В Ореховской школе знают толк в выращивании овощей, ягод и фруктов

Образование и молодежь Общество Экономика и малый бизнес

Вырасціць смачную, салодкую дыню, не горшую за тую, што мы прывыклі есці, скажам, на паўднёвых  чарнаморскіх курортах, аказваецца, можна і ў нас на Ушаччыне. Упэўніліся ў гэтым, паспытаўшы духмяную насельніцу бахчы, якая паспела ў Арэхаўскай школе.

Безумоўна, дыня на нашых агародах – хутчэй выключэнне з правіла. А вось беларускую агародніну – бульбу, цыбулю, моркву і інш. – вырошчваюць літаральна ўсе ўшачане. Займаюцца гэтым і ва ўстановах адукацыі раёна – ураджай выкарыстоўваецца ў школьных сталовых для арганізацыі вітамінізаванага харчавання вучняў і з’яўляецца добрай падмогай для падрыхтоўкі школьных абедаў.

Літаральна любы напрамак дзейнасці, за які бяруцца ў Арэхаўскай сярэдняй школе, выводзіцца на ўзорны ўзровень, у чым, безумоўна, вялікая заслуга дырэктара І.Ф.Сыроўчанка і яе аднадумцаў – педагогаў. Кожны раз, праязджаючы міма гэтай навучальнай установы, міжволі ўглядаюся ў тутэйшы агарод, дзе, як на дражджах, штогод растуць прыгожыя зялёненькія качаны-веліканы. Упор тут робяць менавіта на вырошчванне капусты, якая радуе настаўнікаў і вучняў добрым ураджаем. І справа нават не столькі ў своечасовай пасадцы, неабходным доглядзе, колькі ў асаблівасцях тутэйшай глебы.

У школе вялікая ўвага надаецца арганізацыі работы на  прышкольным участку. Установа цалкам забяспечвае сябе ўсім неабходным: ягадамі, садавіной, агароднінай, частку вырашчанага ўраджаю прадаюць падчас разнастайных кірмашоў, якія праводзяцца як ва Ушачах, так і за межамі раёна. Так, у гэтым годзе на “ўра!” разышлася прадукцыя на кірмашы ў Глыбокім. Акрамя таго педагогі і школьнікі штогод рэалізуюць насельніцтву расаду перцаў, капусты, таматаў. Дарэчы, апошніх у Арэхаўскай школе больш за 30 найменняў.

Смачную і здаровую ежу, багатую вітамінамі, круглы год атрымліваюць школьнікі ў сталовай: гэта і свежыя салаты, і вінегрэты,  і супы са свежай капусты і, вядома ж, салодкія напіткі – асартымент вельмі вялікі.

Плошча ўчастка для вырошчвання агародніны складае 1,2 гектара. І гэта толькі каля школы – нядаўна набылі ўчастак па-за межамі ўстановы пад бульбу. Сёлета ў Арэхаўскай школе вырас багаты ўраджай. Тут і сочная морква, і спрытныя буракі, якія здзіўляюць сваімі памерамі і выдатнымі смакавымі якасцямі. Ужо рэалізавалі цыбулю, зерне.

Штогод з вынікамі сваёй працы школа ўдзельнічае ў разнастайных конкурсах, дзе неаднаразова станавілася пераможцай. Вось і на апошнім аглядзе-конкурсе па прысядзібных участках устаноў адукацыі раёна Арэхаўская школа заваявала першае месца. А прыгаданая вышэй дыня была высока ацэнена на абласным і рэспубліканскім конкурсах сярод раслін, вырашчаных на прышкольных участках. Дарэчы, гэтая насельніца бахчы ў цёплай зашклёнай школьнай цяпліцы адчувае сябе даволі камфортна, штогод дае неблагі ўраджай. Так што ўжо зараз у школьнай сталовай вучні могуць паласавацца смачным дэсертам.

Ёсць у Арэхаўскай школе і яшчэ адзін экзатычны “насельнік” – вінаград. На жаль, надвор’е не заўсёды спрыяе таму, каб ён цалкам паспеў. Вось і сёлета гэтай ягадзе не хапіла сонечных прамянёў і цяпла. Аднак гэта не праблема – нават з крыху недаспелага вінаграду атрымліваецца цудоўны кампот.

Адказвае за цяпліцы і прышкольны ўчастак у школе настаўніца працоўнага навучання Таццяна Міхайлаўна Жарнасек, якая выдатна разбіраецца ў агратэхніцы вырошчвання садавіны і агародніны, заўсёды ўважліва і дбайна прадумвае ўсе этапы работы на ўчастку (своечасовы пасеў, праполка і прарэджванне ўсходаў, уборка ўраджаю і іншае), арганізуе працу. Ёсць у яе і правераныя не раз на практыцы агародныя “знаходкі”.

Вырошчваюць ураджай разам – дарослыя і дзеці. Не раз даводзілася назіраць, як спрытна і ўмела юнакі і дзяўчаты выконваюць розную сельскагаспадарчую працу. Безумоўна, у гэтым немалаважная заслуга дырэктара І.Ф.Сыроўчанка і яе аднадумцаў – педагогаў, а таксама бацькоў, якія дома прывучаюць дзяцей да работы. Ёсць у школы і шэфы: не забываюць установу і аказваюць дапамогу ў апрацоўцы зямлі і падтрыманні прышкольнага ўчастка ў належным стане КУСГП “Арэхаўна”, ПУП “Сарочына”. Кіраўніцтва сельгаспрадпрыемстваў не застаецца ўбаку ад праблем школы, дапамагае тэхнікай, арганікай. Вось так, сумеснымі намаганнямі дарослых і дзяцей прышкольны ўчастак заўсёды выглядае дагледжаным, ён і корміць, і цешыць вока.

І хаця не ўсё яшчэ ўбрана з участка, але ўжо цяпер можна сказаць, што ўраджай у школе сёлета, як і заўсёды, збяруць выдатны. Не можа зямля не адгукнуцца на такі догляд!

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *