«Ушачане» отпраздновали юбилей

Мир увлечений

У пачатку сакавіка ўдзельнікі клуба цікавых сустрэч «Ушачане» пры цэнтральнай раённай бібліятэцы адзначылі юбілейную дату свайго існавання. 10 год назад адбылося яго першае арганізацыйнае пасяджэнне. 3 таго часу, вядома, склад калектыву некалькі змяніўся, але засталіся пачынальнікі гэтай справы.

У вытокаў стаялі і зараз наведваюць пасяджэнні клуба Мікалай Цімафеевіч Долгі (яго старшыня), Марыя Сяргееўна Каплеўская, Любоў Міхаўлаўна Карабань, Тамара Фёдараўна Казачонак, Пётр Сцяпанавіч Марчанка, Дзіна Андрэеўна Андрэйчык.
Накірунак работы клуба — краязнаўчая работа. Паколькі яго ўдзельнікі, людзі сталага ўзросту, жывуць на Ушаччыне і вельмі добра памятаюць яе гістарычнае мінулае, клуб працуе па мэтавай комплекснай праграме «Жывая памяць Ушаччыны». Яе дэвіз — «Са спадзяваннем у сэрцы, адпачыць душой у клуб ушачане сабраліся, каб пагутарыць тут паміж сабой». Удзельнікі клуба не толькі маюць магчымасць падзяліцца сваімі думкамі, успамінамі, перадаць вопыт, веды і талент малодшаму пакаленню, але і запрасіць да сябе цікавых субяседнікаў. У гасцях ва «Ушачан» пабывалі цікавыя людзі нашага раёна (юрысты, урачы, мясцовыя артысты і паэты, аматары арыгінальных хобі), а таксама паэты з Віцебска Т.Краснова-Гусачэнка і М.Наместнікаў. Адбываліся сустрэчы і з творчымі калектывамі «Печкі-лавачкі» Дома рамёстваў, народным клубам нацыянальных культур «Дружба» і іншымі. У гэтым годзе прайшло сумеснае пасяджэнне з клубам народных майстроў «Адраджэнне», плануецца сустрэча з народным хорам клуба «Ветэран».
Для ўдзельнікаў клуба ладзіліся экскурсіі ў Полацк, Нацыянальную бібліятэку ў Мінску, вёскі Андрэйчыкі і Мосар.
Супрацоўнікі бібліятэкі сабралі і выдалі друкаваным спосабам цікавы матэрыял рэцэптаў страў і метадаў народнага лячэння, якімі карыстаюцца ўдзельнікі клуба і дзеляцца з іншымі, а таксама зборнікі вершаў «Моя осень», «Строки, от души идущие» Л.Карабань, «Философия жизни» Л.Сідарэнкі, генеалагічнае дрэва В.Лёлі, М.Каплеўскай. Пры жаданні з гэтымі выданнямі можна пазнаёміцца ў раённай бібліятэцы. Зборнікі асабістых вершаў і манатыпію пакінула ў падарунак бібліятэцы Л.М.Цяцерка. Прыемна радуюць вока наведвальнікаў чытальнай залы вырабы з бісеру і рукадзелле Л.А.Асташкевіч.
Дзейнасць клуба не застаецца незаўважанай. Сведчанне таму — граматы і падзякі аддзела культуры Ушацкага райвыканкама, дыплом за I месца ў раённым аглядзе-конкурсе аматарскіх аб’яднанняў «Восеньскі вернісаж-2012».
Т.ГАРБАЦЕНКА, кіраўнік клуба цікавых сустрэч «Ушачане».



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *