Автомобили для Владимира Ворохоба — и работа, и любимое хобби

Мир увлечений Наш современник

Бачылі, як загараюцца вочы ў маленькіх хлопчыкаў, калі яны трапляюць у аддзел цацак з радамі прыгожых каляровых машынак? А вось пяцігадовага жыхара Глыбачкі Артура Варахоба падобным відовішчам не захопіш, бо ў яго дома маецца такі “асартымент” цацачнага транспарту, якім наўрад ці пахваліцца нават найлепшая крама. Зрэшты, хлопчык пакуль не ўсведамляе, што з’яўляецца ўладальнікам самага вялікага “аўтапарку” ў раёне. А вось бляск вачэй яго таты Уладзіміра падчас размовы пра маштабныя мадэлі аўтамабіляў сапраўды трэба бачыць.

Збіраць мадэлі савецкіх машын ён пачаў чатыры гады таму, пераняўшы захапленне ад сябра-палачаніна. Ва Ушацкім раёне Уладзімір пакуль што адзіны сур’ёзны калекцыянер маштабных аўтамадэляў, у цэлым жа па краіне такіх аматараў не менш за паўтары тысячы – менавіта столькі чалавек зарэгістравана на адпаведным беларускім інтэрнэт-сайце.

Здаецца, пра кожны з 200 экземпляраў сваёй калекцыі Уладзімір Варахоб можа расказваць гадзінамі. Пачалася ж яна са сціплага 407-га “Масквіча” – караля савецкіх дарог 60-х. Зараз на асобнай палічцы стаяць практычна ўсе мадэлі, якія сыходзілі з канвеера Маскоўскага аўтазавода малалітражных аўтамабіляў. Ёсць нават мадэль макета “Масквіч Істра”, якую распрацавалі, але так і не запусцілі ў серыйную вытворчасць. “Шклопластыкавы кузаў, гібрыдны рухавік, які працуе на розных відах паліва, у тым ліку на рапсавым алеі, і пры гэтым расходуе каля двух літраў на 100 км, дзверцы, якія адчыняюцца ўзняццем уверх, размешчаная на лабавым шкле панель прыбораў – нават не верыцца, што такія “навароты” мела распрацаваная больш паўстагоддзя таму савецкая мадэль, – расказвае Уладзімір. – Зрэшты, экспертнай камісіі яна не спадабалася – па-першае, каб наладзіць выпуск “Істры”, патрэбна было маштабнае пераабсталяванне вытворчасці, а па-другое, навошта простаму савецкаму чалавеку гэткія буржуйскія штучкі…”

Цэлую палічку займаюць жыгулі – ад славутай “капейкі” да Лады Каліны. Прыцягвае ўвагу мадэльны рад урадавых ЗІЛоў – у ім быццам адлюстроўваецца савецкая гісторыя: ад ЗІСа, на якім ездзіў Сталін, да ЗІЛа-41047 гарбачоўскай эпохі. Разам з эрай праўлення апошняга генсека скончыўся і “зорны час” вырабаў Завода імя Ліхачова – урад перасеў на іншамаркі.

Сярод мадэляў рэтра – даваенны ГАЗ-АА і аўтобус ГАЗ-03-30, зробленыя на базе Форда А. На іншай палічцы – персанажы анекдотаў – запарожцы “вушасты” і “гарбаты” разам са сваім нашчадкам “Таўрыяй”. Ёсць тут нават “інвалідка”, вядомая нам усім па камедыі Гайдая як асабісты транспарт героя Яўгена Маргунова, і першы савецкі мікрааўтобус “Старт”, на якім спартсменка і камсамолка Ніна ў фінальнай сцэне “Каўказскай палонніцы” ад’язджала на заняткі… Маюцца ў калекцыі і мадэлі айчыннай тэхнікі – МАЗы. Дарэчы, яны адны з самых дарагіх, паколькі прадпрыемства заказвае іх выраб еўрапейскім фірмам. Самай жа каштоўнай адзінкай калекцыі Уладзімір лічыць ваенны аўтамабіль ЗІЛ-131, бо яму ўдалася завалодаць апошнім з выпушчаных экземпляраў. Таму на зайздрослівае пытанне сяброў-калекцыянераў: “Дзе браў ЗІЛа?” адказвае лаканічна: “Дзе браў, там ужо няма!”

Канечне, гэтае захапленне патрабуе ўкладанняў: кошт мадэляў вагаецца ад некалькіх дзясяткаў да сотняў тысяч рублёў. Таму галава сям’і ставіцца да яго без фанатызму, дазваляе сабе набыць новы экземпляр толькі калі ёсць вольныя грошы. “Баюся, каб жонка з дому не выгнала!” – жартуе малады чалавек, але ж яго спадарожніца жыцця Іна хоць не падзяляе, аднак паважае захапленне мужа. Задаволена зяцем і цешча Лілія Уладзіміраўна Храпавіцкая, у доме якой зараз жыве маладая сям’я: “Хай сабе займаецца. Затое, як некаторыя іншыя, не бавіць вольны час за стаканам”.

Уладзіміру, да слова, не дазваляе гэта рабіць і прафесія – ён працуе вадзіцелем дальніх рэйсаў, аб’ехаў літаральна ўсю Еўропу, пакалясіў і па расійскіх прасторах. Цягу да тэхнікі пераняў ад бацькі, які таксама быў шафёрам, а майстэрства замацаваў падчас службы ў дэсантных войсках, дзе давялося вадзіць “Урал”. А вось на маленькім Артурку, дынастыя, магчыма, перарвецца, бо той безапеляцыйна заяўляе: “Буду мытнікам!” Што ж, веданне аўтамабіляў яму ў гэтай прафесіі таксама спатрэбіцца.

Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *