Премию имени З.Туснолобовой-Марченко получила Ольга Викторовна Михейко из агрогородка Ильюшино

Демография Наш современник Экономика и малый бизнес

Пасля няпростага працоўнага дня Вольга Віктараўна прысела на хвілінку на канапу. Тут жа, каб падзяліцца навінамі, пад бачок да яе прытуліўся дзевяцікласнік Сяргей, якога жанчына па-мацярынску цёпла абняла. Неўзабаве з суседняга пакоя прыбег пяцікласнік Віця — крыху рэўнасна паглядзеўшы на брата, ён прысунуўся да жанчыны з другога боку і пачаў таксама нешта расказваць ёй на вушка. Ёсць у Вольгі Віктараўны і іншыя дзеці: Алеся, Насця, Дзіна і Дзіма, а таксама Маша, для якой, як і для Сяргея з Віцем, пяць гадоў назад жанчына стала апекуном. Яны ўжо не раўнуюць самага блізкага ім чалавека, бо ведаюць: усіх яна любіць аднолькава.

Статус мнагадзетнай матулі, на жаль, часам пужае многіх сучасных жанчын. Гераіня ж нашага аповеду ніколі не сумнявалася ў тым, што сэнс жыцця заключаецца менавіта ў выхаванні дзяцей. На пытанне, як рашылася на нараджэнне ажно чатырох, Вольга Віктараўна толькі ўсміхаецца: «Гэта для мне самой стала нечаканасцю. Пасля з’яўлення на свет Алесі і Насці хацелі з мужам яшчэ і хлопчыка. У той час ніякіх ультрагукавых даследаванняў па вызначэнні полу будучага дзіцяці не рабілі, таму да апошняга не ведалі, хто будзе трэцім. Калі ж прыйшла ў прытомнасць пасля праведзенага кесарава, мне медсястра радасна паведаміла: «У вас хлопчык!» А праз паўзу дадала: «І дзяўчынка». Так у нашай сям’і з’явіліся блізняткі Дзіма і Дзіна».

Клопатаў у Вольгі Віктараўны хапала заўсёды: на працягу 30 гадоў шчыра працавала даяркай у мясцовым сельгаспрадпрыемстве, пазней набыла прафесію прадаўца. Разам з мужам Уладзімірам Уладзіміравічам выхоўвалі дзетак, трымаючы немалую падсобную гаспадарку. «Напэўна, не было ў мяне такога, каб уставала пазней пяці гадзін раніцы. Часам і ў тры ночы ўжо завіхалася па доме, каб усё паспець, — расказвае жанчына. — Аднак ад любой стомленасці ў мяне былі асаблівыя лекі — мае дзеці». З дня ў дзень жанчына акружала сваіх «кветачак жыцця» любоўю, пяшчотай і клопатам, уласным прыкладам вучыла працавітасці, павазе да тых, хто побач. Напэўна, таму і выраслі яны дастойнымі людзьмі. Сын Дзмітрый вучыцца на трэцім курсе Лепельскага прафесійнага ліцэя, дзе набывае спецыяльнасці лесніка, слесара і трактарыста. Старэйшая Алеся працуе прадаўцом у магазіне ў Вашкове, а малодшая Дзіна — на такой жа пасадзе ў «Сельгаспрадуктах». Анастасія зараз знаходзіцца ў водпуску па доглядзе за дзіцем да трох гадоў — між іншым, яна таксама работнік райспажыўтаварыства. На час дэкрэтнага, каб захаваць працоўнае месца, яе падмяняе сама Вольга Віктараўна, прадавец 5-га разрада. Так што атрымліваецца сапраўдны сямейны падрад

Час ішоў, дзеці выраслі, а нерастрачанай мацярынскай любові ў В.В.Міхейкі засталося хоць адбаўляй. Напэўна таму ў 2009 годзе яна не пабаялася ўзяць на выхаванне яшчэ траіх дзетак, якія па волі лёсу засталіся без бацькоў. Пасля трагічных падзей у Сяргея, Машы і Віці не стала таты, а паводзіны маці прымусілі іх шукаць заступніцтва ў сям’і Міхейкаў, з якімі іх звязваюць пэўныя вузы радства. «Пытанне аб тым, каб стаць для дзяцей апекуном, вырашылася вельмі хутка, — успамінае Вольга Віктараўна. — Калі яшчэ неакрэплыя дзіцячыя ручкі з усёй сілай трымаюцца за цябе, а ў напалоханых вачах малых чытаецца мальба аб дапамозе, ці магла я паступіць інакш?»

Сяргей нядрэнна вучыцца ў школе, збіраецца летам паступаць у чыгуначны каледж на памочніка машыніста. Хлопец, як старэйшы сярод падапечных Вольгі Віктараўны, ва ўсім ёй дапамагае: і дровы пасячэ, і ў доме прыбярэ, і непаседлівага Віцю, калі трэба, прыструніць. Маша яшчэ падчас навучання ў школе зарэкамендавала сябе як добрая спартсменка, неаднаразова прымала ўдзел у спаборніцтвах па валейболе, займаючы прызавыя месцы. Год назад яна знайшла ў інтэрнэце інфармацыю аб наборы юнакоў і дзяўчат у Віцебскае кадэцкае вучылішча і з раздрукоўкай у руках паведаміла Вользе Віктараўне аб тым, што хоча стаць кадэтам. Зараз першакурсніца Маша расказвае, што амаль армейскія будні са строгай дысцыплінай і няпростым распарадкам дня яе ніколькі не пужаюць, бо стрыманасці і адказнасці да любой справы яна навучылася ў Вольгі Віктараўны. «Малодшаму Віцю таксама варта ісці ў кадэты, — з жартам і ўсур’ёз гаворыць В.В.Міхейка. — Ён у нас хлопец рухавы, не можа ўседзець і хвіліны на адным месцы — там і «падкарэкціруюць» яго паводзіны». Зараз жа Віця ўсур’ёз захапляецца футболам, увесь вольны час прысвячае трэніроўкам.

Для таго, каб у будучым дзеці больш упэўнена сябе адчувалі ў матэрыяльным плане, В.В.Міхейка адкрыла ў банку рахунак, куды пераводзіцца іх пенсія па згубе кармільца. Старэйшы Сяргей, для прыкладу, ужо вырашыў, што патраціць частку сваёй долі на набыццё ноўтбука. Малодшыя ж пакуль не нагружаюць сябе думкамі аб растратах, тым больш што ўсім неабходным яны забяспечаны.

Настолькі вялікае сэрца ў Вольгі Віктараўны, што яго шчырасці і цеплыні хапае не толькі на мужа, чацвярых родных, траіх прыёмных дзяцей і чацвярых унукаў. Калі ў складанай жыццёвай сітуацыі аказалася 84-гадовая бабуля Сяргея, Машы і Віці, жанчына без ваганняў узяла на сябе клопат і аб ёй, аформіўшы апякунства.

У любой сітуацыі не скардзіцца жанчына на праблемы, не прагінаецца пад іх грузам — проста працягвае жыць, радавацца нават самай маленькай перамозе. І верыцца, што гэтай энергічнай, хаця і такой мініяцюрнай жанчыне ўсё пад сілу. Проста таму, што ў яе такі магутны стымул — вялікая дружная сям’я.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ..



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *