На Ушаччине продолжается кормозаготовка

Сельское хозяйство

Нават сама рубрыка, пад якой выходзіць гэты матэрыял, у апошняй дэкадзе верасня выглядае неяк нязвыкла.

Дзіўнае адчуванне было і ў момант, калі на мінулым тыдні мы прыехалі на травяныя палеткі ля Заполля: абсалютна летняя сакавітая канюшына напаўняла навакольны пейзаж зялёным колерам і паслухмяна клалася ў пракосы за дземянецкімі трактарамі. Быццам нешта збілася ў жыццёвым рытме і чэрвень раптам памяняўся месцамі з вераснем…

“Колькі працуем, а такога не памятаем, каб другі ўкос быў у разы багацейшы за першы”, – пацвердзілі выснову і механізатары, якія па ўжо звыклай сёлетняй традыцыі шчыруюць аб’яднаным звяном: на дапамогу мясцоваму Уладзіміру Кашко (на здымку) прыбыў селішчанец Аляксандр Бараўцоў. Першы, дарэчы, мае багаты вопыт у механізатарскай справе, але апошнім часам працаваў вартаўніком на зернесушыльным комплексе, аднак з-за сур’ёзнага кадравага дэфіцыту згадзіўся зноў сесці за руль трактара, каб дапамагчы гаспадарцы ў вельмі няпростым сезоне. Ну а Аляксандра мы добра ведаем, як сапраўднага ўніверсала, які здольны закрыць любы ўчастак аграрных работ.

Гэты этап касавіцы ў “Дземенцы” распачалі не ў ліку першых – было шмат іншых неадкладных працэсаў, ды і бачылі, што травы яшчэ падрастуць. А на мінулым тыдні больш актыўна ўзяліся за справу. Скошаную на гэтых участках канюшыну планавалі закруціць у стрэйч-плёнку – уласнага прэспадборшчыка ў дземянчан няма, але па агульнай дамоўленасці два наяўныя ў раёне абслугоўваюць не толькі свае, а і суседскія палеткі. Таму на дапамогу калегам прыбыў работнік ААТ “Ільюшынскі” Дзмітрый Бурак.

“Нарыхтуем столькі, на колькі хопіць закупленай плёнкі, ну а астатнюю закладзём у траншэі”, – патлумачыў дырэктар гаспадаркі Максім Мікалаевіч Палонскі, які тым часам пад’ехаў на поле. А на нашу рэмарку пра неблагі тутэйшы травастой зазначыў, што калі ўбралі першы ўкос і падкасілі прылеглыя пашы, падкармілі гэтыя ўчасткі сульфатам амонія, галоўную ж справу зрабілі доўгачаканыя дажджы – вось і пайшла ў рост канюшына.

“Шчыра кажучы, у разгар лета было трывожна – як з такім мізэрным запасам травяных кармоў накормім жывёлу – усяго ў нашых гаспадарках каля 400 галоў дойнага статку. Зараз жа ад душы крыху адлягло – дакошваем дземянецкія 220 гектараў, ёсць яшчэ селішчанскія адналетнікі, істотна дададуць кармавых адзінак агульныя 225 га кукурузы, а яшчэ ў запасе рэдзька”, – разважае кіраўнік сельгаспрадпрыемства.

Зрэшты, тэмпы корманарыхтоўкі тут, канечне, пажадана паскорыць: па кармавых адзінках на ўмоўную галаву жывёлы абедзве гаспадаркі крыху адстаюць ад агульнараённага паказчыка, які на ўчарашнюю раніцу складаў 13,6. На лідарскія ж пазіцыі па гэтым параметры зараз выйшлі вялікадальчане (15,45). Што датычыцца відаў кармоў, то план па нарыхтоўцы сенажу ў раёне выкананы на 67,6 працэнта, а ў сіласныя траншэі пакуль закладзена 17,5 працэнта да планавай лічбы. Надвор’е спрыяе работам, але відавочна, што восень нядоўга будзе такой лагоднай.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *