
Гул байкаў, размаляваныя “касухі” і банданы, акорды электрагітар – такога каларыту пляцоўка ля раённага цэнтра культуры яшчэ не бачыла. У мінулыя выхадныя Ушачы сталі эпіцэнтрам гучнай, смелай і па-сапраўднаму жывой рок-вечарынкі – тут упершыню прайшоў яркі фестываль “Рокавы бераг”. Хоць ідэя многім падавалася рызыкоўнай з-за досыць нестадартнай і “вузкай” музычнай тэматыкі – можна смела канстатаваць, што свята атрымалася!
На “Рокавы бераг” сабралася шмат нашых землякоў – прычым, не толькі аматараў жорсткіх рытмаў. Ушачане прыходзілі сем’ямі, а на трыбунах летняй канцэртнай пляцоўкі можна было ўбачыць і дзяцей (для іх уваход быў бясплатны), і публіку за 80(!). І наўрад ці гэта можна назваць сюрпрызам: рок-музыка аб’ядноўвае пакаленні. Тыя, хто ў 70-х слухалі “Led Zeppelin” і “Deep Purple”, ужо маюць статус пенсіянераў, пасталелі і фанаты групы “Кароль і Шут”, тэксты песень якой, зрэшты, падпявае і моладзь. Прыемна, што на наш фестываль прыехала шмат людзей з іншых мясцін. Дадалі драйву фэсту тры дзясяткі байкераў з наваполацкай мотасадружнасці “Гранатавыя воіны”, а іх магутныя матацыклы сталі антуражам для фотасесій.

Ушацкія культработнікі падрыхтавалі тэматычныя пляцоўкі, якія ідэальна перадавалі дух падзеі. Госці спрабавалі забіць цвік за тры ўдары, выпрабоўвалі сваю трапнасць у імправізаваным боўлінгу, рабілі здымкі ў крэатыўнай фотазоне, заглядвалі ў стылізаваны бар. Удалым меню парадавалі гурманаў фудкорты, было чым заняцца і дзецям.
Радавалася магчымасці цікава правесці суботу ўшацкая моладзь. “Мы вучымся ў каледжы і падчас канікул, канечне, хочацца яркіх уражанняў. Проста выдатна, што ў нас арганізавалі такі фэст!” – не хавалі эмоцый юныя ўшачанкі Даша і Насця.
- Правёўшы невялікае апытанне сярод гасцей, мы склалі рэйтынг іх прыхільнасцяў. Абсалютную перамогу ў ім святкавала група “Кароль і Шут”. У лік папулярных увайшлі таксама “Кіно”, “Чайф”, “Арыя”, “Металіка”, “Рамштайн”, “Нірвана”.
“Падобных мерапрыемстваў у маленькіх гарадах вельмі не хапае! Паглядзіце, колькі прыйшло людзей, і гэта незважаючы на тое, што сёння праходзяць знакамітыя фестывалі ў Браславе і Глыбокім. Лічу, што ў наступны раз трэба зрабіць больш рэкламы, каб падзею заўважылі – а яна дакладна таго вартая!”, – падзяліўся з намі ўдзельнік калектыву мотасадружнасці Павел Вішнеўскі.

Што да музычнай праграмы, то яе яркім пачаткам стала выступленне Ганны Шаркоўскай. Самабытная выканаўца даказала, што народныя інструменты могуць гучаць па-сучаснаму. “Для мяне рок – гэта цымбалы, і я не стамлюся такое паўтараць”, – прызналася нам Ганна – і даказала гэта падчас выступлення: культавыя кампазіцыі “Zombi”, “Smells like teen spirit” гуртоў Сranberries і Nirvana і іншыя творы ў яе выкананні гледачы сустрэлі авацыямі. Да Ганны падыходзілі за аўтографамі, нашы землякі прызнаваліся, што хварэлі за яе падчас удзелу ў музычным тэлешоу “Зоркавы шлях”.
- Лідзія ШКАРУБА, загадчык сектара культуры Ушацкага райвыканкама: “Ідэю фестывалю мы выношвалі не адзін год, і гэты вечар паказаў, што недарэмна! Столькі шчырых слоў, эмоцый – гэта сапраўды натхняе! Хачу выказаць шчырую падзяку кіраўніцтву раёна і асабіста старшыні райвыканкама Сяргею Шамовічу за падтрымку нашай задумы, прадстаўнікам усіх арганізацый, якія дапамаглі ў правядзенні фэсту, культработнікам – за крэатыў, артыстам – за самааддачу і, канечне, гасцям – за тое, што ў нас паверылі. Адна з мэт гэтага мерапрыемства – даць творчы імпульс таленавітай ушацкай моладзі, напрыклад, паказаць падлеткам, якія навучаюцца ў школе мастацтваў, што класіку можна выконваць у зусім іншым модным фармаце, што творчасць – асабліва сумесная – гэта класна! Калі ў кагосьці з’явіцца жаданне стварыць свой музычны калектыў, праявіць талент спевака, аўтара ўласных твораў – нашы ўстановы культуры абавязкова вас падтрымаюць. А ўвогуле, нельга не згадзіцца са словамі кіраўніка нашай дзяржавы наконт таго, што культура – гэта душа нацыі, таму мы будзем яе развіваць у самых розных напрамках і праяўленнях”.
Паўзу паміж выступленнямі ўдала запоўніў квіз “У стылі рок”. Пяць каманд спаборнічалі ў “музычнай эрудыцыі”: трэба было адгадаць выканаўцаў, пазнаць песні па каверах. Добра сябе праявілі абсалютна ўсе, а лепшай стала каманда, аснову якой склала сям’я Пінчук з райцэнтра – што і нядзіўна, бо ўсе яе прадстаўнікі вельмі актыўныя, захапляюцца музыкай.

Арганізатары падкрэслівалі, што хочуць, каб на нашым фэсце маглі пра сябе заявіць дастойныя беларускія музыканты. Цікава, што рок‑гурт “Замкавая гара” і кавер‑група “Без цукру”, якіх сёлета запрасілі да ўдзелу, былі вылучаны… пасля прагляду ленты “TikТоk”. Магчыма, нехта здзівіцца, але такія інтэрактыўныя платформы могуць даць рэальнае ўяўленне пра выканаўцаў. І выбар аказаўся ўдалым! Музыканты задалі драйву! Хіты, якія ведаюць усе пакаленні, аб’ядналі пляцоўку, і калі спачатку людзі крыху саромеліся выходзіць на танцпол, то напрыканцы праграмы танцавалі ўсе. Яркім фіналам вечара сталі фаер‑шоу і дыскатэка.

Першы вопыт паказаў, што ўшачане гатовы да смелых фарматаў. Хочацца верыць, што фестываль “Рокавы бераг” атрымае працяг, вырасце ў добрую традыцыю і стане тым самым летнім уік-эндам, якога будуць чакаць увесь год.
Анастасія ПОЛАЗАВА,
Наталля БАГДАНОВІЧ.
