В Ушачском районе прошёл районный праздник “Дажынкі-2023”

Общество

На Віцебшчыне дадзены старт вялікаму святочнаму марафону пад назвай “Дажынкі-2023”. У Шаркаўшчыне ў пятніцу адбыўся абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла. Далей эстафету падхопліваюць іншыя рэгіёны, а фіналам урачыстасцяў стане ўшанаванне аграрыяў у дзень прафесійнага свята ў лістападзе. Аднымі з першых раённыя “Дажынкі” правялі на Ушаччыне: у суботу ўсе шляхі вялі ў Глыбачку – менавіта гэтаму аграгарадку выпаў гонар стаць пляцоўкай правядзення масавага мерапрыемства.

“Дажынкі” – гэта не проста фестываль аграрыяў, а вялікі сацыяльны праект. Напрыклад, да свята ў Шаркаўшчынскім раёне абнавілася больш за сотню патрэбных людзям аб’ектаў. Папрыгажэла і наша Глыбачка – нямала зроблена напярэдадні па добраўпарадкаванні населенага пункта. А пачалося раённае свята з мітынгу на брацкай магіле ў аграгарадку. Не ўшанаваць памяць тых, хто даў магчымасць адчуваць радасць працы на мірнай зямлі, аграрыі проста не маглі. Тым больш што ў сілу сваёй занятасці не так часта ўдзельнічаюць у раённых мітынгах. Гэта памятнае месца – адно з асаблівых: старшыня Глыбачанскага сельвыканкама Віктар Шаршнёў нагадаў, што менавіта тут народныя мсціўцы прынялі першы бой, калі вораг пачаў змыкаць кальцо блакады, у Глыбачцы пахавана больш 1400 партызан і салдат, у тым ліку Герой Савецкага Саюза Барыс Юркін. Да пліт з імёнамі загінуўшых ляглі чырвоныя гваздзікі.

Урачыстае шэсце дэлегацый – заўсёды самы яркі момант “Дажынак”. І на гэты раз нашы аграрныя калектывы зноў выглядалі вельмі прадстаўніча. Адрознівалі іх не толькі святочныя шары і сцяжкі, а і спецыяльныя шалікі і кепкі. Пад гучны рытм ушацкіх барабаншчыц калона прайшла па цэнтральнай вуліцы аграгарадка да пляцоўкі ля сельскага Дома культуры, дзе разгарнулася асноўнае дзейства. Глыбачанцы выходзілі з дамоў, каб прывітаць герояў жніва, махалі ім і апладзіравалі, здымалі калону на відэа.

Што і казаць, сёлетні год для аграрыяў выдаўся нялёгкім, капрызнае надвор’е пастаянна падносіла сюрпрызы і, нягледзячы на старанні, не дазволіла вырасціць добры ўраджай. На Віцебшчыне сабрана больш за 624 тысячы тон збожжа. Ёсць у гэтым выніку і ўклад ушачан. “Словы ўдзячнасці выказваю ўсім, хто ўнёс сваю лепту ў каравай-2023! Менавіта вы – хлебаробы, кіраўнікі, спецыялісты гаспадарак – сваёй працай забяспечваеце харчовую бяспеку, дабрабыт дзяржавы. Усё, што нам удалося зрабіць – вынік вашых намаганняў, адказнасці, ведаў. Дзякуй за вашу нялёгкую працу!” – вітаючы ўдзельнікаў “Дажынак”, падкрэсліў старшыня райвыканкама Сяргей Сяргеевіч Садоўскі. Кіраўніку раёна па традыцыі быў уручаны галоўны дажыначны каравай. Атрымалі духмяны хлеб і дырэктары ўсіх гаспадарак.

Узнагароджанне перадавікоў жніва заўсёды з’яўляецца кульмінацыйным момантам “Дажынак”. У гэты ж раз прысутнічала і немалая інтрыга: аграрыі да апошняга не ведалі, хто з іх трапіў у прызавыя тройкі. А таму з прыемным здзіўленнем сустрэў механізатар “Сафійскіх дароў” Аляксандр Гусёнак словы вядучага пра тое, што сёлета менавіта ён дасягнуў самага значнага агульнага намалоту, апярэдзіўшы прызнаных мэтраў хлебаробскай справы і лідараў мінулых уборачных – ільюшынца Анатоля Спірыдзёнка і глыбачанца Аляксандра Малахава. А вось залік сярод камбайнераў, што працуюць на машынах меншай магутнасці, сюрпрызаў не прынёс – дыплом пераможцы з рук старшыні райвыканкама атрымаў вялікадальчанін Сяргей Вусько. Непрадказальнымі аказаліся вынікі ў адвозчыкаў зерня. Атрымліваць вышэйшую ўзнагароду ў групе тых, хто працуе на тэхніцы грузападымальнасцю да 9 тон, прадстаўнік “Сафійскіх дароў” Мікалай Багданаў выйшаў не ў святочным касцюме, а ў спяцоўцы – заехаў на “Дажынкі” на сваім МАЗе пасля выканання працоўнага задання. Нікога не здзівіла прысутнасць у прызёрах яшчэ аднаго работніка самай буйной нашай гаспадаркі Уладзіміра Зеленіка. А вось першынство ільюшынца Валерыя Спірыдзёнка ў класе машын з большым рэсурсам для многіх было нечаканым. Прынамсі, не ведаюць гэтага аграрыя, напэўна, толькі навічкі: доўгі час яны з братам Анатолем складалі сямейны тандэм у роднай гаспадарцы, потым Валерый каля дзесяці год працаваў у прыватным сектары грузаперавозак, але ў мінулым сезоне зноў вярнуўся ў “Ільюшынскі”. “Былі гады, што трапляў у лік лепшых адвозчыкаў нават на абласным узроўні і, канечне, прыемна зноў аказацца на прыкметных пазіцыях”, – падзяліўся з намі вадзіцель. Радаваўся свайму “срэбранаму” поспеху глыбачанскі механізатар Васіль Качан. Ільюшынцы Аляксандр Кемстач і Аляксей Баяронак забралі “золата” і “бронзу” спаборніцтва сярод аператараў зернесушыльных комплексаў, а другое месца дасталася звяну сафійскай “Васілісы” ў складзе Ігара Філімонава, Віктара Волаха і Ігара Васілеўскага. Падзяку старшыні аблвыканкама атрымалі дырэктар “Сафійскіх дароў” Гурамі Буркенадзэ і механізатар гэтай гаспадаркі Анатоль Хадасевіч, а добрасумленная праца Аляксандра Майсеенкі, Максіма Целепня, Рамана Ладзіка, Міхаіла Клопава, Юрыя Юркевіча, Аляксандра Спірыдовіча, Артура Карабаня, Юрыя Стрыжонка і Андрэя Яфрэмава адзначана Лістамі падзякі райвыканкама. Тры апошнія атрымалі таксама падарункі як лепшыя маладыя ўдзельнікі сёлетняга жніва. Шчыра радаваліся за перадавікоў іх калегі і блізкія. Асабліва ж прыемна было мясцовым лаўрэатам, бо іх ушаноўвалі на вачах землякоў. Да Максіма Целепня, напрыклад, радасна прыціскалася дачушка-першакласніца з прыгожым імем Сабрына – прыемна, калі тата карыстаецца такой павагай!

Ну а якія ж “Дажынкі” без пачастункаў! Зашмат святочных падворкаў за гады журналісцкай працы пабачылі, здзівіць нас цяжка… Ды, як аказалася, магчыма! Ад багацця апетытных, разнастайных і вельмі арыгінальна аформленых сталоў разбягаліся вочы: прадставілі сваю кулінарную і дызайнерскую творчасць усе гаспадаркі і сельвыканкамы. Апошнія ж абсталявалі тэматычныя пляцоўкі, дзе кожны выкладваў свае казыры: азёрная Глыбачка – духмяную юшку з усвейскіх карасёў, кублічане – блінцы, веркужане – дранікі, сарочынцы вабілі лазневым духам ды сушаным ляшчом, хітамі далецкага падворка былі казінае малако і вераснёўскія (!) клубніцы, а плінскія чараўніцы даставалі клёцкі… з бярозавай калоды. Ну а ў Жарскім куточку “дэгустацыйна-мастацкая камісія” затрымалася на самы доўгі час, бо тут і караваем частавалі, і дзіўным ураджаем забаўлялі. Зробленыя ільюшынскімі дзецьмі кракадзіл з агуркоў, чабурашка з радысу ды белакачанны заяц так замілавалі журы, што менавіта гэты падворак атрымаў перамогу ў адпаведным конкурсе, прызы для якога падрыхтавала раённае аб’яднанне прафсаюзаў.

А вось самы прыгожы сноп на выставе гаспадарак вызначалі госці свята – нанізвалі сушкі на пруткі. У выніку найвялікшая піраміда мучных вырабаў засведчыла трыумф “Сафійскіх дароў”. Іх кампазіцыя аказалася самай сімпатычнай і “пухнатай”, бо яе аснову склалі каласы азімага ячменю з даўгім асцём. Намеснік старшыні райсельгасхарча Сяргей Аляксандравіч Белагрыўцаў патлумачыў нам, што айчынныя селекцыянеры вывелі гатунак “Буслік”, прыстасаваны для нашага клімату. Што ж, няхай ён стане “птушкай высокага палёту” і прыносіць беларусам важкія ўраджаі.

Ну а ўдзельнікам “Дажынак” прыемных эмоцый дадаў выдатны канцэрт, у якім сваё майстэрства паказалі як ужо добра вядомы нам калектыў “Талака” Віцебскай філармоніі, так і ўшацкія культработнікі. Апошнія, дарэчы, на сцэну свята выйшлі ў новых прыгожых касцюмах – абноўленым быў і рэпертуар. “Спецыяльна прыехалі на “Дажынкі” з Ушач, дзе праводзім разам з жонкай большую частку года, – прызнаўся нам мінчанін Іван Махнач. – Стараемся не прапускаць ніводнай культурнай і спартыўнай падзеі, і вось што хочам адзначыць: у розных мясцінах бываем, але столькі ўсяго цікавага, як на Ушаччыне, нідзе не праводзіцца!”

“Хочам шчыра падзякаваць арганізатарам, якія вырашылі прывезці “Дажынкі” да нас у Глыбачку, – зазначылі работніцы мясцовай бальніцы Вольга Дамасканава і Валянціна Навасёлава. – З гэтай нагоды і аграгарадок прыкметна папрыгажэў, і мы атрымалі магчымасць далучыцца да яркага свята! А яшчэ і са сваімі блізкімі ўбачыліся: каб не прапусціць такое дзейства, на гэтыя выхадныя да нас усе дзеці ды ўнукі з гарадоў папрыязджалі!”

Адзвінелі гучныя акорды “Дажынак”, але пра гэтую падзею жыхарам аграгарадка будзе нагадваць кляновая алея, што з’явілася на месцы былога Дома культуры. Да свята поўнасцю былі ўбраны рэшткі разбуранага будынка, вывезены камяні, падсыпана зямля. Кіраўніцтва раёна разам з перадавікамі і школьнікамі высадзілі каля трох дзясяткаў клёнаў. З радасцю далучыліся да такой справы і некаторыя глыбачанцы. А ў перспектыве на гэтым месцы з’явіцца цэлы парк.

Апошняй жа інтрыгай свята стаў момант, калі кіраўнік КУСГП “Глыбачаны” Міхаіл Калбасаў з дапамогай жараб’ёўкі вызначыў гаспадарку, якая прыме ў сябе наступныя “Дажынкі”. Такі гонар выпаў “Сафійскім дарам”. Што ж, сёлета зададзена высокая планка і давядзецца пастарацца, каб зноў здзівіць гасцей. Застаецца пажадаць, каб настрой праз год ва ўсіх нас быў яшчэ лепшы – а нябесная канцылярыя не падвяла аграрыяў, якія шчодра паліваюць потам сціплыя ўшацкія нівы і, канечне, заслугоўваюць толькі добрых сюрпрызаў.

Вольга КАМАРКОВА,
Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *