За свою жизнь уроженка Ушаччины Людмила Козовая многое сделала для земляков

Общество

Для чаго жыве чалавек? Кожны сам вызначае свае прыярытэты і часцей за ўсё на першае месца ставіць уласны дабрабыт і матэрыяльныя каштоўнасці. Зусім супрацьлеглым чалавекам была Людміла Пятроўна Казавая, якая назаўсёды пакінула светлую памяць пра сябе, дапамагаючы іншым людзям, можна нават сказаць, служачы ім. Да апошніх дзён свайго жыцця, якое абарвалася 22 красавіка, яна ўзначальвала дабрачынны фонд “Водгук”, які супрацоўнічаў з мецэнатамі з усяго свету, падтрымліваў дзіцячыя прытулкі, бальніцы, дамы састарэлых па ўсёй Беларусі. Людміла Пятроўна часта была ў камандзіроўках, паколькі ніколі не накіроўвала грошы фармальна, а ведала рэальнае становішча тых, з кім цесна супрацоўнічала. Зразумела, што кіраўнік фонду не мог не клапаціцца пра сваіх ушацкіх землякоў.

Нарадзілася Людміла Пятроўна Казавая (Пугачова) 25 лютага 1948 года ў вёсцы Жары. Да вайны бацька скончыў тэхнікум, маці працавала ў Полацкім гаркаме партыі і пацярпела падчас бамбёжкі, калі эвакуіравала дакументы, яе выцягнулі з руін. У мірны час іх сям’я засталася жыць на малой радзіме, працавалі ў калгасе “Чырвоны прамень”, выхавалі траіх дзяцей. Калі Люда скончыла два класы, пераехалі ў дзедаў дом у Вашкова. Менавіта там, як прыгадвае сваяк і равеснік Анатоль Сцяпанавіч Дук, яны малымі часта сядзелі на печы і спрабавалі чытаць, а больш разглядалі дзедаў скарб – вялізную біблію. Яшчэ да рэвалюцыі Конан Сяргеевіч Дук быў настаўнікам царкоўна-прыходскай школы, а пасля бухгалтарам санаторыя.

Людміла Пятроўна скончыла спачатку Качаноўскую, а потым Ушацкую школу. А яе працоўная кар’ера пачыналася на полацкім “Шкловалакне”, куды хімік-біёлаг трапіла па размеркаванні інжынерам лабараторыі пасля заканчэння Днепрапятроўскага ўніверсітэта. Яна сама прасілася бліжэй да радзімы, каб падтрымліваць хворую маці. На заводзе ініцыятыўную адукаваную дзяўчыну хутка заўважылі, і менш чым праз два гады Людміла ўжо другі сакратар Полацкага гаркама камсамола. Падчас адной з праверак у яе закахаўся супрацоўнік абкама камсамола Алег Васільевіч Казавы – і праз некалькі гадоў сям’я пераязджае ў Мінск, куды ў ЦК ВЛКСМ пераводзяць мужа. Некаторыя ж ушачане памятаюць Людмілу Пятроўну як настаўніцу і піянерважатую Качаноўскай васьмігодкі, дзе яна, дарэчы, выдатніца гэтай школы, да паступлення ў ВНУ выкладала рускую мову і літаратуру.

Галоўныя ўрачы Ушацкай бальніцы, загадчыкі прытулкаў, дырэктар Ільюшынскай школы ці старшыня Жарскага сельвыканкама яе імя памятаюць, колькі б ні мінула год з дня апошняй сустрэчы. “Хоць і прыязджала да нас заўсёды дэлегацыя, спонсары з Амерыкі, панавала атмасфера лёгкасці, якую з першага візіту стварыла Людміла Пятроўна, – прыгадвае былы дырэктар дзіцячага прытулка А.І.Клімашэўская. – Падарылі тэлевізар, камп’ютар, масажор, цацкі, спартыўныя касцюмы, а яна вельмі падрабязна распытвала, што яшчэ патрэбна дзецям, непадробна цікавілася іх лёсам. І была вельмі сціплым чалавекам. Слова “я” ад яе не гучала, хаця зразумела, што амерыканцы даведаліся пра Ушачы менавіта дзякуючы ёй”.

І сваіх сродкаў не шкадавала. Убачыўшы, што на могілках паміж Вашкова і Броўчына, дзе пахаваны яе родныя, пастаўлена новая агароджа, патэлефанавала старшыні сельвыканкама С. Ц. Міхейка і прапанавала сродкі на фарбу. Гэта было летась, а дапамагала яна розным установам раёна на працягу шэрагу гадоў.

У пакоі дзіцячага аддзялення бальніцы з тэлевізарам на ўсю сцяну і рознымі цацкамі даўно бавяць час дзеці, што ідуць на папраўку. Маленькія пацыенты заўсёды атрымлівалі салодкія падарункі, а ўсе жыхары раёна лечацца з дапамогай спецыяльнага зонда і іншага абсталявання – падтрымка амерыканскіх спонсараў, якіх прывезла Людміла Пятроўна.

Яна была тым Дзедам Марозам, які неаднойчы перадаваў навагоднія падарункі дзецям ільюшынскага садка і школы. Ды і дарослыя жыхары яе роднага Вашкова і навакольных Дворыцы, Качаноў атрымлівалі харчовыя падарункі. Часта звярталіся да яе за індывідуальнай дапамогай, і Людміла Пятроўна ўладкоўвала хворае дзіця ў клініку, падключала свае каналы ў вырашэнні іншых праблем. А знаёмых у яе было шмат, бо працавала да дабрачыннага фонду “Водгук” на розных адказных пастах, у прыватнасці загадчыкам канцылярыі ЦК КПБ, агульнага аддзела Дзяржкамчарнобыля, саветнікам-кансультантам групы кантролю прэзідэнцкіх праграм, начальнікам аддзела справаводства Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Асаблівую ўдзячнасць да Людмілы Пятроўны адчуваюць вернікі храма-капліцы Мікалая Цудатворцы ў Вашкове і яго настаяцель, благачынны Ушацкага раёна Вячаслаў Лобец. Менавіта да яго звярнулася Л.Казавая з намерам пабудаваць на радзіме хоць невялікую царкву. Разам яны атрымалі благаславенне архіепіскапа Полацкага і Глыбоцкага Феадосія. “Людміла Пятроўна спачатку хацела, каб гэта была Звонь, дзе святаром быў яе дзед К.С.Дук. Але пагадзілася са мной, што ў Вашкове капліцу будзе наведваць болей людзей. Яна адшукала спонсараў, а сям’я Казавых неаднойчы ахвяравала ўласныя сродкі на будаўніцтва, якое мы завяршылі ў 2014 годзе. Пяць год вернікі жарскай акругі наведваюць гэты невялікі, але вельмі светлы ўтульны храм. Сама Людміла Пятроўна таксама была светлым і надзвычай веруючым чалавекам, хацела быць пахаванай на радзіме, таму ў апошні шлях мы праводзілі яе пасля адпявання ў храме Мікалая Цудатворцы. І хоць праваслаўная царква заўсёды будзе маліцца за душу Людмілы Пятроўны, не залежачы ад таго, хто будзе наступным настаяцелям царквы, на капліцы мы абавязкова ўстановім памятную шыльду з яе імем. Не будзь Л.Казавой – не было б там і храма”, – з такімі словамі ўдзячнасці завітаў у рэдакцыю протаіерэй Вячаслаў Лобец, які разам са старшынёй Жарскага сельвыканкама былі асноўнымі ініцыятарамі аповеду пра чалавека, які столькі зрабіў для ўшачан. Спачуваюць аб зыходзе з жыцця нашай зямлячкі ўсе без выключэння людзі, якім даводзілася сустракацца з Людмілай Пятроўнай.

“Калі гутарыў з ёй, быў перакананы, што такая неабыякавая яна толькі да цябе, што выключна табе хоча дапамагчы. А на самой справе шчырай была літаральна з усімі, – прыгадвае матушка Любоў Лобец. – Яна вельмі хацела адшукаць спонсараў і для будаўніцтва капліцы ля цэнтральнай бальніцы. Не паспела”.

І ў апошнія дні жыцця Л.Казавая прыгадвала тых, каму яшчэ збіралася дапамагчы. А яе служэнне людзям – прыклад таго, што толькі добрымі справамі можна пакінуць самую доўгую і шчырую памяць пра сябе.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *