В этом году исполняется 30 лет ВНС. Своими воспоминаниями делится делегат первого Всебелорусского народного собрания от Ушачского района Нина Дук

Общество

У кастрычніку наша краіна адзначыць невялікі, аднак, бясспрэчна, самы важны юбілей – спаўняецца 30 год з даты правядзення першага Усебеларускага народнага сходу. Калі б не склікаў яго Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка ў вельмі складаны для Беларусі не толькі ў эканоміцы, але і ў палітыцы час, мабыць, і не было б зараз суверэннай рэспублікі. Аднак ён звярнуўся да народа і вынес на агульнае абмеркаванне зямельнае пытанне і сістэму кіравання, прыватызацыю і знешні курс. Быў прыняты план развіцця на 1996-2000 гады, а праз месяц, 26 лістапада, адбыўся рэферэндум, на якім ужо ўвесь беларускі народ выказаў сваю волю.

У ліку дэлегатаў першага Усебеларускага народнага сходу была Ніна Міхайлаўна Дук (на здымку), зараз ветэран працы, а ў 1996-м – намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях. Яе ўспамінамі і распачынаем нашу рубрыку, прысвечаную гэтаму народнаму форуму.

– Каб перадаць наш настрой, трэба крыху прыгадаць пра той перабудовачны час. Мы толькі выйшлі з талоннай сістэмы: на ўсё – ад запалак да бялізны. Затрымкі з зарплатамі і пенсіямі. Людзі ў адначассе згубілі ўсе свае зберажэнні. Дарэчы, я пакінула пасаду дырэктара аддзялення “Беларусбанка”, бо невыносна было штодня спрабаваць растлумачыць даяркам, даглядчыкам, куды растварыліся заробленыя крывавым мазалём накапленні на лепшую будучыню іх дзяцей. Наша ж будучыня ў 1996-м уяўлялася даволі хісткай. Палітычная сітуацыя вельмі складаная, шмат апанентаў у Прэзідэнта і Вярхоўным Савеце: прапановы аб розных варыянтах праўлення – парламенцкая ці прэзідэнцкая рэспубліка, аб прыватызацыі прадпрыемстваў і продажы ў прыватную ўласнасць зямлі. І вось у такі гістарычны час мы слухаем выступленне Аляксандра Рыгоравіча: вострае, эмацыянальнае, не па паперы. Ён заўсёды ўмеў гутарыць з людзьмі, пакараць сваёй харызмай. Ну а тады такі фармат быў настолькі новым, што мы ловім кожнае слова. Прэзідэнт усяго два гады ва ўладзе, да яго “прыглядаюцца”. І вось я чую словы майго калегі, таксама ўдзельніка форуму: “Ну цяпер я заўсёды за Лукашэнку”.

Дэлегатамі першага Усебеларускага народнага сходу ад Ушацкага раёна таксама былі: старшыня райвыканкама Канстанцін Анатольевіч Пачэпка, ветэранскай арганізацыі – Іван Кірылавіч Падворны, райспажыўтаварыства – Пётр Мікалаевіч Смаргун, механізатары калгасаў імя Кірава і імя Леніна Сяргей Мікалаевіч Шарак і Уладзімір Арсенавіч Шаўчэнка, прараб саўгаса “Кублічы” Міхаіл Мікалаевіч Мацвеенка, начальнік трактарна-паляводчай брыгады саўгаса-камбіната “Арэхаўна” Ірына Аляксандраўна Пятніца, загадчык інфекцыйнага аддзялення бальніцы Святлана Аляксандраўна Лапіцкая, дырэктар лясгаса Мікалай Дарафеевіч Бабаедаў і Ушацкай СШ – Фёдар Пятровіч Волах.

Аляксандр Рыгоравіч быў супраць “прыхватызацыі” прадпрыемстваў і выкупу зямлі, бо для народа гэта абарочваецца падманам і жабрацтвам. Ён казаў, што любое рэфармаванне цягне беспрацоўе, і патрабаваў, калі гэта неабходна, то ствараць узамен новыя працоўныя месцы. Мы абмяркоўвалі выступленне і ў перапынках, і ўвечары, і дарогай назад. І былі вельмі шчаслівымі, што падтрымалі яго прапанову аб правядзенні рэферэндуму, на які выносіліся вельмі важныя пытанні аб зменах у Канстытуцыю і абранні формы кіравання рэспублікай, аб дазволе або адмене прыватнай уласнасці на зямлю. Мы зрабілі правільны выбар. І найбольш цэніш гэта менавіта цяпер, калі прайшло 30 год, і калі параўноўваеш жыццё ў былых рэспубліках Савецкага Саюза. Асабіста для сябе акрамя адказаў на глабальныя пытанні я вынесла яшчэ адзін маленькі, аднак важны ў зносінах з людзьмі ўрок – ніколі больш не выступала “па паперцы”.

На гэтым лёсавызначальным сходзе, як і на ўсіх наступных, абіраўся план развіцця на пяцігодку (1996-2000). Але, азіраючыся назад, я магу сказаць, што тады выпрацоўвалася агульнанацыянальная стратэгія развіцця краіны: сацыяльна арыентаванай дзяржавы, а ўсё задуманае ажыццявілася і памножылася.

Мы захавалі прадпрыемствы-флагманы і сельскую гаспадарку, якая пасля развалу Саюза ў многіх рэспубліках распалася, а землі зарасталі. Мы зрабілі даступнымі ўсім адукацыю і медыцынскія паслугі – мае дзеці і ўнукі змаглі атрымаць вышэйшую бясплатна, а за выклік хуткай дапамогі нікому не трэба плаціць. Акцэнт на першым народным сходзе быў зроблены таксама на даступнасці жылля, і Ушачы, Мінск, іншыя гарады – не пазнаць, бо выраслі цэлыя мікрараёны. Пра сучаснае абсталяванне бальніцы мы ў 1996-м маглі толькі марыць, як пра электраацяпленне, што ўстаноўлена ў нашым доме ў Новым Сяле. Яшчэ тады гаварылася пра важнасць кантролю цэнаўтварэння – і гэта працягваецца. Як і падтрымка мнагадзетных сямей, жанчын. Толькі тады, у гады мінімальнай нараджальнасці дзяцей, Прэзідэнт агітаваў за дваіх у кожнай сям’і, то цяпер сваім называе кожнага трэцяга. І гэта так, бо калі параўнаць памер дапамог, працяглаць аплачваемага адпачынку – то трэцяе, а то і другое дзіцяці сапраўды – прэзідэнцкае.

Не па канчатковым прынцыпе фінансуюцца культура, спорт, пастаянна падымаюцца пенсіі і дапамогі. Мы – краіна, якой зайздросцяць перш за ўсё за сацыяльную накіраванасць, за роўныя магчымасці, за тое, што ў той вельмі цяжкі час беларускі народ не кінулі сам-насам з праблемамі. У гэтым заслуга перш за ўсё Прэзідэнта, які застаецца верным і сваім абяцанням, і ўвогуле свайму народу.

Запісала Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *