На Ушаччыне нямала людзей, у жыцці якіх турызм займае важнейшае месца. І мы прапрасілі некаторых з іх узгадаць самыя цікавыя падарожжы і турыстычныя прыгоды.
Валерый Корань:
“У сярэдзіне 80-х я пачаў весці турыстычныя гурткі ў Арэхаўскай і Глыбачанскай школах. У той час сталі практыкаваць дальнія велапаходы: на восеньскіх канікулах мы з вучнямі адпраўляліся ў Крым, на вясенніх – у Карпаты. У групу бралі толькі 12-15 чалавек, і каб туды трапіць, трэба было сябе праявіць ва ўчобе і спорце ці… быць цяжкім падлеткам, які мае патрэбу ў перавыхаванні. Дарэчы, адной з нашых актыўных турыстак была Людміла Давыдава, якая зараз узначальвае аддзел па адукацыі. Да старту маршрута мы ехалі поездам: веласіпеды разбіралі па запчастках і складвалі ў спецыяльна пашытыя чахлы, везлі з сбой палаткі, спальнікі, прадукты, посуд, адзенне. Убачыўшы на пероне нашу кампанію, праваднікі былі ў шоку: загрувасцяць зараз увесь вагон! Але мы ўмелі вельмі кампактна ўладкоўвацца. Кожны рух быў адладжны. Памятаю на зваротным шляху нам трэба было выйсці на станцыі Зябкі, дзе поезд стаяў толькі дзве хвіліны. “Вы не паспееце!” – перажывала правадніца. “Паспеем! Вы, галоўнае, дзверы на абодва бакі адчыніце!” І наша група ў лічаныя імгненні дэсанціравалася на перон… Уяўляеце, што значыла для дзяцей з ушацкай глыбінкі ўбачыць горы! Жыць у палатцы на беразе мора і любавацца дэльфінамі. Бывала, у адзін дзень купаемся, потым пераязджаем за перавал – а там выпаў снег. Вядома ж, і славутасці мясцовыя не абміналі. У час аднаго з паходаў у пачатку 90-х у Севастопалі мы зазірнулі ў парк, дзе дэманстраваліся розныя марскія насельнікі. А ў басейн, дзе плавалі нейкія дробныя кракадзільчыкі, наведвальнікі з розных краін кідалі невялікія купюры – рытуал быў такі. Ну і мы кашалькі дасталі – разбавілі маркі і долары сваімі “зайчыкамі” ды “белачкамі”. Іншаземцы на гэта з цікавасцю глядзелі: можа падумалі, што ў нас спецыяльная валюта для паходаў у заапарк прадугледжана… Ніхто не скардзіўся на цяжкасці, усе былі вельмі згуртаваныя. А вярнуўшыся дамоў, пачыналі марыць пра наступную вандроўку…”
Дзмітрый Дрозд:
“У Ільюшынскай школе здаўна былі турыстычныя традыцыі, бо ў нас працавала Антаніна Аркадзьеўна Крывапушчанка, якая і мне перадала сваё захапленне. Адна з нашых традыцый – “пасвячэнне ў турысты”. Для тых, хто ў паходзе ўпершыню, было некалькі розыгрышаў. Так, на першым прывале адны збіралі хвораст, іншыя распальвалі агонь, а навічкам мы загадвалі… прадзімаць макароны. З сур’ёзным выглядам тлумачылі: “Калі ражкі гатаваць у кацялку, яны зліпаюцца, таму папярэдне трэба выдзьмухнуць з іх паветра. А вы што, не ведалі?!” Амаль усе верылі! А неяк раз мы збіраліся ў пешы паход і запыталіся, хто возьме з сабой сапёрную лапату. Выклікаўся адзін навічок і прынёс… вялізную садовую. Першы час ён бадзёра выкарыстоўваў яе як посах, але на зваротным шляху Мікіту Халімоненку давялося несці і інвентар, і рукзак хлопчыка. Аднойчы на абласных спаборніцтвах па спартыўным арыентаванні на трасу выйшаў… лось – паназіраў за намі і рушыў у гушчар. А ў іншы раз юная турыстка Віялета Міхейка, убачыўшы, як нехта ломіцца праз кусты, вырашыла, што гэта мядзведзь, – насамрэч жа Мацвей Азарэвіч крыху збіўся з маршруту. Успамінаецца, як Віктар Іванавіч Акулёнак злавіў на Оталаве 5-кілаграмовага ляшча, якога мы запяклі на вогнішчы – вельмі смачна было! Думаю, што вандроўкі і турзлёты застануцца яркім успамінам для ільюшынскіх вучняў!”
Юрый Акудовіч:
“Усё маё жыццё прысвечана турызму, які быў і прафесіяй, і галоўным захапленнем. У савецкі час абышоў і аб’ехаў увесь Саюз – ад Карпат да Чукоткі, а пазней пабываў больш чым у паўсотні краін. Як тут вылучыш найбольш адметнае? Таму раскажу пра самыя свежыя ўражанні. Гэтай вясной мы адправіліся ў 750-кіламетровы пешы паход па Іспаніі па знакамітай сцяжыне, якая вядзе да хрысціянскай святыні – Кафедральнага сабора Санцьяга-дэ-Кампастэла. Гэты паломніцкі шлях, па якім штогод праходзяць сотні тысяч чалавек з усяго свету, вядомы ўжо дзесяць стагоддзяў і ўнесены ў спіс сусветнай спадчыны
ЮНЭСКА. За дзень мы адольвалі каля 30 км, на начлег спыняліся ў інтэрнатах, любаваліся далінамі кветак, старажытнымі палацамі і храмамі. А на фінішы маршрута я быў, напэўна, адным з самых узроставых падарожнікаў. Было вельмі прыемна адчуваць, што ты здолеў гэта зрабіць! Дарэчы, сустрэлі мы на сцяжыне і беларусаў. Калі нехта шукае незабыўных уражанняў – прайдзіце па шляху Санцьяга!”.
Падрыхтавала Наталля БАГДАНОВІЧ.