Теплый и праздничный рождественский концерт провели воспитанники и преподаватели воскресной школы прихода святых мучениц Минодоры, Митродоры, Нимфодоры

Культура

Сапраўды рабочым атрымаўся выхадны дзень 8 студзеня для выхаванцаў і выкладчыкаў нядзельнай школы прыходу святых пакутніц Мінадоры, Мітрадоры, Німфадоры. Пасля богаслужэння яны правялі канцэрт для прыхаджан храма, а потым паўтарылі яго для людзей з аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ў аграгарадку Вяркуды. Павіншаваў усіх са святамі, уручыў іконкі і салодкія пачастункі благачынны Ушацкай праваслаўнай акругі іерэй Аляксандр Таляронак з матушкай Вольгай. Не засталіся без падарункаў і выхаванцы нядзельнай школы. Яны атрымалі іх ад намесніка старшыні Ушацкага райвыканкама Анжалікі Анатольеўны Міранковай, якая неўпершыню рыхтуе за свае сродкі сюрпрыз для дзяцей.

Перад Новым годам у сацыяльных сетках Ушацкага благачыння праходзіла пазнавальная віктарына, прысвечаная Раству. Трэба зазначыць, што пытанні яе арганізатар Марыя Мікалаеўна Правада, адна з выкладчыкаў нядзельнай школы, падрыхтавала зусім няпростыя. А пераможцамі аказаліся ўсе, хто шукаў адказы і такім чынам пашырыў свае веды.
Святочныя ж дні з Раства працягнуцца да Вадохрышча. Менавіта ў гэты час сёстры міласэрнасці Ушацкага благачыння працягнуць уручаць ласункі дзецям з мнагадзетных, малазабяспечаных сямей, інвалідам. “Снягуркі” ўжо наведалі каля 30 сямей, а таксама дзіцячае аддзяленне бальніцы. Сродкі на падарункі сабраны падчас дабрачыннага каляднага кірмаша, які разгарнуўся ў праваслаўным храме ва Ушачах. Дарэчы, ён таксама працягвае працаваць да 19 студзеня – і ў вас яшчэ ёсць час прыняць удзел у дабрачыннай справе, набыўшы сувенір ці ахвяраваўшы сродкі на падарункі тым, хто абдзелены. Там жа разгорнута і выстава-продаж работ інвалідаў, такім чынам Ушацкае благачынне дапамагае рэалізаваць свае рэчы людзям з абмежаванымі магчымасцямі.

Вялікае шчасце, калі ты здаровы і ні ў чым не маеш патрэбы. Калядныя дні – выдатны час, каб прачуць гэта, дапамагаючы іншым.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *