Вытворчая нарада ў старшыні райвыканкама С.С.Шамовіча ўчора пачалася з урачыстага моманту – удзячнасці працаўнікам арганізацый за дапамогу ва ўборачнай кампаніі.

У першую чаргу Ліст падзякі і падарунак Сяргей Сцяпанавіч уручыў абсалютнаму лідару на перавозцы збожжа ад камбайнаў – Давіду Іванову. Вадзіцель філіяла “Віцебскводаканал” на аўтамабілі МАЗ першым у раёне дасягнуў паказчыка ў тысячу тон. Малады чалавек, пра якога мы расказвалі нашым чытачам у мінулым нумары, на працягу месяца працуе ў ААТ “Ільюшынскі”.
За актыўны і старанны ўдзел ва ўборачнай кампаніі сертыфікаты ад Беларускага прафсаюза работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі і сферы абслугоўвання на суму 200 рублёў уручаны машыністам-качагарам УП ЖКГ Валерыю Башуну, Артуру Ігнатовічу, Максіму Кучаронку, Юрыю Юркевічу, а таксама слесару аварыйна-аднаўленчых работ участка водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі Ушацкага раёна філіяла “Полацкводаканал” Міхаілу Бегуну.

“Дзякуй, што падставілі плячо аграрыям у гэтую надзвычай адказную пару ўборкі ўраджаю. Некаторыя з вас удзельнічалі ў жніве ўпершыню, многія ўжо прафесіяналы ў гэтай справе. Дабрабыту і поспехаў вам”, – адзначыў кіраўнік раёна.
Акрамя ўборачнай кампаніі на нарадзе абмяркоўваліся і іншыя сельскагаспадарчыя тэмы. У прыватнасці, падрыхтоўка ферм да стойлавага перыяду, завяршэнне работ па будаўніцтве прафілакторыяў для цялят у “Ільюшынскім і “Сафійскіх дарах”. Вядуць гаспадаркі і сяўбу азімага рапсу – у гэтай справе аграрыям трэба паскорыцца, бо са жніўнем заканчваюцца і аптымальныя тэрміны для высеву гэтай культуры.
У полі зроку кіраўніка раёна таксама былі пытанні падрыхтоўкі да асенне-зімовага перыяду – завяршаецца работа па атрыманні суб’ектамі пашпартоў гатоўнасці, уводу жылля па сельсаветах і зносу старых дамоў.
На кожнай нарадзе ўдзяляецца ўвага зваротам грамадзян і выкананню заявак, што паступілі ў адзіную службу 115. Большасць пытанняў датычыцца дарожнай і камунальнай сфер.
Вольга КАМАРКОВА.
