Кожны год у нашай краіне праходзіць акцыя “У школу – з “Белай Руссю”. Не застаюцца ў баку ад яе і на Ушаччыне – на бягучым тыдні падарункі ды віншаванні прымалі ў дзіцячым садзе №3 гарпасёлка.
У госці да педагогаў, выхаванцаў установы з прыемнай місіяй завіталі член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня райсавета і раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Н.М.Марковіч і начальнік аддзела па адукацыі Л.В.Давыдава. Ад прыгаданага грамадскага аб’яднання ва ўсе групы яны перадалі ёмкія наборы з канцылярскімі прыладамі.
– Хоць у школу гэтыя хлопчыкі і дзяўчынкі пойдуць не сёлета, удзяліць увагу вырашылі менавіта ім, бо сярод іх – нямала тых, хто выхоўваецца ў мнагадзетных, прыёмных, няпоўных сем’ях, – зазначыла Наталля Мікалаеўна.
Сенатар таксама праінспектавала гатоўнасць дзіцячага сада і памяшканняў, у якіх размесцяцца два першыя класы Ушацкай школы, да 1 верасня. Зробленаму яна дала высокую ацэнку і пажадала ўсім станоўчых здзяйсненняў у новым навучальным годзе.
На здымку: падарункі ад Н.Марковіч і Л.Давыдавай атрымлівае намеснік загадчыка ўстановы М.Капусцёнак.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.