А.А.Аскерко — внимательный избранник, чуткий медик

Ими гордятся Наш современник Наши земляки Саветы і жыццё Экономика и малый бизнес

Жыхары вёсак Дубраўка і Крывушчына просяць аказаць дапамогу ў добраўпарадкаванні мясцовых могілак. Тых, хто пражывае ў Дубраўцы, даўно хвалюе пытанне ачысткі вады ад прымесей жалеза. Па магчымасці трэба заасфальтаваць 200 метраў вуліцы Цэнтральнай ад скрыжавання ў бок Бешанковіч. Ці магчыма падоўжыць маршрут аўтобуса Полацк-Вяркуды да Дубраўкі па выхадных? Гэтыя і многія іншыя пытанні вельмі хвалююць Ганну Аляксееўну Аскерка. Не, не таму, што яна бачыць у гэтым уласны інтарэс, а таму, што яе, як дэпутата раённага Савета дэпутатаў ад Дубраўскай выбарчай акругі №16, перш за ўсё хвалююць праблемы і інтарэсы яе аднавяскоўцаў і выбаршчыкаў. Яны аказалі ёй давер, а яна ў сваю чаргу імкнецца апраўдваць яго.
Г.А.Аскерка пастаянна прымае ўдзел у рабоце сесій Савета, у абмеркаванні пытанняў, пастаўленых на іх павестку, праводзіць сустрэчы з выбаршчыкамі па месцы жыхарства і ў калектывах. Усё гэта дазваляе наладжваць з імі цесны кантакт і быць у курсе спраў. Яшчэ больш збліжае гэтую жанчыну з аднавяскоўцамі прафесія медыка. Яна – загадчыца Дубраўскай бальніцы сястрынскага догляду. Ва ўсе часы медыцынскія работнікі выклікалі давер і павагу ў людзей, у Ганны Аляксееўны ж акрамя прафесіяналізму ёсць і яшчэ адзін важны “козыр” – мяккі, спагадлівы характар і ўменне знайсці падыход да чалавека.
– Яна да кожнага пацыента як да роднага адносіцца, вельмі чулая, у кожным слове дабрыня, якая таксама лечыць, – такія словы пра Ганну Аляксееўну давялося пачуць ад удзячных пацыентаў бальніцы.

І сапраўды ўсю душу ўкладвае яна ў сваю справу. Два разы ў год праводзяцца медагляды дзяцей, пры выяўленні пэўных праблем яны накіроўваюцца ў абласную дзіцячую бальніцу. Асаблівая ўвага дзецям, якія выхоўваюцца ў нядобранадзейных сем’ях, на жаль, ёсць і такія на ўчастку. Не абдзелены ўвагай медыкаў, перыядычна праходзяць лячэнне ветэраны і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны. На тэрыторыі ўчастка пражывае 30 адзінокіх пенсіянераў, яны таксама пад пастаянным назіраннем.
– Дубраўская бальніца разлічана на 15 месцаў, на дадатковых месцах стацыянарнае лячэнне атрымліваюць усе маючыя патрэбу. За 2012 год у стацыянары пралечана амаль 150 чалавек. У сацыяльных палатах зараз пражывае 18 чалавек. Для таго, каб наша бальніца функцыянавала, а мы маглі аказаць людзям медыцынскую дапамогу, будынак патрабуе капітальнага рамонту – замены ацяпляльнай сістэмы і водаправоду, падлогі ў стацыянары. Вельмі вострая праблема – набыццё новай машыны хуткай медыцынскай дапамогі, гэта асабліва адчуваецца, калі спяшаешся да хворага, калі дарагой з’яўляецца кожная хвіліна, – з усёй душой і перажываннем за справу расказвае Г.А.Аскерка.
На сённяшні дзень Дубраўская БСД абслугоўвае 48 населеных пунктаў. Да ўчастка адносяцца Вяркудскі і Слабадскі фельчарска-акушэрскія пункты, і калі на першым працуе кваліфікаваны і граматны спецыяліст, то на другім ужо тры гады няма фельчара. Раз у тыдзень Ганна Аляксееўна спяшаецца ў Слабаду, каб прыняць хворых, вязе ім лякарствы з Дубраўскага аптэчнага кіёска. Гэтае пытанне дэпутат узнімала напрыканцы года падчас сесіі раённага Савета і зараз спадзяецца на станоўчае вырашэнне кадравай праблемы. Агучыла яна і іншыя праблемныя моманты, з якімі звярталіся грамадзяне. Не проста агучыла, а і далей усяляк імкнецца спрыяць вырашэнню. Менавіта такім неабыякавым і павінен быць дэпутат і проста чалавек.
В.КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *