Популярные имена — Владислав и Мария, количество браков уменьшилось, а их возраст — увеличился. Демография Ушачского района

Общество

Значнае змяншэнне колькасці нараджэнняў і шлюбаў, павелічэнне ўзросту жаніхоў і нявест, з’яўленне ў сем’ях пятага і нават шостых малышоў – такія дэмаграфічныя паказчыкі зарэгістраваны летась ва Ушацкім раёне. Падрабязней пра іх мы папрасілі расказаць начальніка аддзела загса райвыканкама Аляксандру Яўгенаўну СТУКАЛАВУ. Адразу падкрэслім, што прыведзеныя лічбы датычацца вынікаў работы органаў дзяржаўнай рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану нашага раёна і могуць не супадаць з данымі статыстыкі.

Хлопчыкаў крыху больш

Летась ва Ушацкім раёне зарэгістравана нараджэнне 56 малышоў, што на 34 менш, чым у 2021-м. Дарэчы, хлопчыкаў і дзяўчынак – прыкладна пароўну, з невялікай перавагай першых: 30 супраць 26. З іх 11 сталі першынцамі ў сем’ях, 22 – другімі дзецьмі, 14 – трэцімі, 5 – чацвёртымі, 1 – пятым, 3 – шостымі. Што не можа не радаваць, большасць нараджаліся ў поўных сем’ях – гэты паказчык у 2022-м склаў 85,7 працэнта (годам раней – 81,8). Сем нараджэнняў зарэгістравана адначасова з устанаўленнем бацькоўства (13).

Цікава, што самымі распаўсюджанымі імёнамі сярод хлопчыкаў сталі Уладзіслаў, Дзмітрый, Глеб, Павел, Кірыл, дзяўчынак – Марыя, Дар’я, Сафія, Паліна, Вікторыя. У разрадзе рэдкіх – Данііл, Багдан, Давід, Марк, Леанід, а таксама Веліміра, Сабіна, Агата, Мілана, Міраслава.

Некалькі слоў – пра “новаспечаных” бацькоў. Найбольшая колькасць дзетак – 28 – з’явілася ў жанчын ад 18 да 30 гадоў, 27 – ад 31 да 40, адна грамадзянка рашылася займець малыша ў 41. Самымі ж маладымі матулямі сталі дзве 19-гадовыя жыхаркі раёна. Што датычыцца тат, то ў пашпарце самага маладога значылася 22, а самага сталага – 53.

Палавінкі – цэлага часцінкі

На жаль, колькасць заключаных шлюбаў у нашым раёне таксама зменшылася: калі ў 2021-м марш Мендэльсона прагучаў для 65 новых сямейных пар, то летась – толькі для 50. Варта адзначыць, што ў 34 выпадках для аднаго ці абаіх маладых шлюб быў паўторным. Часцей на гэты крок ішлі прадстаўніцы прыгожай паловы: 28 з іх зноў сталі нявестамі, у той час як касцюмы жаніхоў апранулі 23 мужчыны. Было і тры пары, якія зарэгістравалі адносіны паўторна між сабой.

Сярэдні ўзрост жаніхоў і нявест склаў 37 і 35 гадоў адпаведна, што на 2 і 3 больш, чым у 2021-м. Самаму маладому мужчыну і самай маладой жанчыне на момант рэгістрацыі шлюбу было па 21. Народнае выслоўе “каханню ўсе ўзросты падуладныя” пацвердзілі ўшачане, якія афіцыйна аформілі адносіны ў 64 (жанчына) і 65 гадоў (мужчына). Асноўную частку шлюбаў традыцыйна склалі пары, у якіх жаніх старэйшы за нявесту. Адваротная сітуацыя – у 18 выпадках, дзе ўзроставая розніца на карысць прадстаўніцы прыгожай паловы была ад 1 да 16 гадоў.

Зарэгістравана два шлюбы з удзелам замежных грамадзян: Расійскай Федэрацыі і Азербайджана.

Нетрывалыя вузы Гіменея

Па-ранейшаму вострай застаецца праблема “карозii” iнстытута сям’i. Летась скасавала шлюб 41 пара, з іх 7 – аддзелам загса па ўзаемнай згодзе мужа і жонкі, якія не маюць непаўналетніх дзяцей і маёмасных спрэчак (у 2021-м было 8), 34 (42) – па рашэннях суда.

Як паказалі вынікі нядаўніх даследаванняў, на разлад у сем’ях беларусаў аказваюць уплыў няўстойлівае матэрыяльнае становішча, недастатковы ўдзел мужчын у выхаванні дзяцей, хатнія абавязкі, п’янства аднаго з бацькоў.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *