Выпускник Ушачской школы Марат Клачок выполнил централизованное тестирование по химии на все 100!

Образование и молодежь Общество

Як кажуць, дрэнны той выпускнік, які не марыць здаць цэнтралізаванае тэсціраванне на 100 балаў. Вось толькі, улічваючы складанасць заданняў, мала ў каго гэта атрымліваецца – сёлета такі вынік у нашай краіне рэгістраваўся 401 раз. Прыемная навіна прыйшла і ў наш раён – “узорнае” пасведчанне на ЦТ па хіміі атрымаў выпускнік Ушацкай сярэдняй школы Марат Клачок.

– Не скажу, што як дыпламант абласнога і заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды па прадмеце быў упэўнены ў настолькі высокім выніку. Але надзею, канечне, не губляў, – прызнаецца хлопец. – Заданні былі дастаткова складаныя. Дарэчы, сёлета іх стала менш у частцы “А” і больш – у “В”, дзе прасцей дапусціць памылку ў разліках. Напэўна, таму колькасць “стобальнікаў” убавілася – сёлета ўсяго 24 з 10 тысяч тэсціруемых.

Трапіць у іх лік дапамаглі не толькі грунтоўныя веды па хіміі, якія Марат набываў з настаўніцай Аленай Васільеўнай Марозавай, але і ўдзел у рэпетыцыйным тэсціраванні, якое праходзіў тройчы. Цікава, што кожны раз дэманстраваў лепшы вынік: спачатку было 78 балаў, потым – 90 і 93.

– Уся справа – у няўважлівасці, несабранасці, якія авалодвалі з непрывычкі, – прызнаецца юнак. – Пакуль “акуратнічаў” з запаўненнем бланкаў, губляў час і не паспяваў выканаць заданні. Не ўбачыў слова ці нават адзін сімвал – і рашэнне ўсёй задачы ішло пад адхон. Таму такая трэніроўка прынесла карысць – непасрэдна на ЦТ адчуваў сябе ўпэўнена і спакойна.

100-працэнтнаму выніку па хіміі блізкія Марата асабліва не здзівіліся – верылі ў яго сілы. Парадаваліся і балам, набраным па іншых прадметах: фізіцы – 87, матэматыцы – 77, рускай мове – 85. Улічваючы ж тое, што сярэдні бал атэстата склаў 9,6, у шансах хлопца на паступленне ніхто не сумняваецца. Сёння ён павёз дакументы на хімічны факультэт Белдзяржуніверсітэта, дзе выбраў спецыяльнасць “Хімія (фармацэўтычная дзейнасць)”. Пажадаем Марату ўдачы!

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *