Встречи руководства Ушачского района с трудовыми коллективами

Общество

Не кожны, асабліва працуючы чалавек, можа своечасова высветліць хвалюючае яго пытанне, хоць практычна кожная арганізацыя адкрыта для прыёму наведвальнікаў. Намнога зручней, калі сустрэчы з пасаднымі асобамі ажыццяўляюцца непасрэдна па месцы работы. І, канечне, адпадае падстава задаваць іх у розныя інстанцыі, калі ёсць магчымасць агучыць непасрэдна старшыні райвыканкама. Зараз Алег Анатольевіч Кавалёнак працягвае сустрэчы з працоўнымі калектывамі, якія да таго ж заканчваюцца асабістым прыёмам грамадзян. На мінулым тыдні яны адбыліся з калектывамі камунгаса, ААТ “Ільюшынскі” і дэпутатамі Кубліцкага сельскага Савета дэпутатаў.
Свае выступленні кіраўнік раёна будуе згодна інтарэсаў залы, на падставе рэалій канкрэтнай арганізацыі. Такім чынам, як правіла, апярэджваюцца пытанні, якія хвалююць цэлы калектыў. У камунгаса зараз пара не менш гарачая за ўборачную, хоць і некаторыя камунальнікі дапамагаюць аграрыям, і сілы лясгаса ў першую чаргу былі накіраваны на забеспячэнне дрывамі зернесушылак, а не кацельняў. Аднак хутка тэхніка, у тым ліку і сельгасарганізацый, як і ў ранейшыя гады, будзе працаваць на вывазцы драўніны, больш актыўна пойдзе нарыхтоўка шчапы. Галоўная ж задача, якую паставіў перад камунальнікамі старшыня райвыканкама – не проста падрыхтавацца да зімы, але і знізіць страты на цепласетках. Асноўныя праблемы камунальнікаў перасякаюцца з інтарэсамі спажыўцоў і ўпіраюцца ў грошы. Па сілах рабіць больш рамонту жылля і сетак, аднак даводзіцца ўціскацца ў межы адведзеных сродкаў. Таму і здымаюцца самыя неадкладныя пытанні, ад якіх залежыць забеспячэнне цяплом, вадой усіх абанентаў. Тым больш, што значна павялічыўся кошт на паліва, тэхніку, абсталяванне, але не плата за паслугі, якія аказваюцца ў ранейшых аб’ёмах і без пагаршэння іх якасці. 

У “Ільюшынскім” гутарка сама-сабой мела аграрны ўхіл. Сёлета гаспадаркі раёна атрымаюць больш за 30 тысяч тон зерня, пра якія папярэднія гады толькі марылі. Аднак закупачныя цэны на збожжа ніжэй за жаданыя, па-ранейшаму аграрыі не могуць жыць з заробленага рубля. Зразумела, закупачныя цэны рэгулююцца дзяржавай, паколькі іх рэзкае павышэнне негатыўна адбілася б на ўсіх слаях насельніцтва. Тым не менш нават на фуражнае зерне для сельгаспрадпрыемстваў яны павышаны ад 460 да 750 тысяч за тону. Задавалі работнікі “Ільюшынскага” пытанні наконт рамонту дарогі на Старое Сяло праз Дудчыну і наконт завяршэння асфальтавання дарогі Ушачы-Лепель. А.А.Кавалёнак растлумачыў, што апошняе часова прыпынена з-за адсутнасці сродкаў і, безумоўна, будзе завершана. Дарога праз Дудчыну, якая патрэбна для ўнутрыгаспадарчых мэт аб’яднанай гаспадаркі, будзе грэйдзіравацца і падтрымлівацца. Вырашыцца і пытанне з набыццём мікрааўтобуса, на якім з камфортам будуць падвозіцца работнікі. Наогул жа ў ААТ “Ільюшынскі” работа арганізавана належным чынам, што дае падставы для атрымання добрых заробкаў.  
Найбольш жывой атрымалася размова кіраўніка раёна з дэпутатам Кубліцкага сельскага Савета дэпутатаў. Бо адразу пачалася з жыццёвых пытанняў. Амаль трэць настаўнікаў, а таксама вучні з некаторых вёсак прыязджалі ў Кубліцкую школу на аўтобусе Полацк-Кублічы, які хадзіў штодня, а з ліпеня стаў толькі тры разы на тыдні. Паколькі пытанне гэта не знаходзіцца ў кампетэнцыі раёна, хадайніцтва накіравана ў АТП №2 горада Полацка.
Наогул рэальная сітуацыя ў краіне наглядна бачна на прыкладзе аграгарадка і КУСГП “Кублічы”. Камбайнавы парк гаспадаркі не старэй трох гадоў, калі раней і шаснаццацігадовыя “Доны” ніхто не спісваў. Паспелі зрабіць па праграме будаўніцтва аграгарадкоў усе запланаваныя аб’екты сацыяльнай сферы, Кублічы не пазнаць, а вось скарачэнне будаўнічых праектаў за льготнае крэдытаванне адбілася на вытворчай сферы. Запланаваная сучасная малочнатаварная ферма пакуль што застаецца марай аграрыяў.
Сярод актывістаў Кубліцкага сельвыканкама нямала тых, хто ўсур’ёз займаецца асабістай падсобнай гаспадаркай. Таму пытанне закупачных цэн на малако, бульбу, зерне паўстала і там, а таксама аб кошце абмалоту прысядзібных участкаў. Як і пераканаліся самі прыватнікі, вырашчанае намнога даражэй можна прадаць вясной, а вось захаваць… Усе гэтыя пазіцыі, а таксама транспарціроўка, перапрацоўка робяць сельгаспрадукцыю на паліцах магазінаў нятаннай. Дзяржава ж часткова бярэ цяжар на сябе, выдзяляючы сельгасвытворцам датацыі. Праяўляецца клопат пра тых, хто трымае падсобную гаспадарку, і ў тым, што зерне, угнаенне, аказанне паслуг тэхнікай сельгасарганізацый вядзецца таксама ніжэй за рэальны кошт. Вось і абмалот прысядзібных участкаў абыдзецца насельніцтву ў тры тысячы за сотку. Прыватнікі, якія ў мінулыя гады шчыравалі ў розных кутках раёна, такога цэнніка сабе дазволіць не могуць.
А вось час, адведзены на асабісты прыём, заставаўся незапатрабаваным падчас усіх трох сустрэч: у людзей няма невырашальных пытанняў, а ў калектывах пануе звычайная працоўная абстаноўка.
В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *