День белорусской письменности прошёл 2 сентября в Глубоком

Общество

Нашаму народу спрадвеку ўласцівы любоў да мастацкага слова і прага да ведаў. Вось і зараз беларусы – адна з самых чытаючых нацый: летась на аднаго нашага суайчынніка было выдадзена 3,6 кнігі. Неацэнны ўклад у асветніцтва, развіццё кнігадрукарства ўнесла Віцебшчына, таму не дзіўна, што ўжо ў пяты раз сталіцай Дня беларускага пісьменства абіраюцца гарады нашага рэгіёна. Апошняе з іх з трыумфам правяло Глыбокае.

Сёлетняе свята адметнае яшчэ і тым, што праходзіць пад знакам Года кнігі і непарыўна звязана з творчасцю славутых беларускіх песняроў Купалы і Коласа, 130-годдзе з дня нараджэння якіх мы адзначаем у гэтым годзе, як і векавы юбілей Максіма Танка. Усё гэта абумовіла вялікую маштабнасць свята, у праграму якога ўвайшло больш паўсотні мерапрыемстваў.

Аб тым, як літаральна на вачах старажытны горад ператварыўся са звычайнага правінцыяльнага райцэнтра ў населены пункт еўрапейскага выгляду, з захапленнем гаварылі ўсе, каму даводзілася бываць тут раней. За гэтым – каласальная работа, якая была праведзена жыхарамі Глыбоччыны.

  • Па-добраму можна пазайздросціць фантазіі глыбачан. Прычым, нават яшчэ не ўехаўшы ў святочны горад. Напэўна, нікога не пакінулі абыякавымі адмысловыя кампазіцыі, вырабленыя з вялізных рулонаў саломы і ўсталяваныя па баках шашы. Хто б мог падумаць, што з такога спецыфічнага матэрыялу можна змайстраваць абаяльнага вусеня,

Аб тым жа, што нараджае гэтая зямля людзей не толькі працавітых, але і таленавітых, сведчыць Сквер славутых землякоў-глыбачан, адкрыццё якога стала адметнай падзеяй свята. Фалькларыст і мастак Язэп Драздовіч, заснавальнік беларускага тэатра Ігнат Буйніцкі, авіяканструктар Павел Сухі – вось толькі некаторыя імёны, увекавечаныя ў бюстах. Як зазначыў на ўрачыстай цырымоніі губернатар нашай вобласці Аляксандр Мікалаевіч Косінец, хочацца нізка пакланіцца гэтым людзям, бо іх жыццё і дзейнасць – прыклад, які выхоўвае ў беларусаў пачуццё патрыятызму, імкненне да незалежнасці.

Давялося асабіста пагутарыць з ганаровай госцяй мерапрыемства – унучкай Паўла Сухога Марыяй Васкрасенскай, якая прыехала на свята з Масквы. “Мае пачуцці цяжка перадаць словамі. Вельмі ўдзячная за тое, што майго дзеда тут помняць і шануюць. Вы жывяце на цудоўнай прыгожай зямлі, і я шчаслівая, што таксама маю тутэйшыя карані”.

Ключавым момантам праграмы свята стала ўрачыстае адкрыццё Дня беларускага пісьменства, якое адбылося на цэнтральнай плошчы. Намеснік прэм’ер-міністра А.А.Тозік агучыў прывітальнае слова Прэзідэнта, выказаў упэўненасць, што паспяховае правядзенне свята дапаможа Глыбокаму стаць значным турыстычным цэнтрам краіны. Намеснік дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы І.М.Бамбіза адзначыў, што, нягледзячы на развіццё сучасных тэхналогій, кніга ў яе класічным друкаваным выглядзе застанецца надзейным сябрам чалавека і яго настаўнікам.

На галоўнай сцэне адбылося ўзнагароджанне пераможцаў рэспубліканскага літаратурнага конкурсу “Лепшы твор 2011 года”. Вельмі прыемна, што сярод яго лаўрэатаў – чалавек, значная частка жыцця якога звязана з Ушаччынай, – паэт Алег Салтук. Атрымаўшы дыплом першай ступені і статуэтку “Залаты купідон” за кнігу вершаў “Дзве зары”, Алег Уладзіміравіч з задавальненнем пагадзіўся зрабіць памятны здымак для чытачоў “Патрыёта”.

Умясціла праграма свята і яшчэ адно адкрыццё – у гэты дзень адчыніў свае дзверы для пакупнікоў сучасны гандлёвы цэнтр “Родны кут”, у які ператварыўся пасля рэканструкцыі мясцовы ўнівермаг. Відавочна, што такі будынак упрыгожыў бы і вуліцы сталіцы. Шчыра кажучы, вельмі захацелася, каб нешта падобнае з’явілася і ва Ушачах. Прыкладна гэткую ж думку агучыў А.М.Косінец, калі, звяртаючыся да старшыні Праўлення Белспажыўтаварыства С.Д.Сідзько, які таксама ўдзельнічаў у адкрыцці, выказаў спадзяванне, што ў хуткім часе такія сучасныя гандлёвыя аб’екты будуць узведзены і ў іншых рэгіёнах Віцебшчыны.

Свята між тым ахапіла літаральна ўсе куточкі Глыбокага. На Фестывалі кнігі і прэсы можна было пабачыць лепшыя выданні апошняга часу, сустрэцца з аўтарамі твораў; не забыліся арганізатары і пра маленькіх аматараў чытання – для іх было арганізавана свята “Разам з кнігай мы расцём”. Паўсюдна размясціліся тэматычныя пляцоўкі-падворкі, а цэнтральныя вуліцы горада памянялі прывычныя назвы. Прагуляўшыся па Альгердаву тракту, я вывучыла некалькі рухаў старажытнага танцу, паслухала спевы на розных мовах і пачаставалася смачнымі стравамі на Тракце нацыянальных культур, а зазірнуўшы на тракт “Ад агню да пяра”, трапіла ў майстэрню па перапісе кніг, дзе суровыя на выгляд манахі з гатоўнасцю расказалі мне пра сакрэты сваёй справы. Адным словам, тут было на што паглядзець і ў чым сябе паказаць. Вядома ж, ствараць свята суседзям дапамагалі і ўшачане, якія актыўна дэманстравалі свае творчыя здольнасці.

***

Адна з падзей гэтага насычанага дня ўзрушыла мяне асабліва. Падчас канцэрту на галоўнай сцэне артысты Купалаўскага тэатра дэманстравалі ўрывак са знакамітай “Паўлінкі”. Сярод удзельнікаў спектакля пазнала нашага славутага земляка, народнага артыста Беларусі Генадзя Гарбука, які ўжо паўвека ўвасабляе розныя вобразы на падмостках вядучага тэатра краіны, якога мы з дзяцінства памятаем па “Белых Росах” і “Знаку бяды”. З захапленнем назірала, як гэты зусім немалады чалавек выплясваў на сцэне жвавую польку, і думала, што цудоўна было б пагаварыць з ім, вось толькі для журналісткі сціплай “раёнкі”, напэўна, такое немагчыма…

Я сутыкнулася з Генадзем Міхайлавічам на вуліцы літаральна праз паўгадзіны і зразумела, што проста не магу не скарыстацца такім падарункам лёсу. Даведаўшыся, хто я і адкуль, народны артыст Беларусі шчыра ўзрадаваўся і прызнаўся, што заўсёды памятае сваю малую радзіму і наведваецца на Ушаччыну нават цяпер, калі нікога з родных там ужо не засталося. Зазначыў, што ўдзячны настаўнікам Ушацкай школы і, у прыватнасці, майму дзеду – Фадзею Францавічу, які прывіў яму любоў да беларускай кнігі, да роднага слова. Прызнаўся, што ўсё, чаго дасягнуў у жыцці, – ад родных вытокаў. А перад развітаннем галантна паднёс да вуснаў маю руку… І мне падумалася, што сапраўдны талент заключаны не толькі ва ўменні прыгожа маляваць, спяваць ці ствараць вершаваныя радкі, а і ў тым, каб штодзённа дарыць сваю цеплыню і пяшчоту ўсім, хто побач. А цуды ўсё ж здараюцца, тым больш у час такіх дзівосных святаў.

Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *