Мораль — больнее штрафов: как достучаться до совести правонарушителей?

Общество

У нашым раёне надаецца пільная ўвага прафілактычнай рабоце з так званымі нядобранадзейнымі катэгорыямі грамадзян. На мінулым тыдні прайшло пасяджэнне раённага савета грамадскіх пунктаў аховы парадку, якое правяла намеснік старшыні Ушацкага райвыканкама В.І.Карчэўская. На пасяджэнне былі запрошаны грамадзяне, якія знаходзяцца ў полі зроку праваахоўных органаў.

Сярод тых, каго заслухалі на пасяджэнні савета, былі скандалісты, аматары прагуляцца ў нецвярозым стане па грамадскіх месцах, бацькі-п’яніцы, нядаўна вызваленыя з-пад арышту грамадзяне. Асобныя з іх на савеце не ў першы раз. У кожнага свая гісторыя, але ўсіх іх аб’ядноўвае прыхільнасць да спіртнога, што не толькі губіць саміх аматараў выпіць, але яшчэ і калечыць лёсы іх родных. Многія, на жаль, не хочуць нават паспрабаваць змяніць стыль свайго існавання, азірнуцца вакол, адчуць сябе сапраўднымі людзьмі.
Так, напрыклад, грамадзянка Ц. – абавязаная асоба – не гарыць жаданнем штомесяц выплачваць грошы на ўтрыманне сваіх дзяцей, клопаты аб якіх узяла на сябе дзяржава. Пастаянныя прагулы, п’янства сталі нормай для гэтай жанчыны. Яе паводзіны, мякка кажучы, не зусім адэкватныя: яна дэманстратыўна ўсім аб’яўляе, што не баіцца ахоўнікаў правапарадку і нават хоча сесці ў турму. Пра тое, што алкаголем, разгульным ладам жыцця яна перакрэсліла ўсё добрае, што некалі мела, – сям’ю, нармальную работу, рэпутацыю – грамадзянка не думае. Да таго ж яшчэ належным чынам не даглядае сваю маці. Часам пажылой жанчыне прыходзіцца хавацца ў каморку ад сваіх падвыпіўшых дзетак, якія, дарэчы, алкаголь набываюць за яе пенсію. Дастукацца да свядомасці грамадзянкі Ц. было не так проста. Нават перад аўтарытэтнай грамадскасцю прызнаваць сваю віну жанчына не спяшалася. Маўляў, нічога страшнага ў такім ладзе жыцця яна не бачыць, а са сваімі праблемамі справіцца сама. Ушчуваннямі ды заклікамі жыць прыстойна, не парушаць закон удзельнікі пасяджэння не абмяжоўваліся: жанчыну папярэдзілі аб мерах уздзеяння, якія могуць быць прыменены да яе за такія паводзіны. Было абмеркавана пытанне змяшчэння маці грамадзянкі ў Вяркудскае аддзяленне кругласутачнага прабывання для пажылых людзей і інвалідаў – хаця б на зімовы час.
Іншы раз чалавек не па сваім жаданні аказваецца ў няпростай жыццёвай сітуацыі. Каб уладкавацца на работу, мець стабільны даход і без праблем забяспечваць сям’ю, неабходны пэўныя ўмовы. Адзін з запрошаных на пасяджэнне толькі што вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі. Яго пашпарт пратэрмінаваны, а таму ўладкавацца на работу ён не можа. Аналагічная сітуацыя і ў маладога чалавека, грамадзяніна Расіі, у якога таксама не ўсё ў парадку з дакументамі. Аднак гэтыя праблемы – вырашальныя. Адразу на пасяджэнні былі разгледжаны пытанні аб вакансіях у раёне, грамадзянам будзе аказана дапамога ў афармленні пашпартоў, працаўладкаванні, рэгістрацыі па месцы жыхарства.
Яшчэ двое мужчын, якія былі запрошаны на савет, прыцягваліся да адказнасці за знаходжанне ў нецвярозым стане ў грамадскіх месцах. Абодва пасля ўжывання алкаголю спалі ля фантана ў райцэнтры. Па ўсім было відаць, што перад аўдыторыяй членаў савета запрошаныя адчувалі сябе няёмка, апускалі вочы долу. Мужчыны паабяцалі, што стануць на шлях выпраўлення. “Зраблю ўсё магчымае, каб больш не сустракацца з такой нагоды, – сказаў адзін з іх. – Усё ж такі мараль – больш балючая, чым штрафы!”.
Быў на пасяджэнні савета і другі кантынгент: за плячыма іх зноў жа п’янка, а потым распусканне рук ці скандалы са знаёмымі. Але і ім быў дадзены шанс на выпраўленне. Толькі ці ўсе скарыстаюць яго? Будзем спадзявацца, што абагульненае слова грамадскасці ўсё ж будзе пачута тымі людзьмі, да каго яно звернута.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *