Народный фольклорный коллектив «Матырынская спадчына» отметил свое 35-летие

Культура Общество

Хоць запісы на тэлебачанні былі працяглымі і рэальна стамілі, матырынскія пявунні як толькі селі ў аўтобус, зноў зацягнулі песню… І закончылі яе, калі пад’язджалі да Лепеля. Гэты самы працяглы твор з рэпертуару вядомага ва ўсёй краіне Народнага калектыву «Матырынская спадчына» вельмі часта потым круцілі па радыё напярэдадні Вялікадня. Бо пачынаецца яна з вітання ўваскрэслага Хрыста і закранае літаральна ўсе знакавыя святы народнага календара. Унікальны твор, як і яшчэ 80 песень, 35 танцаў, 10 абрадаў – культурная спадчына нашых продкаў, што была адноўлена калектывам з закуткаў памяці, сабрана па крупінках з усяго раёна. Гэтая работа працягваецца ўжо 35 гадоў, што існуе калектыў. І сёлета, у іх юбілейны год, хочацца прыгадаць, як усё пачыналася.

На пенсіі – упершыню на сцэну

Дзівацтвам лічыўся на вёсцы выхад на сцэну пенсіянерак. У ломцы стэрэатыпаў і была самая вялікая складанасць. Каларытных бабуль у раёне заўважылі падчас “Свята вёскі”, і тагачасны загадчык аддзела культуры Т.М.Малак прапанавала маладой культработніцы стварыць фальклорны гурт. Галіна Сяргееўна Рудзёнак хадзіла па хатах з мужавай бабуляй Арынай і ўгаворвала яе сябровак прыйсці на рэпетыцыю. Усе занятыя, абвешаныя ўнукамі і хатнімі клопатамі, яны адмаўляліся, неахвотна пагаджаліся і родныя, было такое, што нявесткі не пускалі, а потым самі сталі членамі калектыву. Пасмейваліся з артыстак і на вёсцы…

Год заснавання Галіна Сяргееўна прыгадвае як вельмі складаны яшчэ і таму, што спачатку сама ні слова не разумела са спеваў. Мала таго, што многа старадаўніх, дыялектызмаў, з асаблівым націскам, дык яшчэ расцягваліся яны ў песні так, што ператвараліся ў сапраўдны рэбус.

«Матырынская спадчына» ўдзельнічала ў тэлеперадачах «Запрашаем на вячоркі» (1987 год), «Крок» (1993), «Палустанак» (2009), «Зорны шлях» (2013), «Наперад у мінулае» (2015, 2020), «Вячэрні Віцебск» (2019).

А вось таму, першаму складу, што прыходзіў на рэпетыцыі ў 1987-м, з песнямі асабліва намагацца не давялося. Арына Дзмітрыеўна Рудзёнак як і Александрына Аляксееўна Собаль былі з 1916 года нараджэння, з 24-га – Ніна Трафімаўна Шараг. Крыху маладзей астатнія. Яны проста спявалі песні, з якімі брыгадай ішлі ў поле жаць жыта ці ірваць лён, з якімі доўгімі зімовымі вечарамі сядзелі за кудзеляй. Дарэчы, усе жанчыны ткалі, вышывалі і вязалі. Танцавалі таксама як адна – хвацка, па-маладзецку. Марыя Іванаўна Сісковіч умела і лапці плесці – яны і сталі першым сцэнічным абуткам калектыву на “Вячорках”, што прайшлі ў сакавіку 1987 года ў Матырынскім клубе. Усе 200 месцаў былі запоўнены, сяльчане завіталі, каб паглядзець на дзіва. “Вось гэта мерапрыемства”, – скажа паважаны на вёсцы каваль Дзмітрок Рудзёнак і тым самым дасць блаславенне аднавяскоўкам на ўдалы працяг.

1994 год.

Пабачылі свет, развеялі будзённасць

У гэтым жа годзе пасля папярэдняга прагляду калектыў “Запрашаюць на вячоркі”, так называлася папулярная перадача на рэспубліканскім тэлебачанні. Хутка яны арганічна будуць глядзецца і на сцэне, і пад агнямі сафітаў. Аб’едуць усю краіну. Пасля навуковай канферэнцыі 2016 года іх запрашаюць у Польшчу. Але ад далёкіх вандровак адмовяцца, увогуле ж неаднойчы дзякавалі свайму кіраўніку, што пабачылі свет і працягнулі жыццёвую актыўнасць. “Не было ні разу, каб яны не прыйшлі на рэпетыцыю ці спазніліся. Пунктуальныя, з павышаным пачуццём адказнасці. Ціск пад 200, п’юць таблеткі, але ідуць. Былі ў калектыве і “шаптухі”, што дапамагалі людзям. Зінаіда Аляксееўна і Надзея Ануфрыеўна Рудзёнак дадуць людзям ваду – і зноў вяртаюцца. А цягнуліся нашы “ўрокі” і па 4 гадзіны. Хачу сказаць вялікі дзякуй літаральна ўсім удзельніцам “Матырынскай спадчыны”. На жаль, адышлі ў нябыт Александрына Аляксееўна, Ганна Пятроўна і Надзея Паўлаўна Собаль, Арына Дзмітрыеўна, Зінаіда Аляксееўна і Надзея Ануфрыеўна Рудзёнак, Ксенія Пятроўна Цішкова, Марыя Іванаўна Сісковіч, Ганна Андрэеўна Холад, Ніна Трафімаўна Шараг, Вольга Кірылаўна Хамёнак, Вера Якаўлеўна Дунец, Зінаіда Аляксандраўна Аўласенка, Валяціна Васільеўна Шалак і наш першы гарманіст Восіп Восіпавіч Вінаградаў. Я бязмерна ўдзячна за нашы сумесныя гады творчасці, за адданасць гурту, за тое, што дзякуючы ім, а таксама сённяшнім удзельнікам калектыву захоўваецца культурная спадчына Ушацкага краю”, – падкрэслівае Г.С.Рудзёнак, якая кіравала гуртом 33 гады.

З ушацкім арнаментам

Да першага выхаду на “блакітны экран” за сродкі мясцовага калгаса “Прагрэс” у мінскім “Салоне мастацкіх вырабаў” заказваюцца іх першыя сцэнічныя касцюмы. Вельмі ўдалыя з пункту гледжання фальклору, іх адзначылі спецыялісты на конкурсе-аглядзе ў Лепелі. У бардовых, шэрых і чорных тонах, без какошнікаў, якія не насілі жанчыны ва ўзросце. Абаронцамі ўжо менавіта ўшацкага нацыянальнага строю калектыў стане на “Славянскім базары ў Віцебску”. Вышыўкай фартуха займалася Аляксандра Іванаўна Рудзёнак, якая, дарэчы, зрабіла вышыўку на чатырох камплектах касцюмаў, трох вясельных ручніках, якія таксама “прэзентавалі” на фестывалі. У 2016 годзе калектыву былі пашыты новыя ўборы – ужо з захаваннем ушацкіх асаблівасцяў у адзенні, з нашым арнаментам. Яны чырвона-сінія з чорнай вышыўкай – менавіта гэтыя колеры пераважалі ў строі нашых продкаў.

 

“Лявоніха” з вяроўкай

Народныя танцы маюць адрозненне нават у раёне, не гаворачы пра ўсю Беларусь. “Лявоніху”, “Лысага”, “Падэспань” скачуць ва ўсіх кутках краіны, але ў “Матырынскай спадчыны” гэтыя тры вядомыя танцы ўсё ж асаблівыя. Не хопіць традыцыйнай мелодыі “Лысага”, каб закончыць ушацкі варыянт з большай колькасцю элементаў. Толькі ў нашай “Лявоніхе” ёсць прыгожы элемент “вяроўка”, які зачапіў гадоў 15 таму кіраўніка Заслужанага харэаграфічнага калектыву “Берагіня”. М.Козінка выкладаў фальклор на курсах, дзе павышала веды Г.Рудзёнак, і настаяў, каб яна выканала танец “на камеру”. А на нядаўнім адкрытым аглядзе танцавальных калектываў, калі падчас падвядзення вынікаў усе глядзелі канцэрт “Берагіні”, Галіна Сяргееўна ўбачыла на сцэне матырынскую “Лявоніху”.

Вясельны абрад.

Разляцеліся ганцы ў розныя канцы

Працэнтаў 70 усіх іх твораў складае матырынскі матэрыял. Аднак праз гурт рабіўся зрэз культурных традыцый усёй Ушаччыны, таму перш чым адрадзіць абрад “Талака”, “Валачобнікі”, “Жаніцьба Цярэшкі” і ўсе іншыя, ганцы засылаліся ў розныя канцы раёна і прывозіліся “разынкі”. Ганцамі былі работнікі культуры, чые рэфераты потым вывучала Г.С.Рудзёнак, знаходзячы адметнасці. “Вясельніцу”, напрыклад, збіралі год. І ўдалося ўразіць журы і мінскіх навукоўцаў, хоць конкурс гэтага абраду праходзіў на Віцебшчыне ўжо пяць гадоў і здавалася, здзівіць няма чым. Вітанне праз падол, дзяленне караваю – на Ушаччыне шмат сваіх асаблівасцяў. У няёмкае становішча можна трапіць, калі не ведаць, што ў сваты матырынцы едуць цэлай дружынай з дзесяці чалавек, а не толькі з бацькамі. Ну а паказальнае вяселле было наладжана так, што ў яго сапраўднасць паверылі нават ушачане і пыталіся: «Хто гэта вылучыцца вырашыў і на конях за маладой едзе». А падабенства – і ёсць вышэйшая адзнака.

Члены калектыву былі ўдзельнікамі: рэспубліканскага свята аграрыяў «Дажынкі-2002» у горадзе Полацку, восьмай і дзесятай Міжнародных канферэнцый ”Аўтэнтычны фальклор: праблемы захавання, вывучэння, успрымання“ (2014, 2016), праекта «Беларуская гасціннасць» у межах Міжнароднага фестывалю «Славянскі базар у Віцебску» ў 2019, 2020, 2021 гадах.

“Спадчына” – у спадчыну

Унікальныя не толькі танцавальныя элементы, словы, але і сама манера спяваць. Матырынскі стыль, дарэчы, можа стаць яшчэ адной нематэрыяльнай каштоўнасцю Беларусі, бо работа над гэтым вялася, зацікаўлены сталічныя навукоўцы, якія курыруюць фальклор. Манера вельмі асаблівая сваёй цягучасцю, нетаропкасцю. І аднойчы менавіта з ёй было звязана адзінае не зусім удалае выступленне “ўшацкіх песняроў”. Праслухаўшы спеў папярэдняга калектыву, адна з жанчын кінула, маўляў, і нам шпарчэй трэба. Ну а паколькі літаральна ўсе матырынцы – з гонарам, запявала Зінаіда Аляксееўна Рудзёнак і паскорыла тэмп. Атрымалася нязвыкла і не па-матырынску. Больш тэмп не мянялі.

У творчай скарбонцы калектыву дыпломы лаўрэатаў: Першага (1997-1998 гады) Усебеларускага фестывалю народнага мастацтва «Беларусь – мая песня», абласнога свята абрадавага фальклору «Купалле-Паазер’е» (2006, 2009, 2011, 2012 гады), абласнога свята-конкурсу вясельных абрадаў Віцебшчыны «Вялікая вясельніца» (2009, 2012, 2015, 2017, 2019, 2021), абласнога агляду-конкурсу «А давайце пажэнім Цярэшку» (2008).

Складана перадаваць словамі тое, што трэба чуць і бачыць. Тым больш фальклор. І асаблівая каштоўнасць 35-гадовай гісторыі гурта, што іх спевы, танцы і абрады запісаны на відэа і дыскі, апісаны ў кнігах «Традыцыйная мастацкая культура Беларусі», «Традыцыйная культура Прыдзвіння», ”Прыдзвінскія карункі“. Ушацкі фальклор вывучалі вядомыя беларускія навукоўцы Я.Крук і А.Катовіч. І хоць мяняецца састаў, гурт жыве і развіваецца, надалей радуе гледачоў, славіць Ушаччыну і перадае сваё ўменне маладзёжнаму і ўжо узорнаму гурту “Спадчына”, які стаў годным пераемнікам слаўных традыцый старэйшага пакалення.

Дарэчы, назва гэтага матэрыялу таксама народная – з “Песнярамі” «Матырынскую спадчыну» параўналі людзі.

Вольга КАРАЛЕНКА.

* * *

Вясна ўжо весці рэй бярэцца,
Звініць жаўрук – цяплу ён рад –
І сонца весела смяецца,
Як трыццаць пяць гадоў назад.
А трыццаць пяць – гэта нямала.
Якраз у гэткую пару
Любоў да песні вас сабрала,
Узляцела песня ўгару.
Спачатку ціхенька лунала,
Ды ў сэрцы людзям шлях знайшла.
Пасля ў раёне загучала
І да рэспублікі дайшла.
Жыццё нялёгкае пражыўшы,
Адпрацаваўшы многа год,
Ды аптымізму не згубіўшы,
Прыйшлі вы сёння ў карагод.
Ад сумных песень сэрца плача,
Гучаць прыпеўкі – шчыры смех…
Паклон вам, родныя вы нашы,
Здароўя, радасці, уцех!

Тамара БАРАДЗЁНАК.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *