Никто не забыт. Поиск и установление имён погибших защитников Отечества продолжается

Общество

Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне дасталася нам вельмі дарагой цаной. Лёсы тысяч людзей так і засталіся невядомымі. Да цяперашняга часу працягваюцца пошукі месцаў пахавання воінаў, высвятляюцца іх імёны. У 2014-м мы будзем адзначаць 70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а ў 2015-м — 70-ю гадавіну Вялікай Перамогі. Але колькі б ні мінула год, адна з галоўных задач, што стаіць перад нашчадкамі вызваліцеляў, — увекавечванне памяці загінуўшых савецкіх салдат і ахвяр вайны.
Нікога не забыць, працаваць над пошукам імён і прозвішчаў загінуўшых — такую мэту паставілі перад удзельнікамі занальнага семінара «Узаемадзеянне органаў дзяржаўнага кіравання, грамадскіх аб’яднанняў па выкананні Дзяржаўнай праграмы ўвекавечвання памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр вайны ў Рэспубліцы Беларусь на 2011-2014 гады». Яго арганізатары — упраўленне  ідэалагічнай работы Віцебскага аблвыканкама і абласны савет ветэранаў. У семінары, які ў канцы мінулага тыдня адбыўся ў Лепелі, прынялі ўдзел дэлегацыі Докшыцкага, Лепельскага, Чашніцкага і Ушацкага раёнаў.
Ацэньваючы зробленае, кіраўнік абласной ветэранскай арганізацыі генерал-маёр у адстаўцы Г.А.Герасімовіч адзначыў, што за апошнія 10 год у Віцебскай вобласці ўстаноўлена больш за 72 тысячы імён загінуўшых ці 46,2 працэнта ад агульнай колькасці пахаваных на прыдзвінскай зямлі. У прыватнасці, ва Ушацкім раёне з 4956 пахаваных вядомы прозвішчы 2412. У некаторых раёнах гэты паказчык не перавышае і 10 працэнтаў.
Сваім багатым практычным вопытам з удзельнікамі семінара падзялілася Л.Н.Бруева, кіраўнік Віцебскага рэгіянальнага цэнтра героіка-патрыятычнага выхавання “Пошук”. Жанчына ўдзельнічае ў рабоце міжнародных асацыяцый і аб’яднанняў пошукавых атрадаў. Ва ўзначалены ёю цэнтр штодзень паступаюць запыты з розных куткоў свету з просьбамі дапамагчы знайсці магілу родных, якія загінулі ў часы ваенных ліхалеццяў. Пішуць дзеці, унукі, праўнукі, неабыякавыя да сваёй гісторыі людзі. За 30 гадоў пошуку Ларыса Навумаўна і яе падначаленыя вярнулі імёны і адшукалі месцы пахаванняў каля 3 тысяч прапаўшых без вестак салдат.
У цяперашні час на дапамогу прыходзяць і камп’ютарныя тэхналогіі. Прадстаўнікі дэлегацый на практыцы азнаёміліся з магчымасцямі арганізацыі пошуку праз расійскі аўтаматызаваны банк даных «Мемарыял». Гэта электронная інфармацыя ў інтэрнэце аб абаронцах Айчыны змяшчае мільёны запісаў: прозвішчы, імёны, даты нараджэння і смерці, прычыны і месцы гібелі савецкіх салдат.
Напрыканцы сустрэчы галоўны спецыяліст упраўлення ідэалагічнай работы аблвыканкама В.Р.Марчанка падкрэсліў, што работа па ўвекавечванні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў павінна насіць пастаянны, сістэмны характар. Нельга перакладваць увесь цяжар выключна на грамадскія аб’яднанні. Зацікаўленасць павінна ісці і з боку мясцовых улад. А задача і абавязак усіх нас – догляд і беражлівыя адносіны да помнікаў і воінскіх пахаванняў.
Удзельнікі семінара таксама ўсклалі вянкі ў гонар абаронцаў Айчыны да памятных знакаў, якія нядаўна былі ўзведзены ў Лепелі.
В.ПОЛАЗАВА. 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *