Комфорт для пациентов и облегчение работы персонала: итоги благотворительного проекта в Ушачах

Здравоохранение Общество

Ва Ушацкай ЦРБ рэалізаваны праект, ініцыятарам якога выступіла дабрачыннае грамадскае аб’яднанне “Сафія”. У яго рамках для аддзялення сястрынскага догляду набыта 10 функцыянальных медыцынскіх ложкаў з матрацамі, бакавымі сценкамі, стойкамі і падвескамі, а таксама тры спецыяльныя столікі для кармлення хворых.

– Наша дапамога – гэта добраахвотныя ахвяраванні простых людзей, – расказаў падчас візіту ў цэнтральную райбальніцу выканаўчы дырэктар аб’яднання С.С.Зубовіч. – Мы, як правіла, не бываем са сваімі праектамі ў адным населеным пункце двойчы, але Ушачы – выключэнне: дагэтуль выдзялялі сродкі для ТЦСАН, а зараз узялі на сябе набыццё неабходнага абсталявання для ЦРБ.

Сяргей Станіслававіч наведаў палаты аддзялення, пачуў водгукі персаналу і пацыентаў, пераканаўся, што абнаўленне прайшло паспяхова.

– Са з’яўленнем новых ложкаў на колцах працаваць стала прасцей: зручней прыбірацца, транспарціраваць ляжачых, – падзялілася старшая медыцынская сястра аддзялення Алена Леанідаўна Філімонава. – Паколькі можна рэгуляваць іх вышыню, з улікам росту пацыентаў і іх мабільнасці выбіраем зручныя варыянты – абслугоўваючы самых слабых, цяпер не трэба нізка нахіляцца ці падоўгу стаяць у нязручнай позе.

– Я тут ужо паўгода. Давялося ампутаваць нагу, атрымала першую групу інваліднасці, – разгаварылася з госцем Яўгенія Іванаўна Юркевіч. – Медперсанал – уважлівы і клапатлівы, але ж і сама стараюся штосьці рабіць. Без дапамогі іншых харчуемся – новы столік лёгка перамяшчаецца. Хутка “пасябравала” з “гусаком” над ложкам – каб сесці, не трэба кагосьці зваць.

Галоўны ўрач ЦРБ Юрый Валянцінавіч Пацёмкін падзякаваў ДГА “Сафія” за аказаную падтрымку, выказаўшы ўпэўненасць, што атрыманае абсталяванне, дарэчы, вырабленае ў Беларусі, годна паслужыць бальніцы не адзін дзясятак гадоў.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.
На здымку: медсястра Святлана Пятніца з пацыентам аддзялення.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *