Почему в Ушачской районной больнице медленно движется очередь на протезирование зубов?

Зваротная сувязь

На “прамую лінію”, прысвечаную тэме медыцынскага абслугоўвання насельніцтва, якая праводзілася ў рэдакцыі некалькі тыдняў таму, паступілі два вострыя пытанні ўшачан, адказаць на якія адразу, без высвятлення ўсіх абставін і акалічнасцяў, не ўяўлялася магчымым. Тлумачэнне па гэтых пытаннях дае галоўны ўрач Ушацкай цэнтральнай раённай бальніцы С.А.Маісееў.

“З лютага стаю на чарзе на пратэзаванне зубоў. Тады была 230-й, калі ж у ліпені прыйшла ў ЦРБ, каб высветліць, як ідзе чарга, у рэгістратуры мне адказалі, што я зараз толькі 110-я. Хацелася б даведацца, колькі трэба яшчэ чакаць і чаму так марудна рухаецца чарга?” (В.М.Магерка).

– Ва Ушацкай ЦРБ працуе адзін урач стаматолаг-артапед на 0,5 стаўкі, што складае па часе 3 гадзіны 18 мінут у дзень. На прыём аднаго пацыента артапедычнага профілю затрачваецца 30 мінут (адпаведна дадатку 1 пастановы Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 13.12.2007г. №161 “Аб зацвярджэнні галіновых норм часу абслугоўвання дарослага і дзіцячага насельніцтва ўрачамі дзяржаўных арганізацый (падраздзяленняў) аховы здароўя, якія аказваюць амбулаторна-паліклінічную дапамогу, што фінансуецца за кошт сродкаў бюджэту”). Такім чынам, урач стаматолаг-артапед прымае за дзень да 6 пацыентаў.

З 1 жніўня 2015 года, у сувязі з прыходам маладога спецыяліста ўрача-стаматолага ва Ушацкую ЦРБ, даступнасць стаматалагічнай дапамогі насельніцтву раёна паляпшаецца – чарга на планавую дапамогу значна скарочана.

“У суботу, 15 жніўня, дачка ўпала з падаконніка і моцна ўдарылася аб спінку ложка. У яе моцна забалела галава, амаль не адкрываўся рот, узніклі болі ў вобласці шыі і пазваночніка. Мы патэлефанавалі ў хуткую дапамогу. Там адказалі, што выязджаць для агляду дачкі не будуць – пры жаданні мы самастойна павінны даставіць яе ў бальніцу на аўтамабілі або таксі. Параілі пацярпелай паляжаць, нам – паглядзець на яе далейшы стан і калі ён пагоршыцца – пазваніць у бальніцу яшчэ раз. Дзякуй Богу, усё абышлося, але хацелася б даведацца, чаму нам адмовілі ў дапамозе? Няўжо ў падобных выпадках трэба самому клапаціцца пра транспарціроўку пацярпелага?” (Я.С.Белавусава).

– Ва Ушацкай ЦРБ вядзецца аўдыёзапіс званкоў, якія паступаюць у аддзяленне хуткай дапамогі. Пасля праслухоўвання запісу №6434 ад 15.08.2015, 16.40 устаноўлена, што адмовы ў медыцынскай дапамозе не было, а мела месца затрымка абслугоўвання ў сувязі з адсутнасцю на гэты момант брыгад хуткай медыцынскай дапамогі, якія абслугоўвалі іншыя выклікі з аддаленых вёсак, аб чым маецца запіс у адпаведным журнале. Выклік быў прыняты медсястрой прыёмнага аддзялення. Пасля збору звестак пра скаргі і стан пацыенткі былі дадзены рэкамендацыі і ўказана на магчымасць дастаўкі яе ў ЦРБ на асабістым транспарце або таксі для больш хуткага атрымання дапамогі.

Падрыхтавала Н.БАГДАНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *