«Сильно привыкаешь, становимся родными». Соцработник Наталья Грабовская трудностей не боится и полностью посвящает себя работе

Общество

“Нас чакаюць Валерый Фёдаравіч Пячура і Аксана Аляксандраўна Галоўчанка – мае адзінокія падапечныя з Жывалакі. Аўторак – якраз іх дзень, хоць прадуктаў, дроў, вады я ім учора прынесла. Папрасілі раней, вось і “прагулялася” загадзя. У Гвазды да Уладзіміра Арсенавіча Шаўчэнкі бліжэй, толькі мы не даедзем туды на машыне. Часам мяняю графік па просьбе сваіх васьмярых пенсіянераў, якіх даглядаю”, – тлумачыць выбар маршруту сацыяльны работнік Наталля Дзмітрыеўна Грабоўская, з якой мы накіроўваемся разам, каб адчуць працоўныя будні.

А.Галоўчанка, Н.Грабоўская, В.Пячура.

Падапечныя аказаліся ненамнога старэйшымі за памочніка, толькі здароўя няма, каб выконваць нават элементарнае. Таму на Наталлі Дзмітрыеўне не толькі ўборка ды прадукты. Нядаўна вось ініцыіравала паклейку шпалер на кухні, прычым гаспадарам іх перадалі неабыякавыя людзі, як і тыя, што чакаюць да вясны, каб упрыгожыць залу. Нарыхтоўкі на зіму таксама робіць, сваіх памідораў прынясе проста так, у падарунак, і агрэст абярэ – вельмі смачны кампот атрымліваецца, а калі яшчэ і дольку лімона далучыць… Сама выдатная гаспадыня, агародніца і кветкавод, яна ахвотна дзеліцца ўсім, што мае, не толькі з сынам і дачкой, але і з тымі, каму дапамагае. Некаторых з іх, бо клапоціцца, як за малымі, шчыра называе дзецьмі. Як і яны яе.

Першыя падапечныя Н.Грабоўскай былі выключна з гарпасёлка. Калі аднойчы адна з іх трапіла ў бальніцу, Наталля Дзмітрыеўна праведвала яе штодня, прыносячы пачастункі і ўсё неабходнае. Бачачы, як цёпла размаўляюць адна з адной, суседка па палаце запыталася: “Гэта твая дачка?”. “Так, дачка ад дзяржавы”, – адказала бабуля. “Няпраўда, такіх сацыяльных работнікаў не бывае”, – не паверыла знаёмая.

Самым складаным для Наталлі Дзмітрыеўны ў новай рабоце, якая напаткала бліжэй да пенсіі, было пераламіць сябе. Адпрацавала 12 год загадчыцай дзіцячага сада ў Слабадзе, 14 – у зямельным аддзеле. Аграном па спецыяльнасці, яна вельмі любіла гэтую несядзячую, хоць і няпростую прафесію землеўпарадкавальніка, абслугоўваючы сто вёсак Сарочынскага і Вяркудскага сельсаветаў. А тут – памочніца. Некаторыя падапечныя нават не давалі былому работніку райвыканкама палавікі трэсці. Тлумачыла ім, ды і сама сабе, што нічога ганебнага ў гэтым няма, работа, як і многія іншыя, вельмі патрэбная, а значыць пачэсная. А ніякая фізічная праца яе не пужае, як і адлегласць, якую даводзіцца пераадольваць штодня.

– Смяюся, што і ў пачатку працоўнага шляху пешшу ў Жывалаку дабіралася – была начальнікам участка калгаса імя Леніна, і ў канцы – праз пару дзён магу выходзіць на адпачынак. Летам на веласіпедзе – наогул прыгажосць, дрэнна, што і тады гумовых ботаў не здымаю – змей многа. Па 6 кіламетраў туды і назад – адчувальна, аднак не праблема, ну а 2-3 для мяне – не адлегласць. Я і ў свой выхадны імкнуся не прапусціць пешых прагулак. У мяне толькі дзве бабулі ў маёй Слабадзе, усе астатнія ў аддаленых вёсках. Калі раней і Чарсцвяды былі, то з цёмным вярталася. Хоць і адведзена дзве гадзіны на гаспадарку, за часам не сачу. Справы зробіш, трэба абавязкова пагутарыць, гэта для кожнага не менш важна. Мне вельмі пашчасціла з падапечнымі – усе самастойныя, некапрызныя і непрыдзірлівыя, хоць і імкнешся ўсяляк дагадзіць. Старэйшай Анастасіі Мацвееўне Фамёнак 94 гады, але і есці сама прыгатуе, і нават памідоры даглядае, я спецыяльна расады больш саджу. А вось тут Лідзія Пятроўна Корсак жыла, якая зараз у прытулку ў Вяркудах. Вельмі добры чалавек, у вёсцы яе ласкава клічуць Лідачкай. – Наталля Дзмітрыеўна паказвае хатку сваёй былой падапечнай і на вачах выступаюць слёзы. – Многія старэюць і пераходзяць пад поўнае крыло дзяржавы. З некаторымі развіталася назаўсёды. Балюча гэта, моцна прывыкаеш, становімся роднымі. І гэта не пустыя словы. Кожны з маіх падапечных давярае ключы ад дома, кажуць, дзе грошы ляжаць, я ж прыходжу спраўляцца, печы тапіць і калі яны адлучаюцца. З іх дзецьмі падтрымліваем цесныя стасункі, колькі званкоў на Новы год было. Ды і ведаю амаль усіх з юнацтва – з 19 гадоў тут жыву. Слабадская старонка для мяне ўжо бліжэй, чым роднае Новае Сяло.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *