На «прямой линии» нотариус.

Зваротная сувязь

“Прамой лініяй” з загадчыцай дзяржаўнай натарыяльнай канторы Жаннай Леанідаўнай КАВАЛЕНКА скарысталася многа чытачоў нашай газеты. Тэлефон не змаўкаў, што з’яўляецца заканамерным – праз натарыят праходзяць самыя жыццёвыя пытанні і людзі імкнуліся атрымаць бясплатную кансультацыю.

Званок з вёскі Селішча:

– Як атрымаць пашпарт на дом?

– Дом ваш?

– Куплены ў 1989 годзе, дагавор афармлялі ў сельвыканкаме.

— Бярыце дагавор, ваш асабісты пашпарт і звяртайцеся ва Ушацкае бюро Лепельскага філіяла РУП “Віцебскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельнаму кадастру” (па-ранейшаму БТІ).

– Ёсць завяшчанне на траіх, аднак сёстры ад сваёй долі адмаўляюцца, што трэба рабіць?

– На працягу 6 месяцаў пасля смерці завяшчальніка неабходна напісаць заяву аб прыняцці спадчыны, а вашым сёстрам – аб адмове ад яе. Бярыце пашпарт і прыходзьце да натарыуса. Вашы сёстры могуць адмовіцца ад спадчыны ў натарыяльнай канторы па месцы жыхарства.

Тэлефанаванне з Вялікадолецкага сельсавета.

– Дом аформлены толькі ў сельвыканкаме, жывуць муж і жонка. Апошняя жадае падарыць сваю частку дома сыну, а муж не жадае нічога афармляць.

– Спачатку трэба зарэгістраваць дом на мужа, жонцы атрымаць пасведчанне на сваё права ўласнасці на палову дома ў натарыяце, аднак гэта магчыма толькі пры згодзе абодвух бакоў. Калі нехта не згодны, то падзяліць дом можна толькі ў судовым парадку, пасля таго і падарыць палову дома.

– Як прыватызаваць кватэру ў шматкватэрным доме ў Вяркудах?

– Высветліце, каму належыць дом і звярніцеся з заявай. Будзе праведзена абследаванне і ацэнка дома, пры згодзе на прыватызацыю вы адразу заплаціце 10 працэнтаў ад сумы кватэры, астатнія па рашэнні ўласніка з растэрміноўкай да 40 гадоў.

– Спадчына ў нас на траіх, ці магу я падарыць пляменніцы сваю частку. І ці маю як інвалід ільготы пры ажыццяўленні гэтай здзелкі?

– Так, падарыць вы сваю частку можаце, калі яна выдзелена і зарэгістравана. Ільготу таксама маеце. Згодна з Падатковым кодэксам кожны бок плаціць 50 працэнтаў, вы як ільготнік – палову гэтай сумы. Такім чынам вы заплаціце 1/4, а ваша пляменніца 3/4 сумы дзяржпошліны.

– З уступленнем у спадчыну мы спазніліся, прычым значна, бабуля памерла ў 1994 годзе. А разам з нерухомасцю нам дасталіся і неперарэгістраваныя чэкі “Жыллё”. Ці ёсць які шлях скарыстацца імі цяпер?

– Так. Па-першае, вам трэба ўстанавіць факт прыняцця спадчыны праз суд, потым аформіць спадчынныя правы ў натарыуса, у тым ліку і на чэкі. Затым зноў звярнуцца ў суд для прыняцця рашэння аб прадаўжэнні тэрміну перарэгістрацыі чэкаў, паколькі неперарэгістраваны яны былі па ўважлівай прычыне (смерць уласніка). Пасля гэтага вы зможаце звярнуцца ў банк для перарэгістрацыі чэкаў, а потым, як блізкія родныя, і выкарыстаць іх пры будаўніцтве жылля.

Хоць Жанна Леанідаўна і задавала кожнаму з удзельнікаў “прамой лініі” ўдакладняючыя пытанні, заўсёды дадавала, што абсалютна правільны адказ можна даць, калі азнаёмішся з дакументамі і ўсімі акалічнасцямі. Бо самі заяўнікі часта не прыдаюць значэння нюансам, якія ў натарыяльнай справе могуць істота змяніць сутнасць справы.

Запісала В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *