Молодая семья Пацейко

Образование и молодежь

Усё лепшае ў чалавека – ад сям’і, – сцвярджае народная мудрасць. Утульны прыгожы дом, надзейная другая палавінка, звонкі дзіцячы смех, любімая работа… У гэтым, пэўна, і заключаецца сапраўднае чалавечае шчасце. У кожнага свой шлях да яго, свая гісторыя. 

Сяргей і Яўгенія Пацэйкі ведаюць адзін аднаго даўно. Нарадзіліся і выраслі на Ушаччыне. У той час як многія равеснікі імкнуліся жыць у вялікіх гарадах, яны пасля заканчэння Арэхаўскай школы марылі пра ціхае і размеранае жыццё недалёка ад дома. Сяргей адслужыў у арміі, Жэня скончыла лінгвістычны ўніверсітэт. Як і хацелі, вярнуліся на пастаяннае месца жыхарства ў свой раён, адной маладой сям’ёй стала больш. Яна распачала свой працоўны шлях настаўніцай нямецкай мовы ў Арэхаўскай школе, ён уладкаваўся ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях. Не перадаць словамі той радасці, калі маладой сям’і выдзелілі новы дом у Арэхаўне. У абсалютнай большасці людзей на пачатку сямейнага жыцця паўстае жыллёвая праблема, вырашыць якую не заўсёды проста. А тут усё склалася, як і хацелася – новы прасторны дом у прыгожым месцы каля лесу, аграгарадок жа размяшчаецца недалёка ад райцэнтра. Тут жа, у Арэхаўне, жывуць бацькі і родныя, якія заўсёды дапамогуць, падкажуць, параяць. Сваімі сіламі зрабілі рамонт у доме, і цяпер яшчэ пастаянна штосьці даводзяць да ладу, дабудоўваюць, добраўпарадкоўваюць прылягаючую тэрыторыю. Трымаюць і падсобную гаспадарку.
Жыццё напаўняецца новым сэнсам, калі на свет з’яўляюцца дзеці. Чатыры гады таму ў маладой сям’і Пацэйкаў нарадзілася дачушка Каця, а маленькаму сыночку Пашу зараз ужо больш года. Цяпер кожны дзень напоўнены штохвілінным клопатам пра дзяцей. Маленькая памочніца Каця ходзіць у дзіцячы сад, а Паша ўжо робіць упэўненыя крокі па доме і вымаўляе першыя, яшчэ не зусім разборлівыя словы. Яны растуць і развіваюцца, з кожным днём адкрываючы штосьці новае. Сёння Сяргей і Жэня не могуць нават уявіць сваё жыццё без гэтых маленькіх чалавечкаў, якія карэнным чынам змянілі ўсё. Складана часам, але радасць бачыць дзетак здаровымі і вясёлымі, займацца з імі намнога большая за ўсе жыццёвыя цяжкасці і праблемы. Ды і што можа быць прыемней, калі яны цягнуць да цябе маленькія ручкі і вымаўляюць словы “мама” і “папа”…
Яўгенія зараз знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску, а Сяргей ужо шэсць гадоў працуе ў пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 г.п. Ушачы, а таксама завочна вучыцца ў Гомельскім інжынерным інстытуце Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь. Толькі станоўча адгукаюцца аб маладых людзях на іх працоўных месцах.
У маладой сям’і яшчэ мноства планаў і задум на будучае, якія яны хочуць ажыццявіць, і верыцца, што ўсё ў іх абавязкова атрымаецца дзякуючы ўзаемаразуменню, энергіі, павазе адзін да аднаго.
Пасля знаёмства з такімі вось добразычлівымі маладымі людзьмі яшчэ раз упэўніваешся ў тым, што не трэба далёка шукаць лепшай долі, кожны з нас можа сам сябе зрабіць шчаслівым.
Днямі Сяргей і Жэня адзначылі пяцігоддзе сумеснага жыцця. Няхай яшчэ многа гадоў яны святкуюць гэту дату, няхай іх светлыя пачуцці з часам толькі мацнеюць, а дзеткі толькі радуюць!

В.ПОЛАЗАВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *