Анна Бабенок — настоящий мастер декоративно-прикладного искусства

Наш современник Образование и молодежь

Зала раённага Дома культуры рэдка калі пустуе: тут пастаянна праходзяць канцэрты, наладжваюцца мерапрыемствы, прысвечаныя розным падзеям, урачыстасцям, юбілеям. Вось і нядаўна адбылося мерапрыемства цыкла “Вечар-партрэт майстра” – такі прыемны падарунак з нагоды юбілею падрыхтавалі для кіраўніка гурткоў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва цэнтра пазашкольнай работы Ганны Аляксандраўны Бабянок яе сябры, вучні, калегі і майстры народнага клуба “Адраджэнне”.

Само паняцце “юбілей майстра” міжволі выклікае ў нашым уяўленні воблік пасівелага мэтра, які з вышыні сцэны пафасна расказвае публіцы аб сваіх шматлікіх дасягненнях. Гераіне вечара Ганне Бабянок усяго 30, а на выгляд – і ўвогуле не больш за 20, аднак за невялікі час сваёй творчай дзейнасці яна паспела заявіць аб сабе, як аб сапраўдным майстры, асвоіць вялікую колькасць творчых напрамкаў.
Наша газета неаднойчы расказвала пра Ганну Аляксандраўну, таму падкрэслім толькі, што лёс творцы быў наканаваны ёй ад нараджэння. Усе яе продкі валодалі пэўнымі мастацкімі ўменнямі – дзядуля плёў кошыкі, адна бабуля прыгожа вышывала, другая выдатна вязала, бацька – добры мастак, маці – музыкант. Дарэчы, планавалася, што маленькая Аня будзе віртуознай піяністкай, аднак, як сама яна тлумачыць з усмешкай, яе невялікія пальчыкі і далонькі былі не вельмі прыстасаваныя для гэтага інструмента. Затое якія цуды яны могуць вырабляць з розных матэрыялаў! Ганне дадзены незвычайны талент бачыць свет праз прызму прыгажосці, адчуваць гармонію выпадковых спалучэнняў звычайных прадметаў: “Люблю бываць у лесе. Ніколі не вяртаюся адтуль з пустымі рукамі – нясу ўсялякія карчы, галінкі, каменьчыкі, якія потым знойдуць новае жыццё ў маіх кампазіцыях”. 
Вядучая вечара, кіраўнік народнага клуба “Адраджэнне” Ала Васільеўна Кузусёнак, падрабязна расказала аб творчасці маладога майстра. Быў паказаны відэаролік аб шматлікіх работах, якія былі прадстаўлены на розных выставах, атрымлівалі перамогі на конкурсах. Адно з апошніх дасягненняў – другое месца сярод 150 удзельнікаў конкурсу майстроў саломапляцення на “Славянскім базары ў Віцебску”.
Ганна Аляксандраўна не толькі таленавіты майстар, але і выдатны педагог. Пад яе кіраўніцтвам гурткоўцы ЦПР вырабляюць цацкі, аплікацыі, пано, іх работы займаюць прызавыя месцы на абласных і рэспубліканскіх конкурсах. “Люблю дзяцей. Яны такія цікаўныя, і ў кожным – іскра таленту”, – прызнаецца Ганна Аляксандраўна. І, канечне, дзеці адказваюць ёй узаемнасцю. Ды і не толькі дзеці. Трэба было бачыць, колькі шчырых кранальных віншаванняў, падарункаў і букетаў атрымала Ганна Аляксандраўна падчас урачыстасці. Хочацца далучыцца да ўсіх цёплых слоў і выказаць упэўненасць, што асноўныя творчыя здзяйсненні гэтага надзвычай светлага чалавека яшчэ наперадзе.
Н.БАГДАНОВІЧ.
На здымку: Ганна Бабянок са сваімі выхаванцамі (другая злева).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *