Готовы ли в ОАО «Агро-Селище» к старту посевной кампании?

Сельское хозяйство

Ці гатовы да хуткага старту пасяўной тэхніка і насенны матэрыял? Ці наведзены належны парадак у жывёлагадоўчых памяшканнях і на тэрыторыі фермы? Гэтыя і іншыя аспекты цікавілі ўдзельнікаў чарговага сумеснага рэйду, што на старце аграрнага сезона ладзяцца па прадпрыемствах АПК. У гэты раз памочнік пракурора В.У.Лісаў і намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Ушацкага райвыканкама С.А.Белагрыўцаў накіраваліся ў ААТ “Агра-Селішча”.

Убачанае на мехдвары пакінула неблагое ўражанне. Мы ўжо расказвалі, што ўсе выстаўленыя на лінейку тутэйшыя адзінкі з першай спробы прайшлі тэхагляд. Быццам у чаканні, калі іх зачэпяць за трактары, стаялі ў радок падрыхтаваныя да сезона чатырохкорпусны плуг, чызельны культыватар, глебаапрацоўчы агрэгат “Рубін”, новыя шыроказахопная 12-метровая гідрафікаваная барана, апырсквальнік і гноераскідвальнік, а таксама чатырохметровая сеялка, на якую прыпадзе ўвесь цяжар пасяўной, бо другую аднавіць немагчыма – прадпрыемства, у якога яе набывалі, спыніла дзейнасць і, адпаведна, выраб патрэбных для рамонту дэталяў. У “раскатаным” стане пакуль знаходзіцца і МТЗ-3022, якому патрэбна замена падшыпніка. Тэхніка гэта “стратэгічная”, менавіта яе меркавалі задзейнічаць на ўзворванні, так што, магчыма, кіраўніцтву давядзецца шукаць іншае выйсце. У ангары ж над сваім рабацягам-МАЗам шчыраваў Дзмітрый Плігаўка – рыхтаваў старую машыну да новых рэкордаў. У вялікім памяшканні быў парадак, а вось у асобных аддаленых пакоях не перашкодзіла б і прыбрацца. А яшчэ перасунуць у іншае месца фуражнае зерне, на якое капала вада з працёкшага даху майстэрні (на ніжнім здымку).

Зрэшты, апошні негатыўны момант паабяцалі неадкладна ўхіліць работнікі зернесклада, куды ўдзельнікі рэйду адправіліся потым. Увогуле выгляд запоўненых насеннем і пазначаных таблічкамі адсекаў і амаль бездакорны парадак у памяшканні, над навядзеннем якога шчыравала загадчык Вольга Банкарова і яе падначаленыя, радавалі вока. “Глядзіце, які прыгожы гарох! – з задавальненнем ацэньваў навобмацак насенны матэрыял С.Белагрыўцаў. – Трэба сказаць, што падчас мінулага кантрольнага візіту на гэтым аб’екце было да чаго прыдрацца, зараз жа практычна ўсе заўвагі ўлічылі”.

Канечне, больш складана падтрымліваць у парадку жывёлагадоўчыя памяшканні, па якіх нас правяла загадчык селішчанскай фермы Алена Бельская. Прыемнае ўражанне пакінуў новы светлы цялятнік для самых маленькіх, пабудаваны да леташняга стойлавага сезона. Адзначылі ўдзельнікі рэйду неблагі выгляд хлява і добрую якасць сена, якім ласаваліся цяляты на дарошчванні. Больш заўваг было да кароўніка, дзе стаіць дойны статак. У прыватнасці, дакладна не адпавядаюць санітарным патрабаванням выбітая плітка на падлозе і цвіль на сцяне “малочнай”. Прынамсі, апошняя ўзнікае з-за адсутнасці натуральнай вентыляцыі, бо нават уключаны прыбор слаба дапамагае зменшыць вільготнасць у памяшканні. А вось зняць павуцінне па кутках не складае цяжкасцяў, як і выклікаць электрыкаў, каб тыя пачысцілі ад яго адпаведныя шафы.

А ля хлявоў увагу ўдзельнікаў рэйду прыцягнулі дзве кучы бруднага рапсу. Як патлумачыў кіраўнік прадпрыемства, гэта масланасенне двойчы спрабавалі здаць на завод, аднак яго вярталі з-за парушэння стандарту па засмечанасці. У выніку каля дзвюх тон пайшлі на корм жывёле, а астатняе пачало плеснець. Памочнік пракурора даручыў інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін зрабіць аналіз змесціва куч, паводле якога было вызначана, што адна з іх сапраўды непрыдатная, а ў другой маецца да 30 працэнтаў зернефуражу, таму рэкамендавана яе перачысціць.

– Хацелася б, каб кіраўнікі і спецыялісты гаспадарак больш пільна і адказна падыходзілі да такіх сітуацый, беражліва ставіліся да матэрыяльных каштоўнасцяў, – падкрэсліў В.Лісаў.

Па выніках рэйду накіраваны прадпісанні па ўхіленні выяўленых хібаў, ну а яго ўдзельнікі ў хуткім часе адправяцца па іншых маршрутах.

Падрыхтавала Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *