Молодые механизаторы Ушаччины на областном конкурсе «Лучший по професии»

Образование и молодежь Сельское хозяйство

Штогод у вобласці праходзіць конкурс прафесійнага майстэрства “Лепшы па прафесіі” сярод маладых механізатараў. Сёлетні конкурс быў восьмым па ліку, сапраўдныя баталіі разгарнуліся ў Аршанскім раёне на базе дзяржаўнага прафесіянальнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці. На тры дні маладыя працаўнікі вёскі пакінулі свае прывычныя рабочыя месцы і адправіліся змагацца за званне лепшага, у іх ліку былі і прадстаўнікі нашага раёна – маладыя механізатары ААТ “Ільюшынскі” Юрый Бука і Дзмітрый Бурак. 

Здавалася б, нічога складанага тут няма і асаблівых навыкаў не трэба – сеў у трактар, апусціў плуг ды едзь сабе па полі. Але гэта толькі на першы погляд, на самой справе ўзараць поле не так і лёгка, не кожны аднолькава добра справіцца з такім заданнем. Гэта пацвердзіў і конкурс, які складаўся з тэарэтычнай і практычнай частак. У тэарэтычным туры спаборніцтваў неабходна было адказаць на 100 тэставых пытанняў па асноўных тэмах спецыяльнай і агульнапрафесійнай падрыхтоўкі: устройства машын, правілы дарожнага руху, ахова працы, асновы сельгасвытворчасці – гэта далёка не ўсё, што трэба ведаць механізатару.
Практычны тур уключаў падрыхтоўку да работы агрэгата і непасрэдна ўзворванне глебы на адведзеным участку. Як заўсёды, патрабаванні журы да якасці работы былі жорсткімі: правяраліся глыбіня ўзворвання, адхіленні ад прамалінейнасці першай баразны, улічваўся нават знешні выгляд канкурсанта.
Перш чым сказаць, як выступілі нашы механізатары, трэба адзначыць, што ў спаборніцтвах прымала ўдзел 21 каманда з усіх раёнаў вобласці, 40 удзельнікаў ва ўзросце да 31 года. Тэарэтычная частка звычайна выклікае цяжкасці ва ўдзельнікаў, аднак ушачане паказалі нядрэнныя веды: Юрый Бука заняў шостае месца, а Дзмірый Бурак – восьмае.
Свае веды на практыцы яны пацвярджалі на трактарах МТЗ-3022 і МТЗ-1221. Прыемна паведаміць, што ў падрыхтоўцы да работы трактара з паўнавясным абаротным плугам Юрый Бука стаў лепшым сярод сваіх калег і заняў першае месца. Па выніках усяго конкурсу ў асабістым заліку Юрый стаў шостым, Дзмітрый сёмым, а Ушацкі раён заняў шостае агульнакаманднае месца. Абсалютная перамога дасталася камандзе Шаркаўшчынскага раёна, на другім месцы — лепельчане, трэцяе — у гаспадароў конкурсу – аршанцаў.
– Наш раён заўсёды прымае ўдзел у гэтым конкурсе прафесійнага майстэрства, аднак такога выніку ўдалося дабіцца ўпершыню, – радуецца поспеху начальнік аддзела райвыканкама па справах моладзі Н.І.Гардзіёнак. – Гэтыя маладыя людзі неаднаразова станавіліся пераможцамі маладзёжных раённых спаборніцтваў на вясенніх палявых работах, нарыхтоўцы кармоў. Юрый Бука некалькі гадоў таму ўжо прымаў удзел у конкурсе і тады паказаў таксама нядрэнныя вынікі, цяпер вось яшчэ больш удасканаліў сваё майстэрства.
Паказаўшы, на што здольныя, нашы ўдзельнікі адправіліся дадому, не чакаючы канчатковых вынікаў і моманту ўзнагароджвання ўдзельнікаў, таму віншаванні за паспяховае выступленне прымалі ўжо на сваіх працоўных месцах. У прыемнай місіі паўдзельнічала і рэдакцыя. Маладых працаўнікоў атрымалася застаць не інакш як у полі. Юрый перавозіў салому, а Дзмітрый узворваў глебу. Н.І.Гардзіёнак уручыла Ю.Буку медаль за першае месца ў сваёй намінацыі і каштоўны падарунак аддзела па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама, а таксама выказала хлопцам удзячнасць за праяўленыя старанне, працавітасць, імкненне да перамогі. Не засталася ў баку і гаспадарка, дарэчы, у “Ільюшынскім” заўсёды заахвочваюць і адзначаюць лепшых. За ўдзел у конкурсе і апраўданы давер намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Т.Б.Бондарава ўручыла хлопцам грашовыя прэміі ў памеры ста тысяч рублёў.
– Канкурэнцыя, канечне, была сур’ёзная, кожны хацеў перамагчы. Адна справа выконваць гэту работу на родных палетках, зусім іншае – у такой хвалюючай і адказнай абстаноўцы, калі цябе ацэньваюць. У той жа час конкурс цікавы. Нам яшчэ ёсць да чаго імкнуцца, будзем павышаць прафесійнае майстэрства, – дзеляцца ўражаннямі нашы ўдзельнікі.
Сапраўды, ёсць да чаго імкнуцца, а сёлетні вынік ільюшынцаў, магчыма, крок да будучай перамогі.

В.ПОЛАЗАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *