В школах Ушаччины прозвенел последний звонок

Общество

Завяршыўся чарговы школьны марафон. У суботу ва ўсіх установах адукацыі Ушаччыны прагучаў апошні званок. І калі для школьнікаў ён абвясціў аб самай цудоўнай і бесклапотнай пары – летніх канікулах, то для выпускнікоў – аб пачатку самастойнага дарослага жыцця. Ва Ушацкай школе 48 адзінаццацікласнікаў сёлета развітаюцца з любімымі настаўнікамі і шчаслівымі школьнымі гадамі. У самастойны шлях адправяцца і многія з 78 дзевяцікласнікаў.

Свята апошняга званка ва ўшацкіх школьнікаў прайшло на плошчы гарпасёлка. Хоць і было яно не вельмі масавым – прысутнічалі толькі першакласнікі, выпускнікі 9 і 11 класаў, а таксама выдатнікі вучобы – усё роўна атрымалася па-сямейнаму цёплым і шчымлівым. Галоўнымі героямі сталі адзінаццацікласнікі разам са сваімі класнымі кіраўнікамі – Святланай Дзмітрыеўнай Галай і Людмілай Аляксандраўнай Худалеевай.

– Здаецца, толькі ўчора вяла маленькую дачушку за ручку ў першы клас, а ўжо непрыкметна праляцелі 11 гадоў! – думкі многіх бацькоў, якія не маглі стрымаць хвалюючых эмоцый у гэты радасны і адначасова сумны дзень, выказалі ўшачанкі Галіна Талстая і Таццяна Раманоўская.

Кожны з юнакоў і дзяўчат, безумоўна, захавае ў памяці гэты святочны момант. Менавіта пра гэта ў сваім прывітальным слове казаў дырэктар навучальнай установы В.І.Клімашэўскі.

– Першае расчараванне, першая перамога – усё гэта было ў сценах школы. Яшчэ нядаўна вам здавалася, што ўрокі матэматыкі і рускай мовы ніколі не скончацца… Але апошні школьны май наступіў. Упэўнены, што ўсе выпрабаванні, якія рыхтуе лёс, кожны з вас пройдзе дастойна, – звяртаючыся да выпускнікоў, зазначыў Віталь Іосіфавіч.

За высокія дасягненні ў вучобе, перамогі ў розных конкурсах, удзел у алімпіядах, спартыўных спаборніцтвах шэрагу вучняў ён уручыў граматы і лісты падзякі. Напэўна, самы вялікі “ўраджай” узнагарод у гэты дзень сабралі дзевяцікласніцы Паліна Сазонава і Кацярына Мартынюк.

Канечне, не абышлося і без пажаданняў педагогаў і бацькоў, слоў удзячнасці ад выпускнікоў, а таксама пранікнёных вершаваных віншаванняў ад першакласнікаў, якія скончаць школу толькі ў 2031 годзе. І калі на свяце першага званка ў верасні яны атрымлівалі ад выпускнікоў падарункі, то зараз ужо ім уручалі зробленыя сваімі рукамі сімвалічныя званкі з віншаваннямі.

Права даць апошні званок было дадзена адзінаццацікласніку Марату Клачку і першаклашкам Арцёму Федуковічу і Лідзіі Шараевай. Пасля яго гукаў на плошчы і на парозе школы былі зроблены яшчэ сотні фота на памяць. Наперадзе ў выпускнікоў апошнія школьныя іспыты – экзамены.

Названая ўрачыстасць прыгожа, шчымліва прайшла і ў іншых установах адукацыі Ушаччыны. На мерапрыемствах прысутнічалі ганаровыя госці – члены райвыканкама, прадстаўнікі аддзела па адукацыі, арганізацый раёна. Супрацоўнікі райаддзелаў міліцыі і па надзвычайных сітуацыях нагадалі школьнікам аб неабходнасці захавання правілаў бяспекі і заканадаўства падчас летніх канікул, выказалі спадзяванне ўбачыць дзяцей у верасні здаровымі, бадзёрымі, поўнымі сіл.

Вольга КАМАРКОВА.

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *