Галине Сергеевне Кулаго судьбой преднозначено было стать многодетной мамой

Общество

У кожнага свая місія на зямлі. Бухгалтару прадпрыемства “Патоля” Галіне Сяргееўне Кулага, якая пражывае ў вёсцы Глыбачка Ушацкага сельсавета, наканавана быць мнагадзетнай матуляй, нягледзячы на тое, што ўласных дзяцей у яе толькі двое. Разам з ёю мы ненадоўга вяртаемся ў мінулае, і вочы жанчыны напаўняюцца слязьмі. Сярод жыццёвай радасці было нямала горкіх хвілін. Ужо няма ў жывых мужа жанчыны, якога так любіла, рана пайшоў з жыцця родны брат, які пакінуў ёй сваіх сыноў Сашу і Дзіму. Менавіта размова пра дзяцей вяртае на твар Галіны Сяргееўны ўсмешку, робіць прамяністым позірк. Сёння гэтак жа, як і ўласныя дзеці Алена і Вадзім, Саша і Дзіма – яе шчасце і гонар.

Бяда прыходзіць тады, калі ты яе не чакаеш. Ды наогул, хто ж тую бяду чакае? Усе мы звычайна прагнем радасці. А радасць Галіны Сяргееўны Кулага азмрочыла вестка аб смерці роднага брата. У хуткім часе яго жонка пачала выпіваць, усё менш часу адводзіць на выхаванне дзяцей, а таму яшчэ маленькіх Сашу і Дзіму ўзяла да сябе бабуля. Аднак лёс няўмольна дыктаваў свае правілы: жыццё жанчыны праз некалькі гадоў таксама абарвалася. Пасля смерці бабулі хлопчыкі засталіся адны. Іх родная маці працягвала шукаць прыгоды і нават не спрабавала сустрэцца з сынамі. Саша і Дзіма былі накіраваны ў дзіцячы прытулак г.п.Ушачы. Часта да хлопцаў прыходзіла Галіна Сяргееўна, у якой лёс таксама адабраў блізкага чалавека – яе мужа, а таму, напэўна, як ніхто іншы яна разумела боль і адчай пляменнікаў. Кожны раз Саша і Дзіма з нецярплівасцю чакалі сваю цёцю і былі бязмежна рады сустрэчам. І Галіна Сяргееўна пайшла на сур’ёзны крок у сваім жыцці – аформіла неабходныя дакументы і забрала дзяцей да сябе, стаўшы для іх прыёмнай мамай.
– Я не магла дапусціць таго, што мае пляменнікі застануцца адны! Думаю, мой брат не будзе ў крыўдзе на мяне за гэта. Сумнявацца ў тым, што Сашу і Дзіму будзе цяжка ўвайсці ў нашу сям’ю, не прыходзілася, – дзеліцца ўспамінамі Г.С.Кулага. – А цяпер мне здаецца, што і яны – мае родныя дзеці, хаця не я іх нарадзіла.
Прыёмныя дзеці называюць Галіну Сяргееўну “цёця Галя”. Яна сама так захацела. Аднак галоўнае, што на справе жанчына для Сашы і Дзімы, так як і для Алены з Вадзімам, – самая родная, адзіная і найлепшая.
З непадробным гонарам і мацярынскай цеплынёй Галіна Сяргееўна расказвае пра кожнага са сваіх дзетак. Старэйшая Алена жыве з мужам і маленькім сыночкам у Полацку, заканчвае ўніверсітэт па эканамічнай спецыяльнасці. Вадзім набывае прафесію будаўніка, ён – студэнт вучылішча. Саша ўжо зусім дарослы, ён паспяхова спраўляецца са школьнай праграмай. Дзіма, самы меншы, – добры, спакойны, разважлівы. Дзеці – першыя матуліны памочнікі. Дапамагаюць яны па гаспадарцы і сваім бабулі і дзядулі. Марыя Ільінічна і Сяргей Цярэнцьевіч трымаюць карову, а таму дапамога ўнукаў ім вельмі неабходная. Часта прадстаўнікі трох пакаленняў збіраюцца ў адным доме, каб пабыць разам ва ўтульнай, цёплай атмасферы вялікай дружнай сям’і. Энергетыку дабрыні і шчырасці гэтага дома адчуваеш з першых хвілін. Ідзе яна ад гасціннасці і адкрытасці гаспадыні. Здаецца, цеплыні, спагады і любові ў яе хопіць на кожнага. Можа таму часты госць у доме Галіны Сяргееўны – сын памерлага мужа ад першага шлюбу Дзмітрый, які прыязджае з Маладзечна. Для яго жанчына – вельмі блізкі чалавек.
– Я лічу, што не трэба баяцца, калі дзетак многа. Усё нам потым вяртаецца. Дзеці становяцца дарослымі, з імі можна пагутарыць на роўных, яны шкадуюць маці, як і яна шкадавала іх, маленькіх. І так прыемна з вуснаў дзяцей чуць словы ўдзячнасці!
Шчаслівым, вясёлым гоманам і пералівамі смеху, напэўна, напоўніцца дом Г.С.Кулага і ў гэтыя святочныя дні. А для жанчыны-маці гэта найлепшы падарунак!
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.
На здымку: Г.С.Кулага ў акружэнні родных: бацькі Сяргея Цярэнцьевіча, маці Марыі Ільінічны і дзяцей Сашы, Вадзіма і Дзімы.  



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *