В Ушачах прошёл областной конкурс работников культуры

Общество

Абласны конкурс работнікаў культуры “Вясёлкавы карагод” сёлета праходзіў ва Ушачах. Асноўная мэта мерапрыемства – адраджэнне і прапаганда народных гульняў, пошук новых забаўляльных форм і, вядома ж, цікавы адпачынак насельніцтва. Прыехалі да нас у мінулую суботу, каб паказаць сваё майстэрства, 12 калектываў – пераможцы раённых конкурсаў. Ад імя гаспадароў з пажаданнямі поспехаў да іх звярнулася выконваючая абавязкі загадчыка аддзела культуры райвыканкама Марыя Аляксееўна Шаўчэнка, якая, дарэчы, уваходзіла ў склад журы конкурсу. Апроч яе ўдзельнікаў ацэньвалі вядучыя метадысты абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці г.Віцебска. 
Трэба прызнаць, што ўшачане, якія завіталі ў мінулую суботу ў сквер, дзе размясцілася канцэртная пляцоўка, аб гэтым не пашкадавалі. На свяце панавала такая непасрэдная, лёгкая атмасфера, што большасць з іх хутка ператварылася з гледачоў ва ўдзельнікаў мерапрыемства.
Тон “Вясёлкаваму карагоду” задалі прадстаўніцы Поўсвіжскага СДК Лепельскага раёна. Яны апраналі гледачоў у смешныя капелюшы і шаравары і нават арганізавалі ў скверы “рыбалку”. Пасля выступлення Лідзія Ганчар і Надзея Шарлаева падзяліліся сваімі ўражаннямі:
– Звычайна цяжка “разаграваць” публіку, але ўшачане вельмі добра нас успрымалі, ахвотна адклікаліся на жарты, падыгрывалі.
Забаўляльныя праграмы ўдзельнікаў з Глыбокага і Верхнядзвінска былі арыентаваны на самую актыўную частку публікі – дзяцей. Чашніцкая каманда прапанавала конкурс на лепшую сям’ю. Спадабалася гледачам праграма “Кавалёўскія пацешкі”, якую паказалі забаўнікі з Расонскага раёна. Спачатку яны наладзілі гульню “Адгадай мелодыю”, а потым правялі сярод публікі акцёрскі “кастынг” і паставілі казку “Рэпка” ў арыгінальнай трактоўцы. 
Парыжскі СДК (не, гэта не жарт: ёсць такая вёска ў Пастаўскім раёне) прапанаваў гульнявую пастаноўку “Карчма цётухны Франкеты”. Бойкія матырынскія кабеты Броня і Марыля (у жыцці – Галіна і Наталля Рудзёнак), якія прадстаўлялі наш раён, прымусілі гледачоў пайсці ў скокі. А Даўгапольскі СДК Гарадоцкага раёна прапанаваў жартоўную версію гульні “Давай пажэнімся”, падчас якой нявесты з публікі ўсялякімі спосабамі змагаліся за сэрца спрытнага жаніха: бегалі навыперадкі ў валёнках, вытанцоўвалі ў касцюмах розных істот. А калі фанабэрысты жаніх павёз сваю выбранніцу па скверы на кардонным “чорным бумеры”, смяялася нават непрадузятае журы.
Адным словам, усе ўдзельнікі праявілі шмат выдумкі і артыстызму, наладзілі кантакт з гледачамі, якія на вачах ператвараліся з сур’ёзных дарослых у гарэзлівых дзяцей. Прыемна, што свабодныя ад выступленняў прадстаўнікі каманд ахвотна ўдзельнічалі ў нумарах сваіх канкурэнтаў, абмяркоўвалі і вылучалі асабліва трапныя вобразы і знаходкі. А лепшымі сярод праграм для дарослых было прызнана выступленне Даўгапольскага СДК (Гарадоцкі раён), нашы ўдзельнікі падзялілі другое месца з прадстаўнікамі Талачынскага раёна, трэцімі сталі пастаўскія “парыжане”. Першае месца сярод праграм для дзяцей не прысуджалася, другімі сталі ўдзельнікі з Лёзненскага раёна, трэцяе падзялілі Верхнядзвінскі і Глыбоцкі калектывы.
Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *