День Сорочинского сельсовета

Зваротная сувязь

На мінулым тыдні прайшоў Дзень Сарочынскага сельсавета, які распачаўся з прыёму грамадзян па асабістых пытаннях кіраўніцтвам раёна ў аграгарадку Арэхаўна, вёсках Сарочына, Слабада, Завячэлле і Мосар. Усе гэтыя населеныя пункты не так даўно былі цэнтрамі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, землі якіх зараз уваходзяць у склад КУСГП “Арэхаўна” і “Райаграсэрвіса”. На сённяшні дзень гэта самы населены сельсавет, у склад якога ўваходзіць 61 вёска – зусім маленькія, як Гвазды ці Пяскі, і вялікі, першы ў раёне аграгарадок. Гэта адзін з самых кантрастных сельсаветаў. Тут і Арэхаўна, жыхары якога жывуць у кватэрах з усімі выгодамі, з падведзеным газам і наяўнасцю ўсіх неабходных сацыяльных аб’ектаў. І Мосаршчына, на тэрыторыі якой (былы калгас “Адважны барацьбіт”) да нядаўняга часу зарасталі нічыйныя землі, працавалі толькі фермерскія гаспадаркі, да якіх і звярталіся мясцовыя жыхары па дапамогу з апрацоўкай участкаў. Вельмі вялікі сельсавет і па плошчы, які мяжуе з Полацкім і Лепельскім раёнамі. Таму і рабочых груп, якія раз’ехаліся па тэрыторыі, каб даведацца аб хвалюючых людзей пытаннях, працавала ажно 8. І тым прыемней канстатаваць, што пытанняў, якія ўзяты на кантроль, паступіла не больш, чым падчас правядзення папярэдніх Дзён сельсаветаў.

І калі ў Сарочыне на прыём людзей не прыйшло наогул, то ў Арэхаўне старшыню райвыканкама В.В.Родзіча чакала цэлая дэлегацыя, хоць пытанні былі мясцовага ўзроўню. І галоўная выснова, якая напрошвалася, – недастатковая работа з людзьмі. Кожны другі, хто прыйшоў на прыём, скардзіўся на тое, што кантэйнеры, што стаялі побач з дамамі, – зніклі, а плата за вываз смецця засталася. Пераразлік жа камунгас рабіць адмаўляецца. “Кантэйнеры ўбралі, бо яны прагнілі, ёсць другія на нязначнай адлегласці, і нідзе не вызначана, што яны павінны стаяць ля кожнага дома, – парыраваў майстар арэхаўскага ўчастка Віктар Міхайлавіч Шыркевіч. – Людзі смецце ўсё роўна выкідвалі і яно вывозілася”. Мяркую, што гэтага пытання сапраўды б не паўстала, калі б жыхарам аграгарадка растлумачылі гэта раней. Так жа яны чакалі, што смецце будуць забіраць, пры гэтым некаторыя складзіравалі яго на ранейшым месцы збору. Хоць пытанне з ліквідацыяй смецця, бадай, самае распаўсюджанае. Жыхары многіх вёсак мараць пра тое, каб смецце цэнтралізавана вывозілася. А паколькі няма магчымасці паставіць кантэйнеры па ўсіх населеных пунктах, можна параіць жыхарам невялікіх вёсак пры наяўнасці буйнагабарытнага смецця ці вялікіх яго памераў заказваць у камунгасе тэхніку, якая і вывезе адходы. Праўда, вяскоўцы часта знаходзяць найбольш просты і танны спосаб – выкідваюць у кусты і ўтвараюць сметнікі па вёсках – у чым пераканаліся падчас аб’езду члены розных рабочых груп.

Хто падключыць пральную машыну? Хто заменіць лічыльнік? Перыядычна гэтыя пытанні паўстаюць, і людзі не ведаюць, да каго звяртацца. Сапраўды, заблытацца можна, бо за падвод электрычнасці да ўводу ў дом адказваюць работнікі раёна электрычных сетак, яны ж па заяўцы (тэлефон 2-76-54) на платнай аснове заменяць праводку ад уводу да лічыльніка, за заменай лічыльнікаў сочаць супрацоўнікі энергазбыта. Калі ж паўсталі праблемы з заменай праводкі ўнутры дома, звярнуцца жыхары могуць да любога кваліфікаванага спецыяліста-электрыка, напрыклад, мясцовай гаспадаркі. Пенсіянерам зняць гэтыя пытанні можна праз тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Ну а людзям працаздольнага ўзросту можна параіць таксама паслугі індывідуальных прадпрымальнікаў – перыядычна інфармацыя з’яўляецца на старонках газеты.

Жыхары Мосара хацелі б бачыць на сваім ФАПе пастаяннага медыцынскага работніка. Галоўны ўрач ЦРБ паведаміў, што калі са жніўня па размеркаванні і прыедзе фельчар, то пажадана, каб у Мосары было выдзелена жыллё. На сённяшні ж час жыхароў абслугоўвае ўрач-тэрапеўт Н.М.Зыранава, якая па графіку выязджае і прымае хворых. На гэтай жа тэрыторыі немалыя плошчы зараслі баршчэўнікам. Выйсце старшыня райвыканкама бачыць толькі адно – максімальна ўзворваць, што і будзе рабіць “Райаграсэрвіс”, а таксама апрацоўваць ядахімікатамі. Старэйшына вёскі Белае падняла пытанне саманарыхтоўкі дроў – участкі адведзены і людзям будзе дадзены адказ, куды яны змогуць пайсці з пілой. Што датычыцца асвятлення вуліц (гэтае пытанне актуальнае для многіх), то парадак замены лямп або ліхтароў наступны – трэба звярнуцца да старшыні сельвыканкама, які і падае заяўку ў раён электрычных сетак.

А вось ад жыхароў Славеняў медыкам і работнікам гаргаза паступіла падзяка за аператыўнае абслугоўванне. Жыхары Федаронак і Канцавых прасілі перадаць падзяку за якаснае абслугоўванне аўтакрамы як прадуктовымі, так і прамысловымі таварамі.

У перыяд дажджоў паказалі свае слабыя месцы дарогі, скаргі на стан якіх паступілі ад жыхароў Жывалакі, Арэхаўна, Федаронак, Латышова і некаторых іншых. Не ўпрыгожваюць выгляд Бутава, Альшан, Жывалакі, Латышова мноства нічыйных дамоў, са спадчыннікамі якіх і трэба весці тлумачальную работу ці прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці. Жыхары вёскі Слабада прасілі асвятліць самую населеную вуліцу Прыазёрную. У шэрагу населеных пунктаў сельсавета няма ўказальнікаў з назвамі.

Масток праз раку ў вёсцы Ціханяты рабіўся неаднойчы. Гэта было па сутнасці падарункам камунгаса, паколькі асноўны мост ёсць, а дадатковы быў для зручнасці пэўнай катэгорыі людзей. На жаль, рэсурсы камунальнікаў маюць межы і на гэты раз масток давядзецца будаваць таксама гаспадарчым спосабам… але самім, як кажуць, талакой. А гэта вялікая сіла, да якой прыбягаюць дружныя вяскоўцы. Прывяла гэты прыклад, каб паказаць, што не ўсе пажаданні людзей бяруцца “на пяро” і вырашаюцца за бюджэтны сродкі. Аднак тыя, якія запісаны ў пратаколе даручэнняў падчас правядзення Дзён сельсаветаў, трымаюцца на кантролі і старшыня райвыканкама патрабуе ад выканаўцаў дакладнага захавання дадзеных абяцанняў і тэрмінаў.

В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *