За успехи в учёбе, спорте и общественной жизни ученики Ушачской школы Антон Касич и Злата Клачок приняли участие в мероприятиях Главной ёлки страны

Ими гордятся Наши дети

Далёка не кожнаму грамадзяніну даводзіцца ў жыцці ў непасрэднай блізкасці ўбачыць Прэзідэнта сваёй краіны, пачуць з яго вуснаў віншаванні, пажаданні і парады. А вось юныя ўшачане Злата Клачок, Маша Мудрак і Антон Касіч такую магчымасць атрымалі – напярэдадні навагодніх святаў школьнікі былі запрошаны ў Палац Рэспублікі на Галоўную ёлку краіны. Мы ўжо расказвалі пра глыбачанскую выдатніцу і прыгажуню Машу, зараз жа мусім прадставіць чытачам Злату і Антона, якіх дэлегавала на ўрачыстасць Ушацкая школа.

– Нам з Антонам пашанцавала – на святочным прадстаўленні нашы месцы аказаліся ў першым радзе прама насупраць сцэны. Гэта дазволіла пачуць і ўбачыць усё да самай драбніцы! – дзеліцца ўражаннямі Злата Клачок. – Вельмі спадабалася яскравае шоу: пераробленая на сучасны лад казка пра Ямелю – нічога падобнага ў жыцці мы не бачылі! А яшчэ мы пабывалі на цыркавым прадстаўленні “Чараўніцтва на лёдзе”, набылі новых сяброў, атрымалі падарункі.

Зрэшты, для гэтай пяцікласніцы і па жыцці ўласціва заўсёды быць “у першым радзе”, прычым, літаральна ва ўсіх сферах. Прырода надзяліла дзяўчынку дапытлівасцю, няўрымслівасцю і працавітасцю. У яе дзённіку ў асноўным выдатныя ацэнкі, з прадметаў больш падабаюцца гуманітарныя, а самы любімы – родная мова. Злата наведвае адразу два аддзяленні дзіцячай школы мастацтваў: асвойвае харэаграфію, а з музычных інструментаў выбрала самы беларускі – цымбалы. Няма, здаецца, ніводнага мерапрыемства, дзе б яна не прыняла ўдзел – вось і нядаўна атрымала перамогу ў школьным “Экалагічным марафоне”, дзе змайстраваная ёю сукенка са старых газет заняла першае месца. Злата паспявае быць самым актыўным чытачом дзіцячай бібліятэкі, удзельнічаць у конкурсах рэспубліканскіх газет і часопісаў, складаць вершы – апошні з іх (вядома ж, на роднай мове) напісала для школьнага мерапрыемства “Моладзь выбірае здаровы лад жыцця”. А яшчэ ўмудраецца знайсці час для зносін са шматлікімі сябрамі, паблукаць па інтэрнэт-прасторы, дапамагчы маці па доме і нават прынесці ў “Патрыёт” чарговую заметку ці замалёўку. І як усё паспявае? Быццам бы нейкі хітры патайны “рухавічок” ёсць у гэтай дзяўчынкі…

Са сваім спадарожнікам па паездцы ў Мінск сямікласнікам Антонам Касічам яны зусім розныя і адначасна ў многім падобныя. Антон таксама выдатна вучыцца: сярэдні бал яго адзнак за апошняе паўгоддзе – 9. Скончыўшы дзіцячую школу мастацтваў па класе ігры на балалайцы, гэтай восенню пачаў асвойваць гітару – у многім пад уплывам творчасці свайго куміра Віктара Цоя (згадзіцеся, не самы звычайны для сучасных падлеткаў выбар). Антон вельмі спакойны і сціплы, але пры гэтым яго адрознівае мэтанакіраванасць, упартасць і нехарактэрная для хлопчыкаў такога ўзросту цэльнасць натуры. Сярод навучэнцаў аддзялення армрэстлінга Ушацкай ДЮСШ, на якім ён займаецца, ёсць хлопцы, надзеленыя ад прыроды больш атлетычным целаскладам, аднак неверагодная стараннасць і пастаянныя трэніроўкі дазволілі юнаму спартсмену стаць адным з лепшых. “Антон больш за ўсіх падцягваецца на перакладзіне, ён вельмі перспектыўны, бо мае псіхалогію пераможцы”, – характарызуе свайго навучэнца трэнер І.Клімашэўскі. Гэтыя рысы ў характары сына выдзяляе і мама Наталля Касіч: “Калі нешта задумаў, зробіць усё, каб гэта ажыццявіць”. Яго марай было паступленне ў Сувораўскае вучылішча. Бацькі нават асабліва не стараліся адгаварыць сына, бо ведалі – гэта дарэмна. Але не ўсё ў жыцці залежыць ад нас: здзяйсненню планаў перашкодзіў вердыкт медыцынскай камісіі. Хлопец вельмі балюча перажываў гэту сітуацыю, аднак не страціў жадання прысвяціць сябе адной з сапраўдных “мужчынскіх” прафесій – напэўна таму, што бачыць сваё прызначэнне ў абароне іншых. Мне ж асабіста вельмі многае аб гэтым чалавеку сказаў выраз, змешчаны ў якасці “статуса” на яго старонцы ў сацыяльнай сетцы: “Не прашу ў Бога ні грошай, ні славы, а прашу толькі аднаго – каб вечна білася сэрца мамы і таты”. Вельмі любіць Антон і сваіх сястрычак Сашу і Насцю – магчыма, адным з фактараў фарміравання яго характару і светапогляду стала выхаванне ў шматдзетнай сям’і.

Увогуле, бацькам Антона, Златы, Машы можна па-добраму пазайздросціць – яны ўжо зараз могуць ганарыцца сваімі дзецьмі, а колькі яшчэ падстаў для гэтага дадуць яны, калі вырастуць! Ды і ўсім нам, ушачанам, вельмі прыемна, што наш край выхоўвае для дзяржавы такіх цудоўных новых грамадзян.

Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *