Пора уборки картофеля

Сельское хозяйство

Вось і надышла восеньская пара збору ўраджаю, адзін з найважнейшых клопатаў цяпер – уборка бульбы. На гэтым тыдні закіпела работа па ўборцы другога хлеба на палях “Агра-Селішча”. Сёлета сабраць ураджай неабходна на 45 гектарах.
Традыцыйна дапамогу падчас уборкі бульбы сельгаспрадпрыемству аказваюць студэнты. У панядзелак працоўны дэсант з навучэнцаў Полацкага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа распачаў работу, прыбыло больш трыццаці чалавек. Плануецца, што дапамогу гаспадарцы акажуць яшчэ і вучні Плінскай школы. 

Сёлетні год аказаўся больш ураджайным на бульбу, чым мінулы. Толькі за першыя дні работы накапана 60 тон. Некалькі крокаў – і вядро ўжо напаўняецца. Таму з энтузіязмам і працуюць студэнты, а дакладней адны студэнткі, штодзень набіраюць у сярэднім па 160 вядзёр, а некаторыя і па 200. Многія з іх прыехалі ў Селішча ўжо другі раз і прызнаюцца, што з задавальненнем, бо гэта не толькі адпачынак ад лекцый, а і выдатная магчымасць зарабіць. Ударна працаваць пакуль дазваляла і надвор’е.
Вырашчаная бульба пераважна сартоў беларускай селекцыі – “скарб”, “ласунак”, “талісман”. Ураджайнасцю ў гаспадарцы задаволены. На полі ў Селішчы сёлета вырасла добрая бульба, мяркуюць, што на астатніх палях яна будзе не горшай. Ужо цяпер клапоцяцца і аб тым, як захаваць другі хлеб, закласці на насенне. Даўно ўжо ўзнікла неабходнасць у добрым захоўванні. З гэтым у апошнія гады было праблемна, бульба дрэнна захоўвалася, адпаведна вясной не хапала насеннага матэрыялу і яго даводзілася завозіць нават з іншых абласцей, што, безумоўна, вельмі затратна. Бурт, дзе і сёння некаторая частка насельніцтва захоўвае свой ураджай, – архаічнасць. Бульба новага ўраджаю будзе захоўвацца ў спецыяльным бульбасховішчы, якое зараз рыхтуюць у Баяршчыне.
Пакуль студэнты працуюць у полі, людзі накіраваныя ў ААТ “Агра-Селішча” цэнтрам занятасці, перабіраюць і затарваюць бульбу. Хоць у многіх вырас сёлета добры ўраджай, аднак другі хлеб усё роўна карыстаецца попытам. 
Не абысціся беларусам без бульбы, а таму адмаўляцца ад яе вырошчвання ў гаспадарцы не плануюць – наадварот, задумваюцца пра новыя сарты, набыццё тэхнікі, без якой не вырасціць ураджаю, клапоцяцца аб тым, як забяспечыць надзейнае захоўванне.
В.ПОЛАЗАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *