Калі аднакласніца папрасіла даць пчол, маўляў, таксама паспрабуе іх разводзіць, Мікалай Віктаравіч адмовіў. “Лепш гатовага мядку ў мяне вазьмі, бо справа гэта – фізічна цяжкая і вельмі затратная! – запэўніў ён. – Адно вядро 15 кілаграмаў важыць, а зручнейшыя бідоны нават не кожны мужчына асіліць”. У сям’і Міхайлавых, дарэчы, спецыяльна машыну з нізкай пасадкай набылі – каб прасцей з пагрузкай спраўляцца.
Адрас пчаляра з 30-гадовым стажам упершыню ў сваёй журналісцкай практыцы шукалі не па ўказальніках ці прадметных арыенцірах – ішлі, можна сказаць, на слых. У Краснай Горцы Глыбачэнскага сельсавета – характэрная для сельскай мясцовасці цішыня. Не пачуць з аддаленай вулачкі пчаліны гул ад пасекі ў 40 вулляў у такіх умовах проста немагчыма! Для нашага ж героя, які нарадзіўся і вырас тут, гэта лепшая музыка для душы, без якой узімку страшна сумуе.
– Нават не ведаю, як з’явілася жаданне заняцца пчалярствам, – прызнаецца М.В.Міхайлаў. – Жыў у Наваполацку, працаваў апаратчыкам на “Паліміры” і ніякага ўяўлення не меў, як разводзіць меданосак… Калі ж неяк клаў знаёмаму дзядулю печку, даведаўся шмат цікавага, не адмовіўся і ад падарунка ў выглядзе двух заселеных вулляў. Пачаў штудзіраваць тэматычную літаратуру, а па выхадных – калі прыязджаў на малую радзіму – практыкаваўся.
Цяпер, калі ўжо на пенсіі, часу і сіл на такую справу Мікалай Віктаравіч не шкадуе. Сам змайстраваў вуллі, “апрануўшы” іх у яркія колеры для настрою, прадугледзеў запас рамак ды лавушак (на абнаўленні пчаліных сямей ужо набіў руку), пашыў падушкі для ўцяплення домікаў на зіму, наладзіў безадходную вытворчасць – з перагонкай мёду, зборам праполісу і пяргі, тапленнем воску з далейшай яго заменай на вашчыну… Усім гэтым мужчына займаецца афіцыйна. Даўно напрацавана і кліентура – пераважна з ліку знаёмых, былых калег, якія самі прыязджаюць у Красную Горку ці просяць прывезці мядку.
Ці часта даводзіцца кантактаваць з пчоламі? У цёплы сезон – літаральна штодня! Мужчына не чакае пэўных дат – нават калі адна з наяўных 600 рамак запячатваецца (за гэтым трэба пастаянна сачыць), вымае. Сёлета пачаў адкачку мёду ўжо ў маі, чаго ў папярэднія некалькі гадоў не было. Двойчы за сваю пчалярскую практыку здымаў і самы ранні – лазовы, густы, як ірыска, з зеленаватым адценнем.
Ці кусалі яго “падапечныя”? Бывала, аднак пчаляр гэта ўспрымае нармальна: у пчол таксама, упэўнены ён, ёсць характар, інстынкт самазахавання. Ну а каб не прычыніць шкоды іншым, бярэцца за вуллі звычайна ў будныя дні, калі ў вёсцы народу менш, і лепш – гадзіны ў чатыры раніцы.
Заўсёды побач з М.В.Міхайлавым – яго жонка Святлана Пятроўна, якая сціпла называе сябе ў пчалярскай справе “падсобным рабочым”. Тым не менш, менавіта на ёй – улік усяго, што адбываецца на пасецы. У спецыяльным журнале на працягу вось ужо 11 гадоў жанчына фіксуе, якая па моцы сям’я жыве ў кожным вуллі, ці быў у ёй расплод, колькі рамак на канкрэтную дату было сабрана і ці патрэбна восенню падкормка (у якасці яе выкарыстоўваюць сіроп з палыном, а паверх абавязкова кладуць салому – каб пчолкі не патапіліся). Усё гэта сур’ёзна дапамагае ў рабоце, яе планаванні.
– Медазбораў у нашай мясцовасці няшмат, – уздыхае мужчына. – Раней выручалі палеткі з грэчкай ды баршчэўнік, якіх зараз практычна няма. Пчолам у такіх умовах даводзіцца працаваць на знос, пераадольваючы за нектарам у адзін бок не па два-тры кіламетры, якія лічацца прадуктыўнымі, а каля шасці.
Гэтак жа не шкадуючы сябе, шчыруе і сам Міхаіл Віктаравіч. Падчас невялікай экскурсіі па яго сядзібе пабывалі адразу ў некалькіх “перакваліфікаваных” пад пчалярства гаспадарчых пабудовах, на практыцы пазнаёміліся з ноу-хау пчаляра па выманні пяргі з сотаў, ацанілі “надзейнасць” спецадзення, а ў доме спецпрыборам змерылі працэнт вады ў сабраным нядаўна мядку. Аказаўся ён, дарэчы, у рамках нормы – герой нашага аповеду пастаянна кантралюе ўсе паказчыкі якасці залатога ласунку, які вырабляе.
– Не скажу, што надта люблю мёд, але па прынцыпе “трэба” яго рэгулярна спажываю, – прызнаецца пчаляр. – Лепшых лекаў ды вітамінных комплексаў яшчэ не прыдумана! Ад пяргі, дарэчы, ніколі не бывае алергіі, яе нават малым дзецям даваць можна. Пры першых жа прыкметах прастуды ці для яе прафілактыкі разжаваць крыху праполісу – і вірусаў можна не баяцца.
– За сезон звыш тоны атрымліваецца, лішкаў ніколі не бывае, – прызнаецца М.В.Міхайлаў. – Быў выпадак, калі мужчына завітаў у вёску, паназіраў за маёй работай і выдаў: “Мне кожны год – па 150 літраў!” Пабываў краснагоркаўскі мядок нават у Канадзе – дачка аднакласніцы набывала.
Падчас візіту ў Красную Горку нам пашанцавала: настрой у крылатых “падапечных” Мікалая Віктаравіча быў лагодны – ні адна не паквапілася ўджаліць. Напэўна, таму, што завіталі мы да вулляў у суправаджэнні чалавека стараннага, шчыра ўлюбёнага ў сваю справу.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.