Выпускница Ушачской школы Злата Клачёк стала обладателем премии специального фонда Президента Республики Беларусь

Образование и молодежь

У апошнія дні студэнцкіх канікул прыемны падарунак чакаў на малой радзіме выпускніцу Ушацкай сярэдняй школы Злату Клачок – прэмію спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў ёй уручыў старшыня раённага выканаўчага камітэта У.Г.Аўдошка. Такая адзнака, па словах Уладзіміра Генадзьевіча, напрацоўвалася гадамі: у 2018, 2019 і 2020-х дзяўчына станавілася пераможцам абласнога, а ў 2019-м і 2020-м – заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, была актывісткай БРСМ, пераможцай рэспубліканскага інтэрнэт-конкурсу “У Саюз з сябрамі!”, удзельніцай тэлевізійнага праекта “Я ведаю!”, захаплялася кулявой стральбой, па якой мае першы разрад, рукадзеллем, фатаграфіяй, танцамі. Кіраўнік раёна пажадаў Злаце далейшых поспехаў, а ў тым, што яны будуць, сумнявацца не прыходзіцца: наша юная зямлячка, як і марыла, стала студэнткай лячэбнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, а першую сесію здала на адны дзявяткі.

Словы ўдзячнасці за годнае выхаванне дачкі прагучалі ў гэты дзень у адрас Ірыны Сяргееўны і Аляксея Віктаравіча Клачкоў. Адзначаны таксама ўклад настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Ушацкай школы Ірыны Уладзіміраўны Леснічэнкі.

– Упэўнена, што актыўнасць, працаздольнасць дазволіць Злаце дасягнуць у жыцці самых высокіх вяршыняў, – далучылася да віншаванняў начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама М.В.Варава. – І спадзяюся, што прыклад дзяўчыны натхніць на плённую вучобу, творчасць нашых сённяшніх школьнікаў.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *