаць маладых спецыялістаў сабралася нямала гасцей. Намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Міхайлавіч Ягораў выказаў спадзяванне, што ў калектывах прафесіяналаў яны хутка асвояцца, а на Ушаччыне спадабаецца – і пасля адпрацоўкі ўсе абавязкова застануцца ў нашым раёне.
Падчас сустрэчы маладых педагогаў пазнаёмілі з кіраўнікамі ўстаноў, работнікамі вучэбна-метадычнага кабінета, якія адказваюць за розныя накірункі дзейнасці. Парадавала інфармацыя пра выплату “пад’ёмных” для немясцовых спецыялістаў, якіх сёлета шмат, а таксама грашовыя бонусы, прадугледжаныя для членаў прафсаюзнай арганізацыі. Жыллёвае пытанне для ўсіх вырашана станоўча.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

