Обслуживание на селе, ассортимент «молочки» и другое. Интервью с директором Ушачского филиала облпотребобщества Анной Хамёнок

Общество

“Людзі, якіх мы абслугоўваем на сяле, дастойны лепшага. На глыбінцы павінна быць якасная замена стацыянарнаму магазіну. Перарабіць праграму Белкаапсаюза. Кааперацыя можа стаць бізнес-хабам усяго беларускага”.

Такімі былі асноўныя патрабаванні Прэзідэнта на агульным сходзе прадстаўнікоў саюза на мінулым тыдні. А паколькі сітуацыя ў нашым раёне мала чым адрозніваецца ад агульнай па краіне і напрамую закранае нашых жыхароў, за каментарыямі мы звярнуліся да ўдзельніцы сходу, дырэктара Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства Г.У.ХАМЁНАК.

– Ганна Уладзіміраўна, мы на працягу апошняга года на паўпустых паліцах назіралі пагаршэнне сітуацыі і ведаем, што ўшацкія кааператары аказаліся заложнікамі сітуацыі. Што павінна змяніцца пасля сур’ёзнай размовы на вышэйшым узроўні?

– Па-першае, распрацавана новая праграма развіцця, яна не агучвалася, будзе ўдасканальвацца, аднак, упэўнена, стане для нас падтрымкай. Мы выконваем сацыяльную функцыю: на абслугоўванні філіяла 610 вёсак і 89 стацыянарных магазінаў, аўтакрама два разы на тыдні прыходзіць і да аднаго чалавека, зразумела, нясём страты, і можам разлічваць на пэўныя ільготы. Першыя ўжо з’явіліся. Для кааператараў як і для аграрыяў зніжана аплата за электраэнергію. Мясцовым Саветам дэпутатаў перададзена пытанне па змяншэнні падаткаў. Увогуле гэта выдатна, што на нашы праблемы звярнулі ўвагу, Прэзідэнт даручыў сачыць за сітуацыяй і дапамагаць як на ўзроўні ўрада, так і непасрэдна губернатарам абласцей.

Бізнес-хаб усяго беларускага. Прэзідэнт падкрэсліў, што менавіта кааперацыя павінна шырэй развіваць напрацоўкі ў вытворчасці беларускіх нацыянальных брэндаў. Мочаныя агуркі, грыбы, капуста, клёцкі і мачанка, збіцень і хлябцы, “Бацькава булка” ці “Цешчына каўбаса” – гэта не толькі гастранамічны турызм, але і экспартныя тавары, якія з задавальненнем разыходзяцца на міжнародных кірмашах.

– Не стаяла пытання па перадачы абслугоўвання на вёсцы іншым сеткавікам?

– Наадварот, прагучала катэгарычнае “Белкаапсаюзу быць” і менавіта для абслугоўвання глыбінкі. Дарэчы, прыярытэт мы і да гэтага часу аддавалі сялу – у першую чаргу насычаем прадуктамі аўтакрамы, бо калі пакупнікі гарпасёлка маюць выбар, то ў глыбінцы спадзяюцца на нас. Ніхто з сеткавікоў не возьме на сябе абслугоўванне вёсак. У Полацкім раёне адзін прыватнік спрабуе, ды спыніўся толькі на буйных населеных пунктах. А які мінімальны кошт пакупкі пры дастаўцы Еўраопта – 150 рублёў! Вось вам і адказ. Мы працуем у няроўных умовах. Да “Санты” людзі даходзяць самі, ёсць тавараабарот, зарплаты і зноў тавар. Мы ж і прадукты падвозім да дому, а часта нават прадаўцоў да Селішча, Матырына, Двор Пліна. Гэта ўсё страты. Аўтакрамы сучасныя, з халадзільнікамі, генератарамі, падведзенай вадой, аднак яны не даляцяць да вёскі. Зіма – выпрабаванне для дарожнікаў, камунальнікаў і для нас: раскруціла машыну, засела, а на вырашэнне праходзіць час. Дзякуй кіраўнікам “Сафійскіх дароў”, “Вялікадолецкага”, якія шмат разоў выручалі ў гэты сезон.

Стратнымі за мінулы год аказаліся ўсе магазіны і аўтакрамы Ушацкага філіяла. Не перакрыты яны і прыбыткам, атрыманым у прамысловасці кааператараў: хлебапякарным цэхам, па разліве напіткаў, забоі і раздзелцы туш жывёлы.

– Літаральна днямі скарга на дрэнны асартымент “малочкі” паступіла з Касароў. Зноў перабоі з пастаўкамі тавараў?

– Мы можам дакладна сказаць, калі захварэў хто з паштавікоў, як у выпадку з Касарамі. Некаторыя вяскоўцы бралі тавар у іх, зразумела, прадавец магазіна заказваў меней. А калі там няма, значыць скаргі на дрэннае абслугоўванне паступаюць да кааператараў. А ў філіяле таксама працуюць людзі, і хварэюць. Былі часовыя праблемы з завозам тавараў па гэтай прычыне. Увогуле перабояў з пастаўкамі “малочкі”, каўбас, круп, цыгарэт няма. Мяса, хлеб, агародніна – уласныя і часта таннейшыя, чым у канкурэнтаў. Зразумела, сітуацыя з адсутнасцю тавараў летась паўплывала на адток пакупнікоў. Але мы будзем іх вяртаць. Іншага выйсця нама, ды і вяскоўцы ў большасці сваёй удзячны кааператарам за тое, што мы ёсць. Белкаапсаюз хоць і мае прыватную форму ўласнасці, але самая што ні ёсць дзяржаўная арганізацыя. Не здыманне вяршкоў, прыбытак дзеля прыбытку, а забеспячэнне людзей прадуктамі было і застаецца нашай асноўнай задачай.

У кааператараў Віцебшчыны на абслугоўванні самая вялікая па колькасці сетка населеных пунктаў: 3600, у 1800 з якіх пражывае да 10 чалавек. Штодзённы круг адной машыны складае каля 200 кіламетраў і ў сярэднім усяго 15 вёсак. З 216 кропак ушацкіх аўтамагазінаў – 149 з насельніцтвам ад аднаго да 10 чалавек.

Гутарыла Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *