В Ушачах прошёл День города

Главное

Кожны з нас любіць родны гарпасёлак па-свойму – за спакойнае і размеранае жыццё, за ўтульнасць і прыгажосць, за адзінства і дружалюбнасць людзей. Да гэтага месца прывязаны душой не толькі самі жыхары, а і тыя, хто з’явіўся тут на свет і пры першай магчымасці спяшаецца правесці час на малой радзіме. І вось ужо трэці год усе разам у верасні мы збіраемся, каб адзначыць свята горада. Сёлета райцэнтр справіў свой 542-і дзень нараджэння. Прайшло мерапрыемства з гэтай нагоды без празмернага размаху, але па-сямейнаму цёпла і шчыра.

Знак удзячнасці ветэранам і моладзі

“Якімі б рознымі мы ні былі па інтарэсах і прафесіі, Дзень горада нас аб’ядноўвае. А яшчэ гэта нагода выказаць удзячнасць ветэранам працы і сённяшнім работнікам. Усё, што ў нас ёсць і зараз ствараецца, гэта вынік нашай агульнай працы і адданасці справе”, – падкрэсліў у сваёй віншавальнай прамове на ўрачыстасці старшыня райвыканкама Сяргей Шамовіч. У мінулым годзе на свяце ўшаноўвалі былых кіраўнікоў арганізацый Ушаччыны, а сёлета Лісты падзякі Сяргей Сцяпанавіч уручаў працаўнікам розных сфер, якія ўнеслі істотны ўклад у развіццё раёна ці шчыра працуюць зараз. Сярод іх, напрыклад, Святлана Іванаўна Ерашова – яе асабіста ведае практычна кожны ўшачанін, які гадаваў дзяцей. Урач-педыятр трапіла ў наш гарпасёлак па размеркаванні ў 1972 годзе і паўвека лячыла маленькіх ушачан. У перыяд работы загадчыцы аперацыйнай службы “Беларусбанка” Валянціны Дзмітрыеўны

Красновай адкрыты першы карт-рахунак, устаноўлены інфакіёск і банкамат. Пад кіраўніцтвам і пры ўдзеле былога ляснічага Вялікадолецкага лясніцтва Сяргея Пятровіча Клопава ў свой час ствараўся лесапітомнік лясгаса. Некалькі дзясяткаў гадоў прысвяціў рабоце ў “Ільюшынскім” механізатар-перадавік Анатоль Віктаравіч Усовік, а сёлета выйшаў з заслужанага адпачынку, каб падставіць плячо роднай гаспадарцы і дапамагчы на сяўбе. З 1987-га года і па цяперашні час працуе майстрам па арганізацыі эксплуатацыі і рамонту жылфонду Ніна Мікалаеўна Маковіч. Нягледзячы на складаны ўчастак, жанчына шчыра адданая сваёй справе. Як і трэнер па стральбе Пётр Юльянавіч Варатынскі, які ўжо падрыхтаваў не адно пакаленне спартсменаў. “Прыемна, што нас цэняць і не забываюць”, – зазначыла Ніна Гатаўская, якая шмат гадоў адпрацавала сацработнікам.

Падарункі ад аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама ў гэты святочны дзень атрымалі і самыя актыўныя маладыя людзі – удзельнікі грамадска-масавых, спартыўных, культурных мерапрыемстваў Максім Клімашэўскі, Аляксей Грыневіч, Марыя Харак, Анастасія Гатаўская.

Умеюць здзіўляць турыстаў

У праграме Дня горада знайшлося месца і для падвядзення вынікаў раённага агляду-конкурсу “Эка-арт”, які праводзіўся сярод аграсядзіб раёна. На суд журы яны прадстаўлялі свае арт-аб’екты. У дзвюх намінацыях – “Экалагічнасць” і “Крэатыўнасць” – перамагла аграэкасядзіба “Марусіна хата”, у намінацыі “Практычнасць” – “Мікалаеўскі пасад”. Ну а лепшы арт-аб’ект і галоўны прыз зноў у аграсядзібы з Корсакава “Дольчэ Віта” і яе гаспадароў Андрэя і Алены Барэйка. Старанні гэтых ініцыятыўных і гаспадарлівых людзей спрыяюць папулярызацыі багатага турыстычнага патэнцыялу нашага рэгіёну. Мы абавязкова зазірнём на сядзібы, каб расказаць чытачам пра пераможныя арт-аб’екты.

Майстар-класы і пачастункі

Па традыцыі ў цэнтры гарпасёлка разгарнуліся гандлёвыя рады і разнастайныя тэматычныя пляцоўкі. У чарговы раз здзіўлялі сваімі талентамі майстры Дома рамёстваў і клуба “Адраджэнне”. Смачны водар пірагоў і бліноў прыцягваў да суполкі “Прысмакаў”, а гаспадыні з Плінскага клуба зрабілі стаўку на стравы з бульбы і зноў сабралі на сваёй пляцоўкі шмат землякоў. Цікава было на лакацыі музея, супрацоўнікі якога не толькі арганізавалі адмысловую выставу, а і прапаноўвалі праверыць свае веды аб прадметах быту нашых продкаў, паспрабаваць сябе ў пляценні паясоў. Асаблівую цікавасць тут выклікаў і “Ушацкі словазбор” Рыгора Барадуліна: толькі нашы землякі ўжываюць і ведаюць значэнне такіх слоў, як, напрыклад, лахарцікі, здубавецце, лавэр, лядаік, кірмашовікі.

Успомніць правілы бяспекі, прымерыць на сябе ролю выратавальніка або міліцыянера, даведацца аб рабоце экстранных службаў можна было на “Тэрыторыі бяспекі”. Найбольшай папулярнасцю яна прадказальна карысталася ў дзяцей.

Марафон канцэртаў

Шмат гледачоў на летняй танцпляцоўцы сабраў канцэрт, падрыхтаваны культработнікамі пры ўдзеле клуба “Ветэран”, актывістак аддзялення ТЦСАН, юных танцораў са школы мастацтваў. У кожным нумары артысты імкнуліся не толькі ўзняць настрой землякам, а і выказаць сваю любоў роднаму гарпасёлку.

Сярод гасцей свята былі і такія, каго ў праграме мерапрыемстваў асабліва прывабіў канцэрт групы “Рэтра-хіт”. Ладзіўся ён у скверы і дазваляў стаць непасрэдным удзельнікам дзейства, чым, да слова, гледачы ахвотна карысталіся – танцавалі і спявалі разам з музыкантамі. Тэксты і мелодыі – добра вядомыя, што і нядзіўна: пад хіты “Летні вечар” і “Дзе ж ты была?” многія з прысутных “адрываліся” ў сельскіх клубах і на ўшацкай танцпляцоўцы ў далёкія сямідзясятыя. Зрэшты, як аказалася, рэтра-музыка цікавая і сучаснай моладзі, якая таксама весялілася пад канцэртныя нумары.

Утварыўся калектыў, дарэчы, ўсяго некалькі месяцаў таму: культработнік Алег Іваноў сабраў вакол сябе аднадумцаў. Калі ж паўстала пытанне, каму іграць на ўдарных інструментах, паспрабаваць сябе ў гэтым амплуа рашылася вядомая вакалістка Святлана Муша. “Асвоіць барабаны марыла з дзяцінства – а тут такі выпадак! Канечне, да сапраўднага майстэрства мне яшчэ далёка, але спадзяюся, што ўрокі Алега Барысавіча і маё гарачае жаданне дадуць плён”, – падзялілася яна з намі. Пакуль у рэпертуары гурта 15 нумароў, аднак падтрымка гледачоў на свяце вельмі натхніла і група плануе ўжо гэтай восенню даць сольны канцэрт на сцэне цэнтра культуры.

Ну а калектыў “Добрыя людзі”, які радаваў ушачан святочным вечарам, належыць да сапраўдных прафесіяналаў. Чаго варты толькі той факт, што ў суботу музыканты паспелі выступіць у Мінску, які таксама святкаваў Дзень горада, а вечарам прадставілі вялікую праграму на ўшацкай сцэне. І зрабілі гэта з поўнай аддачай. “Вельмі спадабаўся і рэпертуар, і ўзровень майстэрства: усё жыццё вучу малышоў спяваць і танцаваць, ды і сама нярэдка выходжу на сцэну, таму ведаю, як няпроста дасканала спалучаць вакал і харэаграфію. Вялікі дзякуй музыкантам і арганізатарам за атрыманае задавальненне!” – выказала сваё ўражанне ад канцэрта ўшачанка Вераніка Герасімава.

Думаецца, з ёй пагодзяцца ўсе гледачы – а іх сабралася вельмі шмат. Хоць і невялікі наш пасёлак, але дружны, і добрую песню ад “Добрых людзей” ушачане заўсёды падцягнуць.
Выдатным падарункам для гасцей свята стаў прыгожы феерверк – дык няхай такой жа яркай і ўражлівай будзе далейшая гісторыя нашага любімага мястэчка.

Вольга КАМАРКОВА,
Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *