Прыём у аграгарадку

Общество

 

Прайшоў чарговы прыём старшынёй райвыканкама А.А.Кавалёнкам людзей па месцы жыхарства. На гэты раз, 27 студзеня, сустрэча адбылася ў вёсцы Глыбачка Глыбачанскага сельсавета. Жыхары звярталіся і з асабістымі, і з агульнымі для вёскі пытаннямі, адразу заўважана, што апошнія ўзніклі тады, калі яшчэ толькі пайшлі размовы аб наданні ёй статуса аграгарадка. Вядома ж, ганарыліся яны ў свой час, без перабольшвання можна сказаць, Палацам культуры, лазнева-пральным камбінатам, ды і многім іншым вёска не ўступала па напоўненасці добраўпарадкаваным жыллём, аб’ектамі сацыяльна-культурнага прызначэння многім славутасцям рэспублікі. Вось і старшыня сельскага камітэта Я.В.Аксяновіч павёў размову аб лазні і іншым…

Што ж, пасля ўсім памятнага перыяду развалу некалі магутнай краіны настаў час аднаўлення. І старшыня райвыканкама адназначна растлумачваў усім, што многія аб’екты рэканструяваць ужо немагчыма, часам дзешавей пабудаваць новыя, якія будуць рэальна адпавядаць колькасці насельніцтва і запатрабаванасці. Але ж тут, гаварыў ён, патрэбна ўсё прадумаць, каб, напрыклад, клуб не суседнічаў ушчыльную з бальніцай, і так ва ўсім. Варта дадаць, што пашпарт аграгарадка складзены, вырашэнне многага будзе залежыць ад фінансавання. Аб гэтым з’явіцца магчымасць рэальна весці размову праз месяц-два. І такім тлумачэннем адразу знімаліся многія пытанні. Як, напрыклад, аб лёсе магазіна прыватнага прадпрымальніка В.В.Шаршнёва.

Але зазначу, а гэта мая прыватная думка, што многіх зваротаў магло б і не быць на ўзроўні, якія вырашае старшыня райвыканкама, каб людзі адчувалі рэальную ўладу на месцы. Бо часцей за ўсё яны і не звяртаюцца па дапамогу да яе па гэтай прычыне. Напрыклад, А.У.Чувахоў, які арганізоўвае аграсядзібу “Зялёны бераг”, у канцы вёскі прасіў дапамогі ў ачыстцы тэрыторыі ад несанкцыянаваных звалак, устаноўцы ліхтара, усё гэта павінна быць пад кантролем сельвыканкама. Ці яшчэ адно: М.У.Дубко пытаўся: чаму для нарыхтоўкі дроў не адводзіцца хмызняк? Аказваецца, ёсць на гэты конт рашэнне райвыканкама, а жыхары не ведаюць.

Л.І.Сушчэўская паскардзілася на тое, што немагчыма даставіць дровы, за якія яна ўжо заплаціла.

Яшчэ адно балючае для ўсіх пытанне звязана з работай жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Д.У.Крупеня жыве ў 4-х кватэрным доме і прыйшоў ён не адзін, а з прадстаўні- камі ўсіх чатырох. У гэтым доме вельмі нізкая тэмпература, парушана каналізацыя, а ў выніку падтопліваецца суседні дом, слабы ціск вады ў кранах. Станоўчае, што гэты дом нарэшце падключаны да цэнтральнага ацяплення, засталося давесці астатняе да ладу. А што датычыцца якасці вады, скардзіўся П.М.Заяц, то санітарнай службе варта яшчэ раз вярнуцца з праверкай. Шкада глядзець, як мерзнуць работнікі магазіна, працягваў ён.

Старшыня райвыканкама з многімі пытаннямі разабраўся адразу і даў канкрэтныя адказы заяўнікам і даручэнні старшыні сельвыканкама Л.В.Храмцовай, дырэктару КУСГП С.І.Кірпічонку, ляснічаму У.Ф.Зайцаву, як, напрыклад, з дастаўкай дроў, ачыстцы каналізацыйных калодзежаў. А наогул жа, размова аб рабоце водазаборных вежаў, падачы вады і цяпла, многім іншым пойдзе больш падрабязна на гэтым жа тыдні з кіраўніком УП ЖКГ.

Варта дадаць яшчэ, што пасля такіх сустрэч людзі звычайна застаюцца задаволенымі адказамі, бо яны носяць прамы і канкрэтны характар, а калі што не ў сілах раённай улады – аб гэтым гаворыцца прама. Але, прысутнічаючы на выязных прыёмах старшыні райвыканкама, пераконваешся, што многае для людзей якраз і робіцца на гэтым узроўні.

 

Р.КАРПАЎ.

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *