Сесть за руль никогда не поздно — утверждает Галина Свидинская

Наш современник

Многія сучасныя жанчыны мараць сесці за руль аўтамабіля, аднак рашаюцца на гэта далёка не ўсе, тым больш калі за плячыма ўжо не адзін дзясятак пражытых гадоў. А вось жыхарка Сарочына Галіна Васільеўна Свідзінская такі намер ажыццявіла, прычым прыйшла на заняткі да аўтаінструктара, калі ёй ужо было за пяцьдзясят.

— З усіх, хто на той момант праходзіў навучанне, была самай сталай, — з усмешкай прыгадвае жанчына. — Аднак на правы здала з першай спробы, бо вучылася не для «паперкі», а для грунтоўных ведаў.

Зрэшты, з тэхнікай Галіна Васільеўна на «ты» з маладых гадоў: яшчэ калі навучалася ў Лужаснянскім тэхнікуме паралельна са спецыяльнасцю агранома атрымала правы трактарыста — прымяняла навыкі і на практыцы, калі падчас вучобы даводзілася апрацоўваць палі ў падшэфнай гаспадарцы. Паслухмяна паводзіць сябе ў яе ўмелых руках і мотатэхніка: жанчына асвоіла скутар, а ў свой час ездзіла на «Мінску» і нават на «Урале» з люлькай. І вось чатыры гады таму сын Віктар падарыў любімай матулі ОPEL ZAFIRA, за рулём якога — як бачна на здымку — Галіна Васільеўна выглядае проста шыкоўна. Вадзіцелем яна з’яўляецца вельмі дысцыплінаваным і ўважлівым: ніколі не перавышае хуткасць, выконвае ўсе прадпісанні Правілаў дарожнага руху, ну а ў майстэрстве ваджэння дасць фору многім прадстаўнікам моцнага полу.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *