Ученица Глыбочанской школы Елизавета Козлова показала лучший результат на республиканской олимпиаде по белорусскому языку и литературе

Образование и молодежь Общество

Такога феерычнага выніку ў гісторыі сістэмы адукацыі Ушаччыны дагэтуль не было. З заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры вучаніца Глыбачанскай школы Лізавета Казлова вярнулася не проста з дыпломам першай ступені, але і абсалютна лепшым вынікам сярод усіх дзесяцікласнікаў краіны! Адзначана наша зямлячка і спецыяльным прызам ад міністра адукацыі. Дарэчы, прадугледжваўся ён толькі для аднаго са 116 вучняў 9-11 класаў.

Сціплая натура

Настолькі высокую адзнаку заўсёды сціплая Ліза не афішыравала. Распытванні педагогаў і сяброў прымусілі прызнацца толькі ў тым, што акрамя дыплома быў нейкі “падаруначак”. І толькі пасля выхаду “Настаўніцкай газеты” з матэрыяла пра алімпіяду ўсе даведаліся падрабязнасці.

“Нават сама не ведаю, за якія заслугі атрымала прыз ад міністра, – усміхаецца дзяўчына. – Калі падчас цырымоніі ўзнагароджання пачалі важна дэкламаваць “За значны ўклад…”, я ўжо расслабілася і асабліва не слухала: не чакала, што потым прагучыць маё прозвішча і запрашэнне зноў узняцца на сцэну”.

Дарэчы, заваяваць на рэспубліцы дыплом, тым больш вышэйшай ступені, юная жыхарка Вяркуд таксама не чакала. Большасць удзельнікаў – ліцэісты ды гімназісты, паспрабуй абыдзі іх прадстаўніцы простай сельскай школы! Аднак гэтая задача аказалася ёй пад сілу, у чым ніколькі не сумнявалася настаўніца беларускай мовы і літаратуры А.С.Герцык. “Інакш проста быць не магло, паколькі Ліза ведае ўсё! – з гонарам расказвае пра вучаніцу Алена Сцяпанаўна. – Маю на ўвазе не толькі свой прадмет – разбіраецца ва ўсіх. Паспявае займацца і даследчай работай, удзельнічае ў грамадскім жыцці школы”. Толькі ў гэтым навучальным годзе ў скарбонцы дасягненняў дзесяцікласніцы – дыпломы І ступені на раённых этапах рэспубліканскіх алімпіяд па рускай мове і літаратуры, фінансавай граматнасці, на конкурсе камп’ютарных распрацовак “ПАТРЫЁТ.by”. У складзе каманды Глыбачанскай школы заваявала Лізавета нямала і спартыўных узнагарод – на раённых спаборніцтвах па летнім і зімнім мнагабор’і “Здароўе”, лёгкаатлетычным кросе, “Снежным снайперы”. Ну і, канечне, самым яркім стала выступленне на алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры.

“Пасля рэспублікі педагагічны калектыў нашай школы вырашыў што-небудзь падарыць нашай юнай зорачцы на памяць, – расказвае намеснік дырэктара навучальнай установы Галіна Васільеўна Казлова. – Каб не памыліцца, запыталіся ў самой Лізы, што б тая хацела атрымаць. Аднак яна сціпла замахала рукамі, маўляў, “ды што вы, не трэба, у мяне ўсё ёсць”.

На адны дзясяткі

Званок з урока “прывёў” у настаўніцкую нямала педагогаў. Убачыўшы ж там журналіста, усе беспамылкова называлі нагоду нашага візіту і наперабой расказвалі штосьці асаблівае са сваіх урокаў. “Учора Ліза так “прафесійна” адказвала, што здзівіліся не толькі аднакласнікі, але і я сама, – падзялілася настаўніца хіміі Аліна Мікалаеўна Зянюк. – За тры дзясяткі год выкладчыцкай дзейнасці такую разумную, адказную вучаніцу бачу ўпершыню. Калі кажу, што патрэбны да заняткаў даклад ці рэферат, яна абавязкова выклікаецца. Не разумею, як усё паспявае”. “Крыху шкадую, што сярод моў Ліза аддала перавагу беларускай, а не рускай, якую выкладаю, – прызналася Кацярына Дзмітрыеўна Літвін. Упэўнена, што былі б не горшыя вынікі. Працягваем актыўна займацца, паспяхова ўдзельнічаем у алімпіядным руху”.

Разумеючы, што “і швец, і жнец, і на дудзе ігрэц” – гэта пра нашу гераіню, проста не магла не запытацца ў яе класнага кіраўніка Дзмітрыя Міхайлавіча Паршонка, ці бывае ўвогуле такое, што Ліза ад якой-небудзь прапановы адмаўляецца. Адказ расставіў усе кропкі над “і”: “Канечне – адпачываць!” Так, напрыклад, пасля алімпіяды, якая праходзіла падчас вясенніх канікул, школьніцы дазволілі пасядзець тыдзень дома. Але яна прыйшла на заняткі з выкананымі заданнямі па ўсіх прадметах! Як высветлілася, спецыяльна ўдакладняла іх пералік у аднакласнікаў па тэлефоне.

Яшчэ больш уразіў класны журнал. Шчыра скажу: некалькі разоў углядалася ў клетачкі з адзнакамі за чвэрць, мяркуючы, што бачу не тое. А там выключна дзясяткі, нават дзявятак няма! Прычым, як запэўнілі педагогі, пра завышэнне гаворкі ніколі не ішло – Ліза прыходзіць на ўрокі падрыхтаваная, часта валодаючы не толькі матэрыялам школьнай праграмы.

Усю бібліятэку “асвоіла”

Мовамі – і рускай, і беларускай – Ліза захапілася яшчэ ў пачатковых класах. Не “перагарэла” і пасля – наведвала факультатывы, дадатковыя заняткі. Як вынік – ужо ў восьмым класе перамагла на раённым этапе рэспубліканскай алімпіяды па роднай мове і літаратуры за курс дзявятага (!). Вось толькі запрашэння на вобласць тады не атрымала, што толькі падштурхнула займацца яшчэ актыўней. Праз год Лізавета – зноў лепшая ў раёне і ўжо ў “прызах” (з дыпломам ІІІ ступені) на вобласці. Спаборніцтвы такога ўзроўню дапамаглі разабрацца ў патрабаваннях да выканання работ. Так, на разборы памылак журы ўказала Лізавеце на недастатковую колькасць літаратурных спасылак у яе водгуку на мастацкі твор. І яна ўзяла гэта на заметку. За год перачытала столькі! Выбрала цытаты па самай рознай тэматыцы – і водгук напісала сёлета на выдатна, дыплом І ступені на вобласці таму пацвярджэнне. Аднак да рэспублікі патрэбна яшчэ больш грунтоўная падрыхтоўка – і Лізавета разам з А.С.Герцык распрацавалі пэўную “схему дзеянняў”. Абсалютна кожны дзень хаця б на гадзіну-дзве дзяўчына прыходзіла да Алены Сцяпанаўны ў бібліятэку (жанчына адказвае і за гэты ўчастак работы ў школе) – паўтаралі складаныя правілы, рашалі мінулагоднія алімпіядныя заданні, многае бралі з інтэрнэта. “Калі я была на ўроку ў іншым класе, Ліза займалася самастойна, – кажа А.С.Герцык. – Я прыбягала толькі ўдакладніць, ці ўсё атрымліваецца, раіла, што яшчэ прачытаць. Дарэчы, у бібліятэцы яна не разгубіцца: “змесціва” паліц ведае на зубок”.

Дапамаглі ў падрыхтоўцы таксама спецыяльныя зборы, якія праводзіліся ў сакавіку на базе Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П.М.Машэрава. Яшчэ адзін тыдзень Лізавета займалася са спецыялістамі ВНУ ў рэжыме анлайн.

Заўсёды на сувязі

Сваю паездку ў Магілёў, дзе праходзіў заключны этап алімпіяды, дзесяцікласніца запомніць надоўга. Як прызнаецца, без Алены Сцяпанаўны, якая дагэтуль суправаджала на вобласць, было страшнавата. Але ж ніхто не адмяняў мабільную сувязь! Літаральна кожны дзень сазвоньваліся, абмяркоўвалі заданні, вынікі – і хваляванні адступалі. Адной з першых даведалася А.С.Герцык і пра перамогу Лізаветы – такой навіной хутка парадавала ўсіх работнікаў школы. Сапраўдным святам стаў гэты дзень і для ўсіх членаў мнагадзетнай сям’і Казловых.

“Толькі не падумайце, што ўвесь час праводжу за падручнікамі, – удакладняе Ліза. – На адпачынак таксама час знаходжу! Вельмі люблю мастацкія кінафільмы, калі ж дазваляе надвор’е, сустракаюся на вуліцы з сябрамі. На сувязі і са старэйшымі, якія ўжо сталі студэнтамі і вучацца ў горадзе”.

Сама ж Ліза пакуль не думае пра выбар будучай прафесіі. Час яшчэ ёсць. Пакуль жа імкнецца ўзяць ад жыцця і вучобы па максімуме, а ў наступным годзе зноў прадэманстраваць “клас” на алімпіядзе. Дарэчы, сёлетняя перамога (нават у выпадку не вельмі паспяховых вынікаў на вобласці ў наступным годзе) гарантуе дзяўчыне ўдзел у заключным этапе такіх інтэлектуальных спаборніцтваў.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *